Loading

У інфармацыйным агенцтве Укрінформ адбылася прэс-канферэнцыя з прэзентацыяй дабрачыннага фонду «Вольная Беларусь». Падрабязнасці імпрэзы – у нашым рэпартажы.

Радыё Ўнэт ужо распавядала пра тое, што ва ўкраінскім Львове спыніў сваю дзейнасць Беларускі крызавы цэнтр, але быў створаны дабрачынны фонд Вольная Беларусь, які паставіў сваёй мэтай не толькі дапамогу беларусам, якія вымушаныя былі ўцякаць з радзімы і цяпер жывуць ва Украіне, але і дапамогу Украіне ў перамозе ёю агрэсара, што 24 лютага напаў на яе ў тым ліку і з тэрыторыі Беларусі – агрэсіўнай і імперскай Расіі. І вось зараз арганізацыя прадставіла свае намеры ўкраінскаму грамадству. Прэс-канферэнцыя з прэзентацыяй фонда мела назву Вольная Беларусь – нейтральны сусед ці саюзнік. Удзельнікі паспрабавалі адказаць на гэтае пытанне.

Фота: ukrinform.ua

Менавіта з перамогай Украіны над Расіяй звязвае магчымасці вызвалення і Беларусі кіраўнік фонда Вольная Беларусь Аляксей Францкевіч. Фонд ужо правёў у Польшчы першае мерапрыемства, каб прыцягнуць да сваёй дзейнасці найбольшую колькасць вольных беларусаў.

«Час слоў скончыўся і патрэбна нешта рабіць. Для гэтага мы вырашылі сабраць вольных беларусаў з усяго свету і недзе месяц таму мы правялі ў польскім горадзе Жэшаў першую канферэнцыю вольных беларусаў. Адным з прысутных быў Зянон Пазьняк. На гэтай канферэнцыі была прынята рэзалюцыя. Мы будзем рабіць усё магчымае, каб перамагчы нашага агульнага ворага – Расійскую імперыю. Мы будзем абмяркоўваць пытанне прызнання Беларусі часова акупаванай тэрыторыяй, пытанне дэакупацыі Беларусі і пытанне партызанскага вызвольнага руху ў Беларусі. Тэмай першай канферэнцыі была вайна ва Украіне і дэакупацыя Беларусі».

Дырэктарка іншага беларускага фонду – «Беларускі майдан» Алена Васільева лічыць, што новыя беларускія ініцыятывы, якія не афеляваныя з якімі б то ні было расійскімі структурамі, патрабуюць падтрымкі.

«Так называемые беларусские демократичные медиа находятся в зоне влияния российских интересов. Это российские либералы. Это российское информационное поле. И после деоккупации, которая, безусловно, произойдет, потому что исторические процессы остановить невозможно, очень важно не оставить Беларусь в сфере этих интересов. И мы можем получить видимость демократических перемен в Беларуси, если не будем помогать реальным пронациональным и проевропейским силам. Они требуют поддержки».

Украінскі журналіст Раман Цымбалюк выказаў меркаванне, што цяпер існуе два сцэнары развіцця стасункаў з беларусамі і Беларуссю, прычым, ён лічыць, што варта імкнуцца, каб ажыццявіўся больш аптымістычны.

«Беларусь была, ёсць і будзе. І наша задача, каб гэта была вольная і незалежная дзяржава. На сённяшні дзень праграма мінімум – каб мы не сталі ворагамі з беларускім народам. То бок, каб беларусы не ўзялі ўдзелу ў вайне супраць нас. А праграма максімум – каб Беларусь ішла шляхам еўрапейскай, еўраатлантычнай інтэграцыі. Рана ці позна паўстане пытанне пра Беларусь пасля Лукашэнкі, і тут ёсць два варыянты: або гэтая тэрыторыя будзе дэ-факта і дэ-юрэ ўключаная ў склад Расійскай Федэрацыі, або гэта будзе еўрапейская, еўраатлантычная інтэграцыя. Вось, мне здаецца, што нам трэба працаваць з беларускім грамадствам. Таму што ў частцы вайны з намі, яны займаюць такую пазіцыю, што «мы, у прынцыпе, не супраць, галоўнае, нас не чапайце». Мы мусім патлумачыць беларусам, што за любы пуск ракет з тэрыторыі Беларусі будзе адказ ад украінскай арміі: «бахнулі» па нас з тэрыторыі Беларусі, туды мусіць прыляцець нешта такое, каб расіяне там змоўклі. А беларусы мусяць проста вызначыцца і адыйсці ад расійцаў. Па-мойму, усё даволі проста – толькі гэтыя два сцэнары. Давайце будзем зыходзіць з аптымістычнага».

Фота: ukrinform.ua

Вельмі шмат слушных рэчаў падчас прэзентацыі сказаў дырэктар украінскага Інстытуту сусветнай палітыкі Яўген Магда. Ён, прычым ужо далёка не першы раз, акцэнтаваў сваю ўвагу на недастатковай узаемнай інфармаванасці пра краіны і народ-суседзі беларусаў і ўкраінцаў.

Яшчэ больш непаразумення ва ўзаемадачыненні паміж беларусамі і ўкраінцамі, на думку Яўгена Магды, унесла вайна, якая знішчыла розныя адценні гэтых дачыненняў, пакінуўшы толькі два колеры.

