Loading

Аказваецца, беларусы жывуць нават у Мексіцы. Адзін з нашых землякоў, які ў мэтах бяспекі папрасіў не называць яго сапраўднага імя і прозвішча, распавёў нам пра тое, як ён трапіў у Мексіку, чым адрозніваецца жыццё там ад еўрапейскага і ці варта туды ехаць беларусам.

Фота героя матэрыяла.

Так склаўся лёс, што на пачатку 2020 года, яшчэ да пачатку ўсім нам вядомых палітычных падзеяў у нашай краіне, да пачатку кавіда, што таксама немалаважна, лёс закінуў мяне ў цудоўную цёплую краіну, якая завецца Estados Unidos Mexicanos, або па-нашаму – проста Мексіка. Патрапіў я сюды проста за кампанію, разам з блізкім мне чалавекам, які прыехаў сюды па працы. І так склаліся абставіны, што на пэўны час Мексіка аказалася маім другім домам. Бо гэта адзіная краіна, дзе я маю магчымасць легальна жыць.

У Мексіку проста так, маючы беларускі пашпарт, на жаль, нельга прыехаць, але можна сюды патрапіць, маючы любую візу, выдадзеную краінай Еўрасаюза, гэта можа быць нацыянальная віза, гэта можа быць гуманітарная віза, гэта можа быць шэнгенская віза, хоць польская, хоць літоўская, хоць гішпанская, хоць французская. І гэтага дастаткова, каб патрапіць у Мексіку. Але, калі ты маеш часовы від на жыхарства ў краіне Еўрасаюза, то з такім дакументам цябе ў Мексіку не пусцяць. З візай пусцяць, з часовым відам на жыхарства не пусцяць, а з пастаянным відам на жыхарства – пусцяць. Не запытвайце чаму – гэта Мексіка, тут свае забабоны і логіку шукаць тут не трэба.

Фота героя матэрыяла.

Ці сустракаўся ты на сваіх лацінаамерыканскіх сцяжынах з іншымі беларусамі, ці ёсць там нейкая дыяспара?

Мне пашанцавала, што я пазнаёміўся з некалькімі беларусамі, якія жывуць тут шмат гадоў. І адзін паважаны мной чалавек, беларускамоўны, што немалаважна, жыве тут больш за 20 гадоў. Ён ужо з’яўляецца грамадзянінам Мексікі, мае тут бізнэс. І пазнаёміўся я з ім праз іншых беларусаў, з якімі мяне таксама проста звёў лёс. Мы падтрымліваем цудоўныя стасункі, ездзім адзін да аднаго ў госці, дапамагаем адно аднаму. Але, каб сказаць, што ёсць нейкая такая афіцыйная ці не афіцыйная, нават проста зразумелая супольнасць – гэтага, на жаль, няма. Няма паняццяў дыяспары там нейкай. Таму беларусы тут ёсць, але кожны з іх – гэта ўнікальны чалавек і кожнага з іх трэба днём з агнём шукаць, але каб іх усіх недзе сабраць, каб яны ведалі адзін аднаго – такога, на жаль, няма.

Фота героя матэрыяла.

Наколькі беларусу камфортна жыць у Мексіцы?

Навялікі жаль, асноўнае, што адразу кідаецца ў вочы, і ўвогуле, патрэбны нейкі час, каб перастаць на гэта звяртаць увагу, гэта пэўныя інфраструктурныя моманты. Таму што тут вельмі ўсё дрэнна, напрыклад, з грамадскім транспартам. Грамадскі транспарт у нашым разуменні існуе ў вялікіх гарадах. У сталіцы – Мехіка-сіці, добры грамадскі транспарт, у Гвадалахары, Монтэрэі – вялікіх гарадах, сталіцах штатаў Мексікі.

Але ўсё роўна – гэта не параўнаць з тым, што мы называем грамадскім транспартам. Гэта будуць аўтобусы, якія будуць ехаць без нумароў, яны будуць «убітыя», там будуць напісаныя нейкія назвы нейкіх раёнаў горада, і ты, калі не мясцовы, калі не ведаеш раёны горада, ты тупа не ведаеш, куды ідзе аўтобусік. Калі там гэта напісана, гэта яшчэ не абазначае, што ён туды паедзе. Абавязкова трэба спыніць той аўтобус, запытаць у вадзілы альбо ў спецыяльнага памагатага, які там разам з вадзілам ездзіць, людзей запускае, выпускае, спыняе, кажа, каму выходзіць. Для гэтага трэба ведаць гішпанскую мову, натуральна. І тут упіраецца ўсё ў тваё веданне гішпанскай мовы і жаданне камунікаваць па прычыне і без прычыны з усімі, хто вакол цябе. Бо, каб недзе стаяла нейкая шыльда, недзе быў расклад пазначаны… Ды проста нават абазначаны прыпынак грамадскага транспарту – гэтым тут не пахне.

Фота героя матэрыяла.

Таксама варта сказаць, што тут глабальная амерыканская культура такая (я маю на ўвазе кантынент, частку свету Амерыку), што ўсё заточана пад чалавека з машынай, з транспартам. Калі ў цябе няма транспарту, то ты недачалавек па мясцовых мерках. Таму што тут часта няма тратуараў. Каб дабрацца з адной часткі горада ў іншую, табе трэба ехаць транспартам. Таму што вялікія адлегласці і паміж гэтымі часткамі горада будзе існаваць адна дарога – шаша, якую ты нават перайсці не можаш. Калі ў цябе ёсць машына, ты можаш праехаць там нейкую развязку, з’ехаць у іншы бок і ўсё будзе нармальна. Калі ў цябе няма машыны – гэта становіцца вялікай-вялікай праблемай. Гэта, канешне, не зручна.

