Loading

Помста Расіі за падрыў Крымскага моста аказалася не менш тэрарыстычнай і цынічнай, чым усе папярэднія яе дзеянні ў дачыненні да Украіны. У эфіры «Світанку свабоды» палітолаг, эксперт па пытаннях бяспекі, кіраўнік аналітычнага цэнтра Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў пракаментаваў абстрэлы ўкраінскіх гарадоў і гатоўнасць Лукашэнкі да прамога ўдзелу ў вайне.

Гэта тэрор менавіта супраць цывільнага насельніцтва

Безумоўна, абстрэлы Украіны 10 кастрычніка — гэта спроба пакараць менавіта цывільнае насельніцтва за дыверсію на Крымскім мосце. Бо яна ўспрымаецца як асабістая абраза Уладзіміра Пуціна. І псіхалагічна і з іміджавага пункту гледжання:  каб не выглядаць слабаком у вачах уласнага электарату, чакана было б зрабіць жорсткі адказ.

Гэта тэрор менавіта супраць цывільнага насельніцтва, таму што, калі б мэтай было прычыненне ўрону вайсковай інфраструктуры, то бамбілі б па транспартных камунікацыях: мастах, чыгуначных і аўтамабільных развязках. А тут білі па энергасістэме.

Другі момант — гэта ўскосны ўдар па Еўрасаюзу, якому Украіна прадавала электраэнергію. Пасля таго, як значная частка прамысловасці Украіны спынілася, узнік лішак энергіі, які прадаваўся ў Еўропу.

«Таму перад пачаткам ацяпляльнага сезону гэта такая чорная метка Еўрапейскаму саюзу».

Акрамя таго, што гэта помста за Крымскі мост і жаданне выглядаць моцным у вачах расійскай аўдыторыі, гэта таксама спроба прымусіць украінцаў сесці за стол перамоў на расійскіх умовах.

Наколькі вялікі запас ракет Расіі?

Гэта цяжкае пытанне. Каб на яго адказаць, трэба ведаць колькасць зброі на пачатак вайны і колькі яе ўжо выкарыстана. Яшчэ важна ведаць здольнасць расійскага ваенна-прамысловага комплексу гэты запас папаўняць. Апошнія месяцы расіяне вельмі ашчадна выкарыстоўваюць ракеты класа «паветра-зямля» альбо «зямля-зямля». Дзе гэта магчыма, яны замянялі іх старымі зенітнымі ракетамі С-300 яшчэ савецкай вытворчасці.  У гэтых ракет завяршаюцца  тэрміны захоўвання. Тое, што мы назіралі 10 кастрычніка, можна назваць масавым выкарыстаннем. Калі сыходзіць з таго, што перад вайной Расія была ў стане вырабляць недзе па 200 ракет класа «Калібр» альбо для «Іскандэраў», то тут мы бачым, што расіяне выпусцілі недзе квартальны памер вытворчасці мірнага часу.

«Асноўнай праблемай у Расіі зараз з’яўляецца адсутнасць доступу да кампанентаў сістэм навядзення ракет».

Без заходніх кампанентаў, альбо тых, што зроблены па заходніх патэнтах, вытворчасць высокадакладных ракет немагчыма. Яны будуць лётаць і разбураць, але яны не будуць высокадакладнымі.

Ці ўступіць Беларусь у паўнавартасную вайну? 

Апошнія некалькі тыдняў мы назіраем, як з беларускай тэрыторыі вывозіцца ўзбраенне ў Расію. Дарэчы, мы дакладна не ведаем, ці беларускія гэта боепрыпасы, бо вялікую колькасць зброі расіяне завозілі ў Беларусь падчас мінулых вайсковых манеўраў  «Захад-2021» і «Саюзная рашучасць». Цалкам магчыма, што вывозіцца расійская зброя, якая заставалася пасля іх.

Але ў дадзеным выпадку значэнне мае тое, што зброя вывозіцца, а не наадварот. Калі б планавалася нарошчванне расійскай ваеннай групоўкі ў Беларусі, то ўзбраенне пакінулі б для яе. Але гэтага не адбываецца, і таму ёсць падставы меркаваць, што рашэнне аб перакідванні расійскіх войскаў у Беларусь было прынята літаральна ў апошнія некалькі дзён. І яно, хутчэй за ўсё, таксама звязана з Крымскім мостам.