«Вайна робіць успрыйманне чорна-белым. Не бел-чырвона-белым, і не сіне-жоўтым, а менавіта чорна-белым. Таму, калі з тэрыторыі Беларусі ляцяць ва Украіну снарады і ракеты і заходзяць войскі, то з Украіны ляцяць знявага і пагарда. І насамрэч адносіны паміж нашымі грамадствамі на сённяшні момант складаныя. Нягледзячы на тое, што паміж дзяржавамі захоўваюцца дыпламатычныя дачыненні. Калі мяне пытаюць, чаму захоўваюцца дыпламатычныя дачыненні, я прыводжу просты прыклад: праз тэрыторыю Беларусі, напрыклад, адбываецца абмен палоннымі. Але, разам з тым, двое беларускіх дабраахвотнікаў, якія патрапілі ўлетку ў палон, не патрапілі ў спісы на абмен, як замежнікі. То бок, 10 замежнікаў вярнулі ў верасні, а гэтых двух хлопцаў, на жаль, не. І мы за іх таксама мусім змагацца, таму што гэта людзі, якія са зброяй у руках баранілі Украіну».

І ў выбудоўванні ўзаемадычыненняў з беларусамі, як лічыць Яўген Магда, Украіна мае зрабіць першы крок.

«Я лічу, што Украіна мусіць рабіць першы крок. Нас насамрэч чакае дарога ў тысячу крокаў, бо працягласць нашай мяжы 1084 кіламетры. І паабапал гэтай мяжы ўкраінцы пра беларусаў, а беларусы пра ўкраінцаў ведаюць вельмі мала. Я б больш хацеў чуць ад калег не словы пра тое, што мы прыйдзем і паставім вам беларускага вайскоўца на чале Беларусі, а бачыць большую паслядоўнасць. Бо ў 2020 годзе ўжо былі вокладкі часопісаў «Саша 3%», «крывавы Лукашэнка» і было палітычнае вызнанне Лукашэнкі дыктатарам і нелегітымным прэзідэнтам. А потым у 21-м годзе Беларусь выпадкова зарабіла 3 мільярды даляраў на гандлі з Украінай. Як кажуць «просто повезло». Я лічу, што Украіна, як дзяржава з больш моцнай, на сённяшні момант, унутранай пазіцыяй, мае дакладна сказаць, што зносіны з Лукашэнкам для нас табу, мы не будзем з ім размаўляць ні пры якіх умовах».

Увогуле, вялікую значнасць, на думку дырэктара Інстытуту сусветнай палітыкі, маюць узаемныя стасункі ды інфармацыйная праца ў тым ліку з боку Украіны датычна беларусаў, якая дагэтуль практычна не вялася.

«Скажу, што зараз ідзе пэўная падрыхтоўчая праца, каб праводзіць дыскусіі паміж беларускімі і ўкраінскімі экспертамі. Бо без вызначэння ўзаемных прэтэнзіяў адно да аднаго мы проста не зможам рухацца далей. Відавочна, што патрэбная больш актыўная інфармацыйная палітыка. Чаму, напрыклад, няма беларускай службы ўкраінскага радыё? Нам патрэбныя разнастайныя каналы камунікацыі. І мы мусім не сядзець на беразе Дняпра, чакаючы сустрэчы Уладзіміра Зяленскага і Святланы Ціханоўскай ці нейкіх іншых лідараў. Мы мусім стасавацца з нашымі суседзямі. Будуючы суседскія адносіны, мы руйнуем расійскі стэрэатып пра трыадзіны славянскі народ. Бо ў гэтым стэрэатыпе расійцы заўжды будуць старэйшымі братамі, а беларусы і ўкраінцы малодшымі. І мы мусім не сядзець у стэрэатыпе рускага міру, а фармаваць наратыў балта-чарнаморскі ці наратыў Цэнтральнай Еўропы пра тое, што быць імперыяй кепска, а не быць імперыяй зусім не страшна».

Дарэчы, думку Яўгена Магды пра беларускую службу ўкраінскага радыё, падтрымаў журналіст Раман Цымбалюк. Але, як кажуць, ёсць адзін нюанс. Спадар Раман, паглядаючы ў першую чаргу на Алену Васільеву задаў пытанне, якое падалося рытарычным – а якою моваю трэба стасавацца з беларусамі?

«У частцы стварэння беларускага маўлення ўкраінскага радыё – вельмі крута. Таму што мы, прынамсі, не чым не горшыя за нашых польскіх сяброў. Адзінае, мне вось цікава было б пачуць у экспертаў – якой мовай трэба размаўляць з Беларуссю? Расійскай ці, усё ж-такі, беларускай? Бо, калі мы гаворым пра гэты стэрэатып братэрства славянскіх народаў, то хочацца звярнуць увагу: як толькі беларусы і ўкраінцы размаўляюць сваімі мовамі – аніякіх праблемаў у паразуменні няма, а расійцы не разумеюць беларускую мову і не разумеюць украінскую мову. Гэта такі, мне здаецца, важны момант».

Усе ўдзельнікі прэс-канферэнцыі выказвалі адно меркаванне, што Беларусь, калі вызваліцца і ад расійскага панавання і ад прарасійскай аўтарытарнай і дыктатарскай улады павінна стаць не проста суседам Украіны, але і яе найбліжэйшым саюзнікам і сябрам.

Comments are closed.