Loading

Дзяржатамнагляд Беларусі выдаў дазвол на пачатак энергетычнага пуску на другім блоку БелАЭС. Пасля гэтага энергаблок падключаць да сеткі, і ён выдасць першую электраэнергію ў адзіную энергасістэму краіны. Літаральна тыдзень таму Міністэрства замежных спраў Літвы накіравала ноту пратэсту ў Мінск з патрабаваннем неадкладна спыніць Беларускую атамную электрастанцыю да вырашэння ўсіх пытанняў ядзернай бяспекі, выяўленых міжнароднымі місіямі. Паводле звестак літоўскай разведкі, Беларусь і «Расатам» у мінулым годзе спрабавалі схавалі інцыдэнты і дэфекты ў рэактарных сістэмах на першым і другім энергаблоках.

Апошнім навінам з БелАЭС былі прысвечаны лекцыі ў Вільні расійскага фізіка-атамшчыка Андрэя Ажароўскага. Радыё Ўнэт таксама пагаварыла з навукоўцам пра атамную станцыю ў Астраўцы. Але нашу размову мы пачалі з размяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі.

— Гэта пытанне не да мяне, а хутчэй гэта да ваенных экспертаў. Наколькі я ведаю, тое, што называецца ядзернай зброяй – высокамабільная рэч, яна можа быць размешчана, дзе заўгодна. Я расцэньваю вось гэты жэст расійскіх уладаў проста як дэманстрацыйны: яны проста дэманструюць, што Беларусь не з’яўляецца ў поўнай ступені незалежнай дзяржавай. Але гэта нікога не напалохае, таму што свет гатовы да таго, што ядзерная зброя ў Расіі, магчыма, ёсць у Калінінградскай вобласці і тое, што яны яе перамесцяць на тэрыторыю Беларусі, гэта для таго, каб прынізіць Беларусь, каб паказаць, хто сапраўдны гаспадар. Спадзяюся, што ядзерная зброя ніколі не будзе прыменена. І я веру, што чалавек, вось ад якога ў Расіі гэта залежыць, яму выразна і зразумела патлумачылі, што праз колькі хвілін пасля прымянення ядзернай зброі, кожны з яго бункераў будзе пасля ўдару звычайнай зброяй гарантавана засыпаны мелкай крошкай пароды.

— А што будзе з’яўляцца дакладным сігналам, што ядзерная зброя ўжо дастаўлена ў Беларусь: з’яўляенне нейкіх спецыялістаў, будаўніцтва спецыяльных аб’ектаў?

— У маім ўяўленні, а я не маю дачынення да абслугоўвання ядзернай зброі, але ў маім уяўленні гэта высокамабільная рэч, калі мы кажам аб тактычнай ядзернай зброі, ракетныя комплексы або артылерыйскія снарады, напрыклад. Яны будуць добра замаскіраваныя і не будуць патрабаваць нейкіх экстраных мер аховы. Уся шуміха, што мы зараз пабудуем сховішча, у якое гэта засунем, гэта менавіта дэманстрацыя, падкрэсліванне дэманстрацыйнага характару гэтага жэсту. У маім разуменні, такая зброя можа ляжаць дзе заўгодна, хоць на траве.

— Вяртаючыся да АЭС, другі энергаблок плануецца ўвесці ў прамысловую эксплуатацыю недзе ў кастрычніку. І прыблізна ў гэты час запланавана спыненне першага блоку. Як Вы думаеце, з’яўляецца гэта сведчаннем таго, што два энергаблокі разам не могуць у нас працаваць па нейкіх прычынах, напрыклад, няма куды падзяваць электраэнергію?

— Як гаворыцца: трэба назіраць. Мне здаецца, што будзе сапраўды папераменны рэжым працы. Быў кароткі досвед – нейкі час рэактар жа працаваў – дык вось праца першага энергаблока хутчэй за ўсё паказала энергетыкам, што адзіная велізарная крыніца патрабуе выключэння іншых генератараў. Я лічу вельмі верагодным вашае меркаванне, што блокі будуць працаваць папераменна. Мы гэта бачым на Кольскай атамнай станцыі ў Расіі. Там, праўда, чатыры блокі. Адзін заўсёды выключаны, тры працуюць. Вельмі рэдка ўсе чатыры працуюць. То бо такое бывае ў атамных станцыях, таму іх і будуць шматблочнымі.

