Loading

У Міжнародны дзень роднай мовы кафедра беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта правядзе «Беларускую дыктоўку». Праект ладзіцца сумесна з Беларускім моладзевым хабам і Беларускім домам у Варшаве. Да падзеі можна далучыцца анлайн і стацыянарна, аднак колькасць месцаў абмежаваная – універсітэцкая прастора прыме 21 лютага толькі 60 удзельнікаў. Тэкст дыктоўкі прачытае прадстаўніца Пераходнага кабінета па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык. На падзею запрашае яе ініцыятарка, кандыдат філалагічных навук Вольга Трацяк.

«Я лічу, што гэта дасканалая нагода, каб яшчэ раз гучна сказаць пра праблему беларускай мовы ў свеце, каб зазначыць месца беларускай мовы на гэтым кантыненце і ў нашай сённяшняй сітуацыі. Для мяне гэта вельмі важная падзея. У 2007 годзе ЮНЭСКА заанансавала яскравую праблему: беларуская цяпер афіцыйна далічана да моў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Вялікая праблема ў тым, што беларусы не размаўляюць на сваёй роднай мове. З іншага боку, тыя людзі, якія апынуліся па розных прычынах у эміграцыі, змянілі сваё стаўленне. Яны бачаць, што мова – гэта вельмі важны складнік для нацыянальнай тоеснасці кожнага чалавека, і думаю, што мы асвятляем тыя вострыя пытанні, якія ўзнікаюць вакол беларускай мовы».

Падчас праверкі дыктовак, распавядае Вольга Трацяк, прафесар Люблінскага ўніверсітэта Ядвіга Казлоўская-Дода прачытае лекцыю на тэму моўных канцпэтаў: як яны ўплываюць на ўспрыняцце нашага навакольнага свету і ўвогуле ўспрыняцце нас саміх у гэтым сусвеце. Паразважае даследчыца і над тым, чаму моўныя канцэпты і беларуская мова – асноўны чыннік нашых дзеянняў для адраджэння незалежнай Беларусі.

«Мы хацелі б спалучыць усіх беларусаў свету. Ідэя конкурсу была такая, каб кафедра беларусістыкі стала пляцоўкай, якая яднае і арганізацыі, і медыя, і дыяспары. Мы захацелі зрабіць дыктоўку ў гібрыдным фармаце, да нашай падзеі можна будзе далучыцца з розных куткоў свету. І калі адбудзецца праверка і ўручэнне ўзнагарод нашых лаўрэатаў, стацыянарных удзельнікаў, каля 19:00 на старонцы кафедры беларусістыкі ў фэйсбук будзе апублікаваны арыгінальны тэкст дыктоўкі, каб людзі маглі самі сябе праверыць. Мы ведаем, што дыяспара з Прагі і з Лондану і з некаторых куткоў ЗША і Канады пацвердзілі свой удзел менавіта ў форме анлайн».

Каб прыняць удзел у конкурсе, трэба запоўніць заяўку па спасылцы (колькасць месцаў абмежаваная). Заяўкі прымаюцца да 16 лютага. Пераможцаў чакаюць узнагароды

21.02.2023, 17:30

Варшава, вул. Добра 55, зала 1.110

«Сардэчна запрашаем усіх неабыякавых асоб да беларускай мовы да ўдзелу ў нашым арфаграфічным конкурсе!»

Падрабязней пра дыктоўку слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.