Loading

З 30 верасня па 2 кастрычніка ў літоўскім Коўне праходзіць 10-ы Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі. Запланавана работа трынаццаці сесій, удзел у якіх прымае больш за 300 экспертаў як з Беларусі, так і з краін замежжа. Асноўны ўхіл сёлета зроблены на сітуацыю ў рэгіёне: вайна ва Украіне, беларуска-украінскія стасункі на фоне гэтага канфлікту, адносіны грамадства да падзей. Да дыскусій запрошана вялікая група даследчыкаў з Украіны. Па словах арганізатара Кангрэсу, дырэктара інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» Андрэя Казакевіча, адна з місій Кангрэса сёлета паспрабаваць захаваць супрацоўніцтва паміж беларускай і ўкраінскай акадэмічнай супольнасць.

Андрэй Казакевіч. Фота: Радыё Ўнэт.

Андрэй Казакевіч:

  • Тыя падзеі, якія адбываюцца ў рэгіёне і ў нашай краіне, сталі важнай тэмай для дыскусій. Калі казаць пра сацыяльна-палітычны блок, то вялікая колькасць даследчыкаў будзе выступаць менавіта на гэтую тэму. Гэта палітычныя і эканамічныя наступствы гэтага крызісу для Беларусі, і ўвогуле, якія змены ў беларускім грамадстве ў выніку адбываюцца і якія можна чакаць.
  • Сёлета ў Кангрэсе прымае ўдзел больш за 300 даследчыкаў, як офлайн, так і онлайн. Гэта эксперты як з Беларусі, так і з-за мяжы. Безумоўна пандэмія і палітычны крызіс паўплывалі на фармат Кангрэсу, але цікавасць да яго не зніжаецца.

 

Фота: Радыё Ўнэт.
  • Беларуская экспертная супольнасць знаходзіцца зараз, напэўна, у самым глыбокім крызісе за ўвесь перыяд Незалежнасці. Прынамсі, нічога такога мы не ведалі за апошнія 30 год. Ёсць праблемы, звязаныя з палітычнымі падзеямі ўнутры краіны: рэпрэсіі, масавыя звальненні, беларускія дзяржаўныя інстытуцыі сталі больш закрытымі, больш палітызаванымі, больш уключанымі ў прапаганду, што не спрыяе нармальнай камунікацыі. Вялікая колькасць беларускіх экспертаў была вымушана выехаць за межы краіны і зараз спрабуе адаптавацца і нейкім чынам інтэгравацца ў акадэмічнае жыццё суседніх краін, і не для ўсіх гэта праходзіць гладка. Для нас стаіць задача зноў інтэграваць беларускую экспертную супольнасць.
  • Важнай задачай для нас было ў межах Кангрэсу не перарваць супрацу і камунікацыю паміж беларускімі і ўкраінскімі даследчыкамі. Мы хацелі прыцягнуць украінцаў да абмеркавання тэмы ўварвання Расіі ва Украіну. Каб тая пазіцыя, якую беларускія ўлады занялі ў гэтым канфлікце, не прывялі да разрыву супрацоўніцтва паміж двума народамі і даследчымі супольнасцямі, хоць пагроза гэтага была. Асабліва на пачатку канфлікта ўкраінцы вельмі падазрона ставіліся да беларусаў, лічачы іх віноўнымі ў агрэсіі.

Comments are closed.