Але давайце крыху пра пазітыўнае: летась рэактар працаваў 58% часу, а астатні час не працаваў. Гэта безумоўна даказвае, што энергасістэма Беларусі працаздольная без атамных генерацый. Ну не было там нейкіх катастрафічных адключэнняў, яшчэ чагосьці. Апошняе, што я чуў, што Расія будзе купляць электраэнэргію ў Беларусі. Гэта называецца – пабудуем атамную станцыю побач з Вільнюсам, а перакідваць праз усю краіну будзем у Смаленскую вобласць, дзе ёсць свая атамная станцыя. Тэхнічна гэта, магчыма, сеткі дазваляюць перадаваць магутнасць на вялікія адлегласці. Але гэта вось такая рука дапамогі. Бо, калі б Беларусь не пастаўляла электраэнергію ў Смаленскую вобласць, давялося б шукаць самім, дзе яе выкарыстоўваць, а, мабыць, з гэтым праблемы. То бок, я звязваю гэтую заяву з тым, што менавіта ў беларускай энергасістэме ёсць праблемы са спажыўцамі электраэнергіі. Куды яе можна падзець? У Літву нельга, значыць будзем пасылаць за сотні кіламетраў. Зноў атрымліваецца стварэнне вельмі штучнай сітуацыі: каб падтрымаць штаны атамшчыкаў, прымусім Смаленскую вобласць купляць беларускую электраэнергію.

— А тое, што літоўскі бок кажа пра пашкоджанні рэактараў…

— Ой, я забыўся пра гэта расказаць. Значыць, быў даклад разведкі Літвы, дзе было сказана пра дзве праблемы. Першая звязана не з корпусам рэактара, а ці то са шпількамі ці то са шпонкамі – гэта прылада, з дапамогай якой замацоўваюць рэактар у шахце. Значыць рэактар, металічная канструкцыя, павінен мацавацца да бетоннай канструкцыі. І вось такія клінышкі павінны быць намёртва прывараны. Я так зразумеў, што менавіта пра гэтыя швы ідзе гаворка, гэта значыць не пра швы ў самім рэактары. Рэактар павінен быць вельмі добра цэнтраваны вертыкальна. Чаму? Гэта даволі высокая канструкцыя – 4,5 м, а то і больш. І стрыжні рэгулявання кіравання аховы павінны праходзіць 4 метры абсалютна вертыкальна. Крэн у долю градусаў можа заклініць стрыжні кіравання і далей кожны ўявіць, што можа адбыцца. Вось гэтымі клінышкамі і шпонкамі рэактар цэнтруецца. Пры нармальных умовах нагрузкі на гэтыя элементы канструкцыі невялікія. Калі яны вялікія? У выпадку землятрусаў. І ў выпадку аварыйных адключэнняў, калі разрываецца нейкі з трубаправодаў. Да гэтай аварыі атамшчыкі гатовы. Так, для гэтага ёсць ахоўная абалонка, якая не павінна дазволіць радыяцыі выйсці ў навакольнае асяроддзе. Калі будзе моцны штуршок, даволі сур’ёзнае механічнае ўздзеянне на вось гэтую ўсю сістэму, і калі зварныя швы сапраўды няякасныя, яны могуць перакасіцца і адбудзецца выхад радыяцыі ў навакольнае асяроддзе.

— То бок гэта тэхнічны дэфект…

— Калі Літоўская разведка права, я ж не бачыў гэтых дадзеных, яны не абавязаны нам нічога расказваць. Я разумею, чаму Літоўская разведка працуе на беларускай атамнай станцыі, бо няма прамых кантактаў уладаў, як раней было, кантакт рэгулюючых органаў дзвюх краін, бо няма інфармацыі ад беларускіх атамшчыкаў сваім грамадскім арганізацыям. Я б на месцы Літоўскай разведкі таксама цікавіўся тым, што адбываецца за 40 км ад сталіцы.

Другое, што яны зрабілі – гэта расказалі пра смалу ў цепланосбітах другога рэактара. Хутчэй за ўсё гэта адтэрмінавала пуск рэактара на год. Я памятаю: год таму ў красавіку яны пачалі казаць, што зараз будзем запускаць другі блок і яго не пусцілі. Вось гэты час, хутчэй за ўсё, яны чысцілі. Што гэта за смала? З таго, што я зразумеў, бо там вельмі лаканічная справаздача, гэта мая здагадка: ёнаабменныя смолы патрапілі ў ваду. Чым гэта небяспечна? Яны могуць прыліпнуць, як да самога паліва, так і пашкодзіць насосы. І цалкам магчыма, што цэлы год яны там лазілі па рэактары, які, дзякуй Богу, пакуль не радыеактыўны і шукалі вось гэтую прасыпаную смалу. Які менавіта Гамер Сімпсан прасыпаў смалу, пытанне не да мяне, але я зноў вось уся гэтая гісторыя. Шкада, што я не сказаў гэта на аўдыторыю: калі б аўтары серыяла пра Гамера Сімпсана знялі серыял пра прыгоды Астравецкай атамнай станцыі, ім бы ніхто не паверыў. Але адзін рэактар уранілі, іншы ўдарылі аб слуп, высыпалі вядро смалы ў гатовыя ўжо энергаблок і год шукалі гэтую смалу, шпонкі прыварылі крыва. Гэта ўсё смешна, калі гэта мультфільм, але гэта нашая з вамі рэальнасць. І ў дзень, калі яны вырашылі запускаць другі энергаблок, небяспека гэтага аб’екта значна ўзрасла.

Поўную размову з фізікам-атамшчыкам Андрэем Ажароўскім слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.