Loading

Гісторыі беларускіх студэнтаў у сваёй «Кнізе ў выгнанні» сабрала беларуская студэнтка, сакратарка знешніх сувязяў Задзіночання беларускіх студэнтаў Лізавета Даўгулевіч, якая зараз навучаецца ў Чэхіі. Але прэзентацыі кніжкі з дыскусіямі пройдуць адразу ў некалькіх краінах, па якіх раскіданыя зараз беларускія студэнты. Мы паразмаўлялі з Лізаветай Даўгулевіч пра кніжку і беларускае студэнтцва.

Прэзентацыя «Кнігі ў выгнанні» ад Задзіночання беларускіх студэнтаў будзе ў Польшчы – менавіта ў Познані, у Вільні і ў Нарвегіі. Таксама мы ўжо правялі прэзентацыю ў Празе, але ў закрытым фармаце, на European students union, дзе былі прадстаўленыя дэлегаты з розных краін Еўропы. Мы правялі прэзентацыю такім чынам, што распавялі тую сітуацыю, якая адбываецца ў Беларусі зараз і якая была ў 20-м годзе, каб студэнты з розных краінаў Еўропы былі ў кантэксце таго, што адбываецца.

Саму кніжку мы рыхтавалі недзе паўгода. Яна распавядае пра 11 студэнтаў з Беларусі, якія былі змушаныя з’ехаць са сваёй краіны. У кожнага ёсць свая асабістая старонка, дзе ён ці яна распавядае як гэта было, за чым сумуе і чаго не хапае ў краіне, дзе ён ці яна зараз знаходзіцца. І гэта вельмі розныя стылі. Калі мы прэзентавалі ў Празе гэтую кнігу, да нас потым падыходзілі розныя асацыяцыі студэнтаў з іншых краінаў і распавядалі, што яны ледзь не плакалі праз гэтыя гісторыі. І мы вельмі спадзяемся, што пасля такіх эмоцыяў, як у студэнцтва, так і, можа, у Міністэрстваў адукацыі розных краінаў выкліча пэўны імпэт да таго, каб нас неяк пачулі ў Еўропе.

Насамрэч, гэтая кніга – гэта мой студэнцкі праект. Я зараз навучаюся ў Чэхіі на творчым – архітэктурным факультэце і ў нас ёсць такі прадмет, дзе мы можам рабіць, што заўгодна. У нас ёсць пэўная свабода слова, свабода таго, што мы хочам зрабіць. І, калі ў мяне ёсць такая магчымасць, я вырашыла паказаць як чэшскаму студэнцтву, так і астатнім, што адбываецца ў Беларусі.

Героі гэтай кнігі – публічныя людзі і іх гісторыі ўжо былі некалі агучаныя. Таму не было хваляванняў за тое, што могуць быць нейкія праблемы ў іхніх блізкіх у Беларусі. Я сама з гэтымі людзьмі кантактую, сябрую, таму ў галаве ўзнікалі нейкія вобразы і сімвалы, згодна з якімі я рабіла адпаведныя стылі для кожнага ці кожнай.

Стаўленне да беларускіх студэнтаў у іншых краінах, асабліва ў святле вайны, у якой афіцыйная Беларусь выступае як краіна-суагрэсар, вельмі залежыць ад краіны. Розныя ўлады па рознаму ставяцца да беларусаў. Напрыклад, Чэхія ці Эстонія не хочуць больш прымаць беларусаў, бо пераймаюцца за сваю бяспеку. Але ў Польшчы ці Літве мы не бачылі нейкай дыскрымінацыі. Гаворачы ж пра грамадствы, то кожны разумее сітуацыю, чаму беларусы ўцякаюць менавіта ў Еўрапейскі Саюз. Менавіта мне шмат дапамагаюць чэшскія студэнты з тым, як адаптоўвацца і з нейкімі побытавымі пытаннямі. Хацелася б падзякаваць тым студэнтам, з якімі мы разам вучымся, бо ў такія цяжкія часы кожнаму беларусу патрэбна салідарнасць.

Задзіночанне беларускіх студэнтаў вельмі шмат працуе над тым, каб не было ўвогуле ніякай дыскрымінацыі ў акадэміі Еўрапейскага Саюзу, што тычыцца беларускіх студэнтаў. Але ў нас ёсць пэўныя запыты. Таму што адчуваецца нейкая дыскрымінацыя. Няма візавай падтрымкі беларусам менавіта ў Чэхіі. Няма ўжо ніякіх праграмаў са стыпендыяльнай падтрымкай для беларускіх студэнтаў. Рэпрэсіі працягваюцца, працягваецца адток студэнтаў з Беларусі. І мы патрабуем стыпендыяльную падтрымку, месцы, дзе б вучыліся палітзняволеныя, якія ўжо праз 15 дзён выйдуць (тыя, хто рэпрэсаваны ў «справе студэнтаў»). І такая стыпендыяльная праграма ў нейкай краіне Еўрасаюза была б, канешне, вельмі прыемнай падзеяй.

Задзіночанне беларускіх студэнтаў запрашае ўсіх ахвочых далучыцца да прэзентацыі і дыскусіі пра беларускае студэнцтва. 

Прэзентацыі адбудуцца ў наступны час у наступных месцах: 

Літва: 19.11 (субота), 16:00 (EET) Vilnius, Savičiaus g. 17 (ЕГУ), 303 аўдыторыя

Польшча: 19.11 (субота), 19:00 (CET) Poznań, al. Niepodległości 30

Месца і час правядзення прэзентацыі ў Нарвегіі ўдакладняюцца. 

Comments are closed.