Loading

Юрысты дэмакратычных сіл абмеркавалі ўдзел беларускіх суддзяў у злачынствах супраць чалавечнасці, а таксама паспрабавалі выпрацаваць практычныя крокі па прыцягненні іх да адказнасці ў рамках механізмаў універсальнай юрысдыкцыі. Пасля таго, як пратэстная дзейнасць у Беларусі была задушана, на першае месца ў пераследзе актывістаў выйшлі суддзі.  З улікам прававога дэфолту беларусам не прыходзіцца спадзявацца на справядлівае расследаванне і сумленны суд. Таму адным з асноўных напрамкаў дзейнасці дэмакратычных сіл быў і застаецца прававы ціск на рэжым Лукашэнкі. У гэтага ціску дзве мэты: прыцягнуць да адказнасці вінаватых і аднавіць справядлівасць для пацярпелых – расказаў радыё Ўнэт юрыст НАУ Арцём Праскаловіч.

— У першую чаргу любы беларускі суд можа даць прававую ацэнку дзейнасці суддзі. Любы прысуд за экстрэмісцкія, тэрарыстычныя злачынствы абсалютна не адпавядае Канстытуцыі, якой бы яна ні заставалася на сённяшні дзень. І любы суддзя мае магчымасць кіравацца не Крымінальным кодэксам, а менавіта Канстытуцыяй. Калі ён выключае такую магчымасць, ён здзяйсняе злачынства, і даць прававую ацэнку такім дзеянням маглі б правахоўныя органы ўнутры краіны ці іншыя суддзі. Наіўна спадзявацца, што такі шлях магчымы ў Беларусі, таму мы разлічваем на механізмы ўніверсальнай юрысдыкцыі ў першую чаргу. У некаторых краінах па гэтых справах дасягнуты пэўны прагрэс. Але ў многіх краінах гэтыя справы застапарыліся з-за таго, што немагчыма вызначыць падазраваную асобу, таму што АМАПавец, ГУБАЗІКавіц быў у масцы, ён хаваў сваю асобу. А вось прозвішчы суддзяў стаяць пад кожным прысудам, на падставе якіх людзі трапляюць у турмы, дзе да іх прымяняюць катаванні, гвалт і іншыя злачынствы супраць чалавечнасці. Адпаведна мы ведаем, хто тут можа стаць абвінавачваемым, і будзем разам з партнёрамі прасоўваць гэты тэзіс і патрабаваць, каб суддзі прыцягваліся да адказнасці. Будзем дапамагаць людзям пісаць адпаведныя заявы. Зараз выходзіць усё больш палітзняволеных, якія адбылі свае тэрміны, і яны могуць стаць такімі асобамі, якія могуць падаваць адпаведныя заявы. У прынцыпе такія суддзі стануць фігурантамі трыбуналу, пра які зараз шмат ідзе размоў. Гаворыцца пра ваенны трыбунал не толькі ў дачыненні да Лукашэнкі, але і за злачынствы супраць чалавечнасці. Упершыню ў гісторыі незалежнай, але такой пакутнай Беларусі. Сусветная супольнасць ацаніла ўнёсак Лукашэнкі ў катаванні беларускага народа, кажа, што такі трыбунал павінен быць створаны. Але трэба разумець, што фігурантамі ў гэтым трыбунале будуць усе: і Лукашэнка, і сілавікі, і суддзі, і пракуроры, і следчыя – усе, хто меў дачыненне да масавых рэпрэсій у Беларусі.

— Але трыбунал і ўніверсальная юрысдыкцыя – гэта справы доўгага часу. А што можна зрабіць прама зараза, каб прыцягнуць іх да адказнасці? Ці ўключэнне суддзяў у санкцыйныя спісы можа быць эфектыўнай практыкай?

— Мы лічым гэта эфектыўнай практыкай. Па нашых даных у санкцыйных спісах знаходзіцца 28 беларускіх суддзяў, могуць быць яшчэ закрытыя спісы. Але Валянцін Сукала, кіраўнік Вярхоўнага суда Лукашэнкі, на сустрэчы з ім жаліўся, што суддзі знаходзяцца пад небывалым ціскам, ім цяжка выстаяць. Што 150 суддзяў знаходзяцца ў спісах. Мы не ведаем, чаму ён такую лічбу выкарыстоўвае, ці ён хоча паказаць, што ўсе замазаны, ці можа ў яго ёсць нейкія альтэрнатыўныя даныя. Лукашэнка, раздаючы ўзнагароды суддзям, кажа, што яны выстаялі, вытрымалі, што ён будзе іх падтрымліваць далей. Гэта можа казаць, што сістэме прыходзіцца рабіць захады на падтрыманне судовай сістэмы. Калі аналізаваць указы Лукашэнкі па прызначэнні суддзяў і па зняцці іх з пасады, можна зрабіць выснову, што вялікая «цякучка». Што тыя, хто быў датычны да тых жа палітычных справаў, сыходзяць са службы, бо разумеюць, які ціск ёсць, якія перспектывы перад імі паўстаюць. Таму інфармацыйны і санкцыйны ціск робіць на сёння сваю справу. Калі ж яшчэ пачнуць далучацца беларусы, якія пачнуць пачынаць справы па ўніверсальнай юрысдыкцыі, то ўзровень гэтага ціску яшчэ больш павялічыцца. Бо санкцыі – гэта толькі немагчымасць уехаць, а аб’яўленне ў міжнародны вышук па лініі Інтэрпола – гэта немагчымасць паехаць у любую краіну, і пастаянная занепакоенасць унутры Беларусі, таму што невядома, у які момант рэжыму спатрэбіцца зарабіць балы ў вачах заходніх партнёраў і ён вырашаць такога суддзю выдаць, у якасці жэсту добрай волі, як гатоўнасць да гандлю ў справе зняцця санкцый. І такія суддзі могуць быць выдадзены Інтэрполу.

— А тыя суддзі, якія выносілі палітычныя прысуды, а зараз звольніліся з сістэмы? Яны могуць спаць спакойна ці ўсе ж такі панясуць адказнасць за свае прысуды?

— Я б не хацеў на дадзены момант адзназначна казаць да ці не, таму што Крымінальны кодэкс разглядае магчымасць абцяжарваючых і змякчальных абставін. Кожны дзень кожнай службовай асобы павінен быць ацэнены на тэму адпаведнасці закону адмысловымі дзяржаўнымі органамі, следчымі, пракурорскімі, і трэба высвеіліць, наколькі цяжкія злачынствы былі здзейснены, і ў якіх абставінах чалавек знаходзіўся ў гэты момант, магчыма за дзвярыма ў закладніках трымалі яго дзяцей з пісталетам ля галавы, і што ён зрабіў, каб гэтыя наступствы мінімізаваць, напрыклад, ці зменшыў тэрмін адбыцця пакарання, ці палепшыў умовы ўтрымання. Таму ўсё павінна быць індывідуальна. Калі чалавек рана ці позна прымае гэтае рашэнне сысці з сістэмы, то ён можа казаць, што ўрон, які ён нанёс сваімі дзеяннямі, ён зменшыў да мінімуму.

— А ці ёсць у Вас доказы ці сведчанні таго, што беларускія суддзі ездзяць у Еўрапейскі саюз?

— Толькі са сродкаў масавай інфармацыі мы бачым, што нібыта суддзя, які вынес прысуд Святлане Ціханоўскай і Паўлу Латушку, знаходзіўся ў Літве. Як толькі мы атрымалі гэтую інфармацыю, мы аператыўна падлючылі нашых калег, адпаведныя службы ў Літве і ў Польшчы, каб з гэтым чалавекам так бы мовіць «перагаварыць», на якой падставе ён знаходзіцца, ці можа ён тут знаходзіцца. На дадзены момант гэтыя дзеянні не далі выніку, але як мінімум мы такім чынам дадатковую ўвагу адпаведных органаў звярнулі на сітуацыю, што такое можа паўтарыцца, што трэба ўважліва за гэтым сачыць. Суддзі могуць заязджаць на тэрыторыю ЕС па змененых дакументах, у іх могуць быць дакументы на іншую асобу. То бок, калі людзі бачаць, калі людзі кагосцьці пазнаюць, яны не павінны расчароўвацца і проста канстатаваць факт, што бачылі такога чалавека. Лепш звяртацца ў праваахоўныя органы той краіны, дзе такая асоба была заўважана і звяртацца да прадстаўнікоў дэмакратычных сіл.

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.