Каардынацыйная Рада пасля дэбатаў і галасавання сваіх чальцоў абрала сабе спікера. На гэтую пасаду прэтэндавалі чацвёра кандыдатаў і кандыдатак: ад фракцыі «Грамадзянскае дзеянне» – лідарка супольнасці «Честные люди» Алена Жываглод, ад фракцыі «Шчаслівая нацыя»– сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Вольга Кавалькова, былы адміністратар тэлеграм-каналаў НЕХТА Ян Рудзік ад Моладзевай фракцыі і палітолаг Андрэй Ягораў ад фракцыі «Грамадзянская салідарнасць». У выніку галасавання, якое адбывалася з нядзелі, спікерам Каардынацыйнай Рады стаў палітолаг Андрэй Ягораў. Ён распавёў нам пра асноўныя прыярытэты сваёй працы на гэтай пасадзе.
— Каардынацыйная Рада ўжо ўключае ў сябе ці не найбольшую колькасць прадстаўнікоў дэмакратычных сіл, палітычных арганізацый, арганізацый грамадзянскай супольнасці. І ў гэтым сэнсе з’яўляецца такім найбольш прадстаўнічым органам на сённяшні час. Але недастаткова прадстаўнічым. Таму трэба пашыраць гэтую прадстаўнічасць праз перамовы з рознымі суб’ектамі дэмакратычных сілаў Беларусі.
Нядаўна на пляцоўцы Каардынацыйнай Рады адбываліся слуханні адносна прыняцця да складу Паспалітага рушэння – беларускіх харугваў. Я думаю, гэта тое, што трэба будзе зрабіць. Ну і, адпаведна, нам трэба будзе ўступаць у такую дыпламатычную працу з гэтымі структурамі. Таксама арганізоўваць адкрытыя публічныя дэбаты па розных пытаннях, дзе як раз ёсць розныя меркаванні: адносна «акупацыя – не-акупацыя Беларусі», статусу перамоваў і як іх можна пачынаць, пры якіх умовах з гэтым рэжымам, пытанні міжнароднай ізаляцыі Беларусі, пытанні беларускай незалежнасці і што рабіць з непасрэдным удзелам Беларусі ў вайне на сённяшні час і як выбірацца з гэтай сітуацыі. Усё гэта мае быць абмеркаванае на пляцоўцы Каардынацыйнай Рады ў дастаткова такім адкрытым дыялогу. І я думаю, гэта і будзе ўплываць на тое, каб пашыраць прадстаўнічасць і ўключэнне розных актараў у працу Каардынацыйнай Рады.
Увесь спектр радыкальных арганізацый, частка з якіх прадстаўленая ў Каардынацыйная Радзе – мы бачым там ByPol, мы бачым «Супраціў», але, канешне, галоўным на сённяшні час – гэта палітычнае прадстаўніцтва Палка імя Кастуся Каліноўскага і, магчыма, іншых беларускіх фармаванняў, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Украіны, – з імі мы мусім весці дыялог, улічваць іх меркаванне, па магчымасці мець іхняе прадстаўніцтва ўнутры Каардынацыйнай Рады. Магчыма, Каардынацыйная Рада мусіць надаваць ім пэўныя функцыі пры ўзгадненні з імі. Калі яны дзейнічаюць ва Украіне, то можа яны могуць быць адным з апірышчаў працы з Украінай для Каардынацыйная Рады і дэмакратычных сіл Беларусі.
— Якою вы бачыце ролю Каардынацыйнай Рады ў цяперашнім беларускім палітычным полі і ў яе дачыненні з Офісам Святланы Ціханоўскай, з Аб’яднаным пераходным кабінетам?
— З майго пункту гледжання, як гэта абмяркоўвалі ўнутры Каардынацыйнай Рады падчас прыняцця рэгламенту, гэта такая дзейнасць Каардынацыйнай Рады, як такога прадстаўнічага органа дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці ва ўзаемадзеянні з Аб’яднаным пераходным кабінетам. І першыя крокі, якія трэба зрабіць, гэта ўсталяваць празрысты алгарытм адносінаў з Аб’яднаным пераходным кабінетам.
Таму што і з таго і з іншага боку гучалі пэўныя палітычныя заявы, але пратакол адносінаў – у якім парадку будзе ажыццяўляцца справаздачнасць кабінета, як будзе даваць сваю згоду Каардынацыйная Рада на прызначэнне Кабінета, зацвярджаць яго склад, пры якіх умовах можа выносіцца вотум недаверу да Кабінету, як будзе будавацца праца па стратэгічных задачах супольнай кампетэнцыі, як міжнародная праца, дзе нам трэба дасягнуць пэўнага ўзгаднення. Усё гэта патрабуе заключэння нешта накшталт такога мемарандуму ўзаемадзеяння, дзе гэтыя рэчы будуць прапісаныя і, урэшце, будуць ажыццяўляцца. Таму што ёсць гатоўнасць пэўная з боку Кабінета і Каардынацыйнай Рады да такой супрацы, але яна мусіць быць усталяваная ў такі працоўным рэжыме.
Тое самае і з Офісам Святланы Ціханоўскай, але трошкі ў іншым рэжыме, таму што тут Каардынацыйная Рада мусіць таксама ўзгадняць свае дзеянні з тым, што робіць Офіс Ціханоўскай, мець ясныя адносіны з Офісам па стратэгічных пытаннях. Таму гэта тое, што ўключаецца ў такую агульную канструкцыю дэмакратычных сіл, дзе роля КР зноў-такі – прадстаўніцтва, аб’яднанне розных сілаў, публічныя адкрытыя дэбаты па важных пытаннях.
Цалкам размову з Андрэем Ягоравым слухайце ў плэеры ніжэй:
Comments are closed.