Loading

24 лютага пасля пачатку вялікай вайны фонд BYSOL распачаў працу канала «BYSOL: выезд, эвакуацыя». На дадзены момант гэты кансультацыйны канал налічвае каля 35 тысяч падпісчыкаў. Кіраўнік фонда Андрэй Стрыжак распавёў у эфіры «Світанку свабоды» пра змены ў працы з пачаткам частковай мабілізацыі.

Ад самага пачатку вялікай вайны BYSOL кансультаваў беларусаў, якія хацелі выехаць з краіны, каб не трапіць пад мабілізацыю — тады такая пагроза існавала, украінцаў, якія знаходзяцца ў зоне баявых дзеянняў і спрабуюць пакінуць краіну, і таксама расіян, якія выязджалі з краіны праз небяспеку быць мабілізаванымі.

Прынцыповая розніца, якая адбылася 21 верасня — моцны скачок заявак ад расейцаў і беларусаў. Калі казаць пра апошнія пяць дзён з пачатку частковай мабілізацыі ў Расіі, то валанцёры BYSOL атрымалі 1200 заявак, пры тым, што звычайна норма на тыдзень — каля 140.

Кансультацыі надаюцца ўсім, хто звяртаецца, тым больш, што ў цяперашніх умовах верыфікаваць асобу складана і займае час. Кансультацыйная дапамога не вымагае ніякіх фінансавых выдаткаў, гэту працу робяць валанцёры. А патрэбы вызначаць, хто з якой мэтай едзе са сваёй краіны, няма: гэта справы кампетэнтных службаў дзяржаў, якія яны пакідаюць і ў якіх будуць знаходзіцца.

Дарэчы, кампетэнтныя службы ніводнай з гэтых краін з кіраўніцтвам BYSOL на сувязь не выходзілі. Андрэй Стрыжак мяркуе, гэта таму, што аб’ёмы людзей, якія звяртаюцца па дапамогу, значна меншыя за агульную колькасць з’язджаючых. І па-другое, BYSOL працуе цалкам у прававым полі і кансультуе людзей пра легальныя шляхі ад’езду з краін.

Фота: facebook.com/andrej.strizhak

Андрэй Стрыжак мяркуе, што з дня на дзень Расія закрые выезд з краіны для мужчын прызыўнага ўзросту, і паток зваротаў сыдзе амаль на нуль. Але ж трэба сачыць за тым, як разгортваюцца падзеі і змяняюцца ўмовы. Напрыклад, 26 верасня міністр унутраных спраў Літвы Агнія Білатайтэ вынесла на паседжанне дзяржрады па абароне прапанову аб скасаванні двухбаковых міжнародных дамоваў і міжведамасных пагадненняў з Беларуссю, заключаных у сферах кіравання МУС.

На пачатку вайны ў BYSOL прыходзілі тысячы заявак ад грамадзян Украіны. Сітуацыя тады была незразумелай, і мільёны людзей рухаліся ў бок еўрапейскіх краін.

«Прыблізна месяц гэтая плынь зваротаў трывала, і нашая каманда першыя пяць тыдняў вайны працавала па 10-12 гадзін без выходных па розных кірунках».

Апроч кансультацый гэта былі і зборы коштаў на патрэбы ўкраінскіх гуманітарных структураў. Наколькі вядома, пакуль у Расіі не існуе спецыялізаваных структураў накшталт BYSOL, якія б займаліся дапамогай ад’язджаючым і аб’ядноўвалі вакол сябе вялікую колькасць ахвярадаўцаў і тых, хто звяртаецца па дапамогу.

Стварыць такой фонд спрабаваў Міця Алешкоўскі, але ён па асабістых прычынах пакінуў гэтую справу. Трэба адзначыць, што з 2020 года ахвяраванні з боку расійцаў ў BYSOL ідуць на сталай аснове. Шмат з іх падтрымлівалі нашу рэвалюцыю, нямала зараз данацяць на падтрымку УСУ.

Займацца асобна расійскім накірункам у BYSOL няма ні планаў, ні магчымасцяў. У мандаце фонду па-ранейшаму падтрымка беларусаў унутры краіны і тых, хто вымушана з’ехаў. Таксама будзе працягвацца дапамога Украіне, бо такое рашэнне падтрымлівае і каманда BYSOL, і беларускае грамадства.

Калі ў беларусаў засталася абмежаваная колькасць магчымасцяў з’ехаць з краіны праз закрыццё межаў, шмат хто ратаваўся праз Расію. Ці будзе такая магчымасць у рускіх, залежыць ад таго, дзе і якія межы будуць зачыненыя і якія краіны будуць гатовыя іх прыняць.

У Расіі вялікая мяжа з Казахстанам і Манголіяй. Але пры нелегальным перасячэнні казахскай мяжы наступае крымінальная адказнасць. Шмат краін Еўропы ўжо забаранілі ўезд грамадзянам РФ. Некаторыя, як Нямеччына, выказалі рашучасць прымаць тых, хто патрапіў пад пераслед.

Але цяжкасць у тым, што позва ў ваенкамат не з’яўляецца пераследам. А калі пэўны ціск з боку дзяржавы, які лічыцца пераследам, пачаўся, то ў пераважнай колькасці выпадкаў з’ехаць амаль немагчыма.

Андрэй Стрыжак падкрэслівае, што не з’яўляецца прыхільнікам агульнай адказнасці. Кожны чалавек нясе асабістую адказнасць за свае дзеянні.

Да павелічэння запытаў на дапамогу з Беларусі ў BYSOL цалкам гатовы, бо асноўныя механізмы напрацаваны яшчэ ў 2020 годзе. Але вайна ўнесла свае моцныя карэктывы і значна абмежавала магчымасці.

Зараз вельмі важна, як краіны Еўразвязу будуць далей рэагаваць на дзеянні Лукашэнкі і пераносіць свае рэакцыі на ўсіх беларусаў. Па іроніі лёсу, асаблівай розніцы з рускімі ў нас зараз няма. Існуе вялікі шанец, што нас аўтаматычна будуць агулам прыпісваць да агрэсараў і абмяжоўваць магчымасць выездаў. І тут шмат залежыць ад таго, як спрацуе беларуская грамадскасць — дыяспары, офіс Святланы Ціханоўскай і такія структуры як BYSOL.

«Калектыўная адказнасць — дрэнная практыка», — упэўнены Андрэй Стрыжак.

Кансультацыйную дапамогу BYSOL будзе надаваць усім беларусам, не высвятляючы іх поглядаў і палітычных перавагаў. Што датычыцца візавай падтрымкі і пераезду, то тут фонд павінен дзейнічаць у межах еўрапейскага заканадаўства, калі гаворка ідзе пра ад’езд у краіну ЕЗ і легалізацыю там.

Тут, як і раней, кожны будзе праходзіць верыфікацыю падстаў на атрыманне гуманітарнай візы праз факты пераследу.

Comments are closed.