Loading

Андрэй Ткачоў — стваральнік Фонда медыцынскай салідарнасці Беларусі. Грамадзянскі актывізм Андрэя пачаўся з яго ўдзела ў Плошчы-2010. а ў 2020 годзе ён быў сузаснавальнікам ініцыятывы BYCOVID-19, якая дапамагала беларускім медыкам у першую хвалю пандэміі.

Многія кажуць, што менавіта з BYCOVID-19 у 2020 пачалася беларуская салідарнасць і грамадства пачало абуджацца. Ініцыятыва была створана як апалітычная, але тое, што дзяржава не спраўляецца з пандэміяй, было відавочным і вельмі паспрыяла салідарызацыі і самаарганізацыі грамадскай супольнасці. 

«Гэта была сапраўды ўнікальная сітуацыя, калі ўдалося абсалютна стыхійна аб’яднаць валанцёраў, бізнесоўцаў, журналістаў, спартоўцаў, айцішнікаў, наогул усіх прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці ў адну арганізацыю, якая хутка і зладжана арганізавалася, нібыта ўзнікла з паветра».

Медычная супольнасць — гэта вельмі добры зрэз беларускага грамадства, лічыць Ткачоў: сярод медыкаў ёсць палітычныя і апалітычныя людзі з рознымі поглядамі і якасцямі. Медыкі цалкам залежаць ад дзяржаўнага бюджэта, пры гэтым незалежнага прафсаюза ў іх няма, але ёсць звычка ў грамадстве — ставіцца да медычнай супольнасці як да абслуговага персаналу. Таму медыкі звычайна вырашаюць свае праблемы самастойна, і трэба разумець, што іх першая задача — захоўваць магчымасць неяк працаваць у тых умовах, у якіх яны знаходзяцца.

Прафесійная медычная супольнасць даволі шчыльная, шмат хто знаёмы паміж сабой. Андрэй Ткачоў кажа пра Фонд медыцынскай салідарнасці:

«У медыкаў не паўстае ніякіх пытанняў, хто каму дапамагае, і ў гэтым нашая вялікая перавага, што мы можам верыфікаваць любога медыка праз два поціскі рукі. Медычная супольнасць можа быць трохі рыгіднай, нерухавай, але яна даволі невялікая».

25 жніўня 2020 года Ткачоў выляцеў у Кіеў. Тады ён разлічваў вярнуцца праз пару тыдняў, але такой магчымасці у актывіста няма дагэтуль. Да пачатку вайны Украіна была хіба што першай краінай, куды ехалі прадстаўнікі медычнай супольнасці з Беларусі, праз адсутнасць моўнага бар’ера многія з іх хутка ўладкоўваліся на працу. Фонд медыцынскай салідарнасці супрацоўнічаў з украінскім мінздравам. З пачаткам вайны фонд перамясціў сваю працу ў Польшчу, але Украіне працягвае дапамагаць.

Поўную размову з кіраўніком Фонда беларускай медыцынскай салідарнасці Андрэям Ткачовым слухайце ў падкасце «Неверагодныя»: 

Comments are closed.