Loading

Беларускі ПЭН сумесна з Міжнародным саюзам беларускіх пісьменнікаў 17 лістапада ўвечары назваў лепшыя літаратурныя творы гэтага года, уганараваныя прэміяй Гедройця. Трэцюю прэмію атрымала кніга Валера Гапеева «Жэнька, каралева мышак», выдадзеная «Кнігазборам», другое месца дасталося кнізе Вольгі Гапеевай «Самота, што жыла ў пакоі насупраць» (выдавецтва «Галіяфы»), і першую прэмію атрымаў Сяргей Абламейка за кнігу ў жанры нон-фікшн з назваю «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня. Кніга першая», выдадзеная ў «Бібліятэцы Свабоды». Пра тое, якія тэксты былі адабраныя журы ў шторт-ліст прэміі і пра тое, як увогуле падзеі апошніх гадоў уплываюць на літаратурны працэс мы паразмаўлялі з паэтам, перакладчыкам, літаратуразнаўцам і чальцом сёлетняга журы прэміі Гедройця Андрэем Хадановічам.

Калі параўноўваць, а гэта 11-ы раз уручаецца прэмія, сёлета самы разнастайны і па жанрах, і па акалічнасцях паўставання кніг, шорт-ліст. Фармат прэміі Гедройця спалучае фікшн і нон-фікшн – сюжэтныя кнігі і кнігі дакументальныя. Сёлета вельмі характэрна суіснавалі дарослыя кнігі і дзіцячыя. Мы часам на дзіцячую літаратуру глядзім трошкі паблажліва, хоць гэта не меншага майстэрства, а часам геніяльнасці і душэйнай працы ад аўтараў патрабуе. Здаецца, упершыню за 11 год прэміі Гедройця ў прызёрах ёсць дзіцячая літаратура ў класічным выглядзе, і я шчыра віншую Валера Гапеева, які з гэтай кніжкай атрымаў узнагароду.

Больш таго, сярод шорт-лістараў ёсць кніжкі, блізкія да дзіцячай літаратуры, цалкам збудаваныя ў такім жанры, як жахалкі, напрыклад – дзіцячы, падлеткавы хорар, у якім выступіў Максім Клімковіч са сваёй кнігай. Альбо таксама блізкая жанрава кніга «Мая школа» Ганны Севярынец, напісаная на багатым матэрыяле нашай знакамітай настаўніцы і грамадскай дзяячкі.

Зусім іншыя, дарослыя кнігі, складана арганізаваныя, не лінейныя – гэта значыць не з адным сюжэтам з кропкі А ў кропку В. Кніга Някляева, дзе дзве эпохі як бы чаргуюцца – эпоха, дзе памірае Янка Купала, і эпоха, дзе жыве малады паэт Віктар Магер, чымсьці вельмі аўтабіяграфічным падобны да самога аўтара. Альбо складаны суб’ектыўны свет Вольгі Гапеевай. Гэта ўсе мастацкія кніжкі.

А з іншага боку – адзіная нон-фікшн, якая ўрэшце рэшт перамагла і здабыла галоўную ўзнагароду – дакументальная кніга пра Менск, фактычна першы том вялікага двухтомніка Сяргея Абламейкі, які з вялікай колькасцю дакументаў, з багатымі фактаграфічнымі ілюстрацыямі дакументуе знішчэнне значнай  часткі старога гораду. Спадар Сяргей не проста даследуе дух гораду, а для яго, дарэчы, горад – гэта таксама школа. Галоўны тэзіс, які прынёс аўтару любоў і прыхільнасць журы – думка пра тое, што не знішчаны, захаваны стары горад не даў бы зрабіць з Менскам і Беларуссю ўсяго таго, што з намі адбылося ў апошнія дзесяцігоддзі. Думка, што паветра горада робіць вольным, а гістарычны горад выхоўвае адпаведную павагу да чалавечай асобы, еўрапейскіх каштоўнасцяў – гэта вельмі важная думка. І шмат у чым нашы фантомныя болі соцень тысяч з’ехаўшых менчукоў дадаюць важкасці гэтай кнізе сёлета. Не ведаю, як бы разважалі журы ў мірныя часы і ў больш камфортных умовах.

Але ўся шасцёрка вельмі моцная і нікому не сорамна было б даць перамогу.

Вы сказалі такую фразу пра мірныя часы. А ў сваім выступе на цырымоніі вы казалі, што такіх антыкультурных умоў у Беларусі мы не мелі з часоў сталінскіх рэпрэсій. Існуе меркаванне, што найбольш годныя літаратурныя творы нараджаюцца ў складаныя палітычныя часы. Ці адчуваеце вы ўжо цяпер нейкую рэфлексію літаратурнага працэса, аўтараў у творах на тое, што адбываецца ў нашай краіне два апошнія гады.

Мне не хацелася б нашкодзіць аналізам кніг аўтарам, якія фізічна знаходзяцца ў Беларусі, таму я хутчэй буду прыводзіць прыклады з тых удзельнікаў шорт-ліста, якія зараз на адлегласці ад Беларусі. Зразумела, што Купалаўская гісторыя «Гей бэн гіном» чытаецца скрозь прызму рэпрэсій і нават вайны 20-22, хоць кніга была скончаная раней. Прычым, і праз люстэрка сталінізму і свету, які знішчыў нашага народнага паэта Янку Купалу, і праз свет перыяду застоя – позняга Брэжнева, у якім другі план рамана адбываецца. І тое і другое па-свойму падсвечвае тое, што адбываецца з намі.

Зразумела, што дакументальная гісторыя знішчэння Менску ў Абламейкі ў кнізе-пераможцы таксама чытаецца як метафара знішчэння культуры і знішчэння грамадства, якое адбываецца ў нас. У гэтым сэнсе як мінімум дзве кнігі з’яўляюцца ключамі да нашай сітуацыі. І, калі мы будзем чытаць суб’ектыўны свет, вельмі тонкі, вельмі рафінаваны, Вольгі Гапеевай, мы таксама пабачым гісторыю чалавека, закінутага ў складаныя ўмовы, чалавека сам-на-сам са сваёю самотаю. Я думаю, такой кнігі таксама не паўстала б без гісторыі працяглага інтэлектуальнага жыцця па-за межамі Беларусі.

Таму, культура адлюстроўвае, але ў кожным выпадку па-свойму. На тое яна і культура. Культура – гэта заўсёды разнастайнасць.

Цалкам размову з Андрэем Хадановічам слухайце ў плэеры ніжэй:

Comments are closed.