Такім чынам Лукашэнка спрабуе маральна падтрымаць Пуціна і палепшыць стасункі з ім. Бо дзіўная гісторыя з візітам Лукашэнкі ў Абхазію падштурхоўвае да высновы, што візіт быў не зусім добраахвотным. І вось у гэтую цяжкую і непрыемную хвіліну Лукашэнка прадэманстраваў сваю саюзніцкую лаяльнасць. Гэта таксама можна разглядаць, як варыянт прымусіць Захад да перамоваў.

Інфармацыя аб кулуарных размовах Уладзіміра Макея падчас Генасамблеі ААН сведчыць аб зацікаўленасці Мінска ў пэўнай адлізе ў адносінах з Захадам. Але адлігі на ўласных умовах: спачатку вы здымаеце санкцыі, а пасля будзем размаўляць пра ўсё астатняе.

«Відавочна, што такая прапанова не зацікавіла заходнікаў. Тады ў ход ідзе правераны тавар, якім Мінск шмат гадоў паспяхова карыстаецца, гэта гандаль бяспекай– верагоднасць таго, што вайна геаграфічна пашырыцца і ўзнікне новая кропка эскалацыі».

Што за 500 тысяч рэзерва ад беларускага Міністэрства абароны? 

Мы дакладна не ведаем, што стаіць за гэтай лічбай. Многія ўспрымаюць яе, як 500 тысяч чалавек, якія здольны служыць у войску. Насамрэч, сітуацыя можа выглядаць па-іншаму. Гэта можа быць агульная колькасць асабовага складу ваеннай арганізацыі краіны на час вайны. І ў яе ўваходзіць не толькі войска, але і памежнікі, міліцыя, МНС, спецслужбы і г.д. І ў такім выпадку на армію прыйдзецца толькі 300 тысяч, напрыклад.

Адносна магчымасці для Беларусі ўтрымліваць такую процьму людзей — яна ёсць. Але вядзенне баявых дзеянняў вельмі і вельмі дарагое, асабліва, калі вайна высокай інтэнсіўнасці. Мы не можам зараз ацаніць стан і ёмістасць беларускіх арсеналаў, што там ёсць, якой якасці і прыдатнасці гэтая зброя, чаго там не хапае. Але вядзенне вайны такой групоўкай можа каштаваць прыкладна 2,5 мільярда даляраў на месяц.

«І тут праблема беларускай арміі не столькі ў арганізацыйным ці тэхнічным забеспячэнні, наколькі ў здольнасці беларускай эканомікі фінансаваць вайну ў рэжыме рэальнага часу. Без знешняй падтрымкі Беларусь не здольная фінансава вытрымаць вайну больш за два месяцы».

 Як можна патлумачыць запуск іранскіх беспілотнікаў з тэрыторыі Беларусі?

Пакуль мы дакладна не ведаем рэальныя тэхнічныя характарыстыкі іранскіх дронаў, прынамсі, іх рэальную далёкасць палёту. Фармальна іранскі бок заяўляе, што гэта 2,5 тысячы кіламетраў, але я сустракаў меркаванні, што яны здольны праляцець не больш за 200 кіламетраў. Калі сыходзіць з гэтага, то іх запускі з Беларусі выкліканы неабходнасцю дацягнуцца да цэляў у цэнтры і на захадзе Украіны, на якія пашкадавалі ракет, якіх і так мала.

Гэтыя дроны — танныя замяняльнікі ракет. Яны не зусім тэхналагічныя і дакладныя, але ў іх ёсць перавага — яны вельмі танныя. Адзін дрон каштуе некалькі дзясяткаў тысяч даляраў, а каб яго збіць, прыходзіцца выкарыстоўваць ракеты коштам ад 200 тысяч да 2 мільёнаў.  І не выкарыстаць ракету не магчыма, бо невядома, куды беспілотнік  ляціць і якую шкоду ён здольны нанесці, бо ўрон насамрэч можа быць у разы большым.  Ва ў краінскага боку запас ракет таксама не бясконцы.

Фота: Радыё Рацыя.

Comments are closed.