Фота героя матэрыяла.

Але гэта кампенсуецца расслабленасцю мясцовых. Яны звычайна рады дапамагчы, калі ты нешта ў іх папросіш, запытаеш. Але… Варта разумець, што мясцовыя не ўмеюць казаць «не». То бок, ты можаш запытаць у чалавека як кудысьці прайсці, праехаць, і ён з чыстым сумленнем ад усёй дабрыні душы раскажа табе, што вось туды. І не факт, што насамрэч трэба ехаць туды. Ён проста не можа сказаць «не, я не ведаю як туды ехаць», ён абавязкова табе раскажа куды, але лепш запытаць у некалькіх людзей, каб высветліць, куды насамрэч табе ехаць. Таму што ў іх культуры няма такога паняцця, сказаць «выбачайце, я не ведаю, я не мясцовы».

Няма тут класічных прывычных нам прадуктаў. Ну гэта стандартная з’ява, па-мойму, амаль у любой краіне, каторая не з’яўляецца Беларуссю. Але круглы год ёсць свежая гародніна, садавіна. Бо гэта ўсё тут вырошчваецца і звычайна каштуе вельмі нядорага. Натуральна, можна пайсці і набыць нешта ў вялікі супермаркет, гіпермаркет, як і ў нас, заплаціць карткай. Але акрамя гэтага ў мексіканцаў ёсць харошая традыцыя праводзіць, ну ў нашым паразуменні гэта называецца кірмаш. Проста раз на тыдзень, у розных гарадах, у розных населеных пунктах гэта розныя кропкі і розныя дні тыдня, яны проста перагароджваюць вуліцу і ставяць там намёты і прадаюць там свежую садавіну, гародніну, усякія розныя іншыя смачныя нішцякі, і тахасы, і чурасы, і шмоткі, каторыя наваленыя гарой, як у сэкандзе, за капейкі. І там можна нядорага раз на тыдзень затарыцца ўсім свежанькім, што называецца, з агароду.

Фота героя матэрыяла.

Наколькі адрозніваецца жыццё ў сталіцы ад жыцця ў правінцыі?

Вельмі істотна адрозніваецца сталіца Мехіка-сіці ад большасці іншых населеных пунктаў. Бо агламерацыя Мехіка-сіці мае насельніцтва каля 25 мільёнаў. Гэта прыкладна пятая частка ўсяго насельніцтва Мексікі. Каб вы разумелі, наступны па вялічыні горад мае ў раёне 3-5 мільёнаў жыхароў. У Мехіка – культурнае жыццё, добрая інфраструктура, развіты грамадскі транспарт. Таму там жыць нашмат больш камфортна. Але ён і дарагі, натуральна, у плане арэнды жытла. Плюс да ўсяго трэба не забываць, што горад знаходзіцца на вышыні, калі не памыляюся, 2200-2300 метраў. То бок, там вечарком свяжо, зараз зімой дакладна трэба апранаць што-небудзь цёплае.

Але, жывучы ў іншых гарадах, напрыклад, у Гвадалахары, пасля таго, як я наведваў іншыя вялікія гарады, можна сказаць, што Мехіка нашмат камфортней для жыцця, чым усе астатнія гарады. Зноўку – праз інфраструктуру і яе адсутнасць у іншых гарадах.

Фота героя матэрыяла.

Зараз, жывучы недалёка ад берага Ціхага акіяну, у невялічкім населеным пункце, які з’яўляецца адначасова і курортам, але па факце гэта паводле нашых мерак такі райцэнтр. Але гэта райцэнтр досыць развіты на фоне іншай Мексікі. Чаму? Таму што тут ёсць турызм, таму што тут вельмі шмат людзей прыязджае – і мексіканцаў, і замежнікаў. У першую чаргу гэта турысты з Канады і ЗША. Яны тут працэнтаў 80, а можа і 90, складаюць. І тут за кошт таго, што яны сюды прыязджаюць, ім ствараюцца ўмовы. Супрацоўнікі ў сферы абслугоўвання ведаюць ангельскую мову, што ў самой Мексіцы вялікая рэдкасць. Але, адпаведна, пад іх тут ствараюцца і адпаведныя прайсы, кошты. Мясцовыя тут трошкі разбэшчаныя гэтымі турыстамі і яны лічаць, што, калі ты сюды прыехаў і ты не выглядаеш, як мексіканец, то ты па-любому «грінго», у цябе там мора грошай і ты гатовы іх тут траціць. Адпаведна, жывучы ў такіх месцах, лепш за ўсё ведаць тыя лакацыі, дзе адпачываюць, харчуюцца, куды ходзяць мясцовыя.

І самая галоўная перавага жыцця вось тут вось, на беразе «Пацыфікі» – Ціхага акіяну, гэта, канечне ж, заход сонца, які адбываецца ў гэты самы Ціхі акіян, абсалютна бясплатна, унікальны і прыгожы. Таму гэта каштуе вельмі шмат чаго, каб проста пазаліпаць вечарком на пляжы, як сонца садзіцца.

Фота героя матэрыяла.

Цалкам размову з мексіканскім беларусам слухайце ў плэеры ніжэй:

 

Comments are closed.