Loading

Многія беларусы, якія заспелі пачатак вайны ва Украіне, сутыкнуліся з самымі рознымі праблемамі. І зараз у іх існуе трывалае адчуванне, што сваім беларускім структурам, якія называюць сябе прадстаўнікамі беларускага народа, проста не да гэтых людзей. Адзін з такіх беларусаў, які раніцу 24 лютага сустрэў у горадзе Ірпень каля Кіева – таго самага, які ўваходзіць у вядомы ўжо на ўвесь свет Бучанскі раён, дзе потым зверствавалі расійскія захопнікі, распавёў нам сваю гісторыю і свае погляды на сітуацыю з абаронай цікавасцяў беларусаў іх прадстаўнікамі.

Я беларус. Калі пачалася вайна, я жыў у горадзе Ірпень, гэта прыгарад Кіева. Вайна пачалася для мяне гэтак жа нечакана, як, напэўна, не толькі для Украіны, але і для ўсяго цывілізаванага свету. Так атрымалася, што месца, дзе я жыў, гэта быў арандаваны дом у прыватным сектары ў цэнтры Ірпеня, і гэта было тое, што называюць «шэрай зонай», калі туды яшчэ не зайшлі расійскія войскі і ва Узброеных Сілаў Украіны таксама не было магчымасці трымаць там пазіцыі. Думаю, ні для каго не сакрэт, што расійскае войска не асабліва стрымлівала сябе нейкімі маральнымі прынцыпамі – гэта пастаянныя абстрэлы гэтай «шэрай зоны» – па прыватным сектары, па шматпавяховікам, гэта месцы, дзе з розных прычынаў не ўсе выехалі.

Праз нейкі час мы ўжо проста вывучылі тое, што завецца таймінгі, – то бок, калі можна паспрабаваць выйсці з гэтага раёна. Выходзіць мы збіраліся на світанку з самае раніцы. Але ўночы, пакуль чакалі світанак, у дом, дзе я жыў, трапляюць, як я ўжо цяпер разумею, дзве міны са 120-га мінамёту. Адна з іх у рог дома, іншая наўпрост у цэнтр даху. Дом загарэўся, вядома ж, я яго пакінуў вельмі хутка. У доме разам з маімі рэчамі згараюць абсалютна ўсе дакументы.

Я выйшаў, жывы і нават цэлы, але без дакументаў ад слова зусім. Калі выходзілі, людзей больш імкнуліся вывесці з небяспечнай зоны, а ўжо потым разбіраліся хто і што. Я там на першым жа блок-пасту сказаў, што я грамадзянін Беларусі. У той час расійская армія наступала з боку Беларусі, мяркую, не варта тлумачыць, якое стаўленне было да беларусаў. Мяне апыталі супрацоўнікі Службы бяспекі Украіны і, у прынцыпе, лаяльна цалкам паставіліся. Мяне пасадзілі на эвакуацыйны цягнік, бо ў мяне ёсць наўпроставыя сваякі на захадзе Украіны.

Эвакуацыйным цягніком я прыбыў у горад Львоў, і вось тут пачалося. Калі ў Ірпене было страшна – вайна, тут страшна іншае – калі ты малады, здаровы, але ты зусім ні чым не можаш сам сабе дапамагчы. Менавіта з-за адсутнасці дакументаў. Былі разарваныя дыпламатычныя стасункі з Беларуссю, няма амбасады, кансуляту. І да кагосьці звярнуцца ты не можаш. Звяртаешся ў паліцыю, пісаць заяву аб страце дакументаў. У гэтым выпадку я вяду гаворку менавіта пра пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. У паліцыі паставіліся з разуменнем. У сувязі з тым, што ідзе вайна, размова пра міграцыйную службу не ішла, мяне скіравалі ў Службу бяспекі Украіны. Але, нагадаю, што гэта быў першы месяц вайны, і, адпаведна, усім банальна было не да мяне. Таму мне проста сказалі, каб я ехаў да сваякоў. У выніку тут проста пачалося хаджэнне па пакутах. Нейкай працэдуры на выпадак вайны не існуе. Не пішуць у законах, што ў выпадку, калі на нас гэтая краіна нападзе, то мы будзем рабіць гэтак.

Былі дні, што я проста зранку да вечара абыходзіў усе службы. Але гэта цалкам бездапаможная сітуацыя, выйсце з якой не ведаюць нават прафесійныя юрысты. Потым я знайшоў такі Крызісны цэнтр у Львове, і там землякі-беларусы сапраўды дапамагалі і, дзякуючы ім, гэтая тэма хоць неяк пачала развівацца. Але няма самой схемы, што рабіць з такімі як я.

Пасля вядомых пратэстаў у Беларусі, ёсць так званы Пераходны кабінет. Ён ёсць, але чым ён займаецца, у мяне вельмі шмат пытанняў. Паводле самых розных звестак, на пачатак вайны ва Украіне жыло ад 92, а паводле некаторых крыніц і 150, і нават 180 тысяч беларусаў.

А ў маёй сітуацыі вы можаце проста забыцца на тое, што такое нармальная праца. Нават, калі ты адмысловец. Я, напрыклад, някепскі электрык у сучасных кампутарызаваных сістэмах. Але ў маёй сітуацыі, усё што мне свеціць – гэта «шабашкі» – пайсці, нешта зрабіць, каб зарабіць на лусту хлеба. Гэта праблема з перасоўваннем. На першым жа блок-пасту мяне спыняць і спытаюць «Хлопец, ты хто? Пакажы нам нейкую паперку». А мне ім паказаць няма чаго. Ведаеце, без паперы ты ніхто. А ў ваенны стан гэта актуальней у тры-чатыры-дзесяць разоў! Вы ператвараецеся ў чалавека-прывіда. Вас няма ні для каго: праца, медычная дапамога, здольнасць перасоўвацца – вы на ўсё гэта можаце забыцца.

Я збіраюся паехаць у прадстаўніцтва Пераходнага кабінета ў Кіеве. Але… Яшчэ раз кажу: няма самой схемы. Нават самыя знаныя юрысты кажуць, што дапамагчы табе зараз немагчыма. На гэта патрэбна палітычнае рашэнне, палітычная воля. Для ўсіх беларусаў, якія апынуліся ў цяжкой сітуацыі і не хочуць ехаць у Беларусь і трапляць пад ціск міліцыі, КГБ ды іншага, патрэбна палітычная падтрымка. Пераходны кабінет фактычна не вызнаны. Таму, як яны будуць гэта рабіць, мне незразумела. Але, надзея заўжды памірае апошняй.

Я спрабаваў выходзіць і праз беларускія ваенізаваныя структуры. Я звяртаўся ў полк Кастуся Каліноўскага. Але… Скажу так, што хлопцы прыгожа здымаюць Тык-Ток і, у прынцыпе, усё. Ёсць іншыя падраздзяленні беларускіх добраахвотнікаў. І я не хаваю, што з адным з гэтых падраздзяленняў я зараз актыўна стасуюся і сапраўды чакаю ад іх нейкай дапамогі.

Нядаўна я прачытаў навіну, што Пераходны кабінет Ціханоўскай перадаў палку Кастуся Каліноўскага нейкія там дроны. Слухайце, тысячы беларусаў маюць зараз вялізныя праблемы ва Украіне, сам Пераходны кабінет, мякка кажучы, не вельмі і вызнаюць, а яны займаюцца тым, што перадаюць нейкія дроны. Я не кажу, што ў беларусаў усе праблемы – гэта дакументы. Іх, гэтых праблемаў і пытанняў, – дзясяткі і сотні. І я мяркую, што трэба займацца гэтымі пытаннямі, прынамсі, спрабаваць. Узніміце, хаця б, пытанне ўголас. Але, не: шмат словаў, а дзейнічаць ніхто не хоча.

Comments are closed.