Прадстаўнік Офісу Святланы Ціханоўскай Анатоль Лябедзька падвёў вынікі мінулага году і распавёў пра планы на новы год.
Год быў цяжкі, складаны для ўсіх нас. Ён быў літаральна ў цёмныя і светлыя палосы, толькі як ніколі, цёмныя былі шырокія і вялікія. Светлага хацелася б болей.
Што тычыцца вынікаў працы за год, то я па-ранейшаму пазіцыяную сябе як прыхільніка перамен і каманды Святланы Ціханоўскай. У мінулым годзе я не імкнуўся «выплываць» за берагі некалькіх накірункаў дзейнасці. Першая – гэта пазітыўная альтэрнатыва для Беларусі. Я застаюся чальцом фракцыі аптымістаў. Веру, што перамены прыйдуць і мы да гэтага мусім быць падрыхтаванымі.
Таму працавалі над праектам Канстытуцыі новай Беларусі. Пачалі працу над законапраектамі ў дапаўненне ў развіццё праекту Канстытуцыі. Яна робіць наўпрост спасылкі на 20 законапраектаў, якія таксама трэба мець, каб партфель пазітыўнай альтэрнатывы быў запоўнены. Ёсць задавальненне ад гэтай працы. Хоць гэта было і складана, але існуе досыць вялікая група энтузіястаў, якія гэтую працу зрабілі. Нягледзячы што Беларусь ператварылі ў сучасны канцлагер, але атрымалася працаваць і ўнутры краіны.
Другі накірунак – гэта праца над стварэннем груп «За дэмакратычную Беларусь» у нацыянальных парламентах розных краінаў. У 13 парламентах такія групы ўжо ёсць. У 6 такая працэдура запушчаная. Ад гэтага таксама ёсць задавальненне. Бо, якія б моцныя мы ні былі, без шырокай міжнароднай кааліцыі адстаяць незалежнасць Беларусі і вярнуць яе да дэмакратыі, будзе практычна немагчыма. А парламенцкае вымярэнне – гэта магчымасць трымаць беларускую праблематыку ў фокусе міжнароднай увагі. Парламентары тут могуць быць добрым рэсурсам. Галоўнае – знайсці чалавека з «вірусам беларускасці», неабыякавага. Толькі тады пачынаецца рэальная праца. Гэта не можа быць проста фармальнае стварэнне дэпутацкай групы.
Так, што ёсць такія групы і дэпутаты, іх больш за 200 чалавек. Гэта наш рэсурс і патэнцыял. Дзякуючы ім мы арганізоўвалі, напрыклад, выступы Святланы Ціханоўскай на пленарных паседжаннях у парламентах Эстоніі, Літвы, Латвіі, на парламенцкай асамблеі Рады Еўропы. Дзякуючы гэтай працы, ёсць дамоўленасці, каб маладыя беларусы праходзілі стажыроўкі ў парламентах. Трэбы сёння клапаціцца пра кадравы рэзерв новай Беларусі.
Дзясяткі парламенцёраў сталі хроснымі для беларускіх палітычных вязняў. Гэтага, вядома, недастаткова, але ў тым важны палітычны і маральны аспект.
Таксама мы пачалі рабіць экспертызу на нашыя напрацоўкі з выкарыстаннем магчымасцей іншых нацыянальных парламентаў. Вось гэта асноўныя вынікі працы за год, што тычыцца асабіста маёй працы.
За ўвесь Офіс Святланы Ціханоўскай я казаць не буду. Хачу толькі адзначыць, што былі значныя поспехі, але былі памылкі і паразы. Але цалкам па пяці бальнай сістэме я б паставіў чацвёрку за гэтую працу. Самы выніковы – міжнародны кірунак. Бо 80% міжнароднай дзейнасці Беларусі забрала каманда Ціханоўскай. Можна сказаць, што амаль на сто адсоткаў легітымнасць у Лукашэнкі забралі. Гэта значны поспех.
Пачаўся працэс рэфармавання структуры дэмакратычнай апазіцыі. Створаны Пераходны кабінет, завяршаецца праца па рэфармаванні Каардынацыйнай рады. Я думаю, што тут шклянка, хутчэй, напалову запоўнена, чым пустая. Ёсць закладзеная база для працы ў новым годзе.
Канешне, галоўная падзея года – вайна, мы ўсе яе адчувалі. Беларусы панеслі вялікую страту – 17 добраахвотнікаў аддалі свае жыцці за вашу і нашу свабоду. Таксама найбольш вострай застаецца праблема палітычных вязняў. Ёсць дыскусія, няма рашэння гэтага пытання. Лічбы мінула года вельмі самотныя. Па дадзеных праваабаронцаў у Беларусі на канец года было 1448 палітычных вязняў. І мы разумеем, што гэта далёка не поўны спіс. Экстрэмістаў Міністэрства ўнутраных справаў налічвае 1881, а КДБ амаль 1000 тэрарыстаў. Такія вось дасягненні беларускага рэжыму за год. Разам з тым, каля 1800 няўрадавых арганізацый ліквідавана, альбо ў працэдуры ліквідацыі. А калі беларус стаў беспрацоўным, то дзяржава гарантуе мінімум 32 рублі, максімум 64. Такі «клопат» пра беларусаў.
Амаль 5% падзення ВУП – самае высокае падзення, нават, у еўраазіяцкай прасторы. Усе гэты лічбы выразна сведчаць пра трэнды, што ў нас ёсць. Галоўны трэнд – на вайну, а не на эканоміку. У беларускага рэжыму няма ніводнай ідэі, ніводнага праекту з пазітыўным зместам. Галоўная ідэя – вайна.
Калі ў Расіі і ва Украіне адбываецца аб’яднанне людзей вакол сцягаў, якімі з’яўляюцца кіраўнікі дзяржаў, у Беларусі такога яднання няма. Беларусаў зараз яднае ідэя непрыняцця вайны. Для рэжыму гэта зараз самы галоўны выклік. І, нават ператварыўшы краіну ў канцлагер, яны няздольныя вырашыць гэтую праблему. Яны спрабуюць яе вырашыць праз яшчэ больш страх. Адсюль гэтыя страшныя прысуды па паказальных працэсах супраць былых вайсковых, рэйкавых партызанаў.
Пра планы