Loading

У чацвер стала вядома, што былы кандыдат у прэзідэнты Віктар Бабарыка шпіталізаваны. Ён знаходзіцца ў Наваполацкай цэнтральнай бальніцы. Пра гэта паведаміў штаб Віктара Бабарыкі. Там расказалі, што інфармацыі пра палітыка не атрымлівалі ўжо некалькі месяцаў. Гэтую інфармацыю радыё Ўнэт пацвердзіла і валанцёрка штаба, заснавальніца сайта politzek.me, Іна Кавалёнак.

— З інфармацыяй заўсёды былі праблемы ў прынцыпе з самага пачатку, асабліва для такіх знакамітых фігураў. Але з цягам часу гэта становіцца яшчэ складаней. І вось апошнія тыдні да гэтых падзеяў, гэта было больш падобна на блакаду, калі інфармацыі не было ўвогуле ніякай. То бок няма ўвогуле ніякага доступу да адвакатаў, да належных званкоў.

— А з доступам да медыцынскай дапамогі такая ж сітуацыя ў палітзняволеных, ці яны атрымліваюць дапамогу ў поўным аб’ёме?

— Гэта, канешне, дастаткова індывідуалізаваны падыход. Зноў, афіцыйна, у калоніях і нават СІЗА, то бок пакуль людзі яшчэ не атрымалі вырак, усюды ёсць санчастка. Можна атрымаць нейкую базавую медыцынскую дапамогу. Часам атрымліваюць нават нейкую больш скамплікаваную дапамогу, магчымасць выклікаць лекара і так далей. Але, зноў-такі, гэта дастаткова выбарачна рэалізуема… Магчымасцяў, каб стварыць нейкія фармальныя перашкоды, дастаткова шмат, і, у прынцыпе, час ад часу адміністрацыі імі, на жаль, карыстаюцца.

— Ці вядома, які быў увогуле стан здароўя спадара Віктара?

— Як я казала, апошнія два месяцы з ім цалкам не было сувязі наўпроставай. Ані праз адвакатаў, ані праз лісты. То бок нейкія ўскосныя чуткі, больш-менш правераная інфармацыя, таму было разуменне, што ў цэлым ён здаровы. Адзінае – ён моцна схуднеў, гэта шмат хто адзначаў. Але нейкіх крытычных скаргаў на здароўе не было. Зноў-такі, важна разумець, што гэта чалавек ужо ў пэўным узросце, што не ўсё можа хутка і лёгка праяўляцца, некаторыя рэчы могуць адбывацца спантанна. Дакладнай інфармацыі тут, на жаль, няма і гэта і ёсць нашая вялікая праблема.

Поўную версію размовы са спадарыняй Інай Кавалёнак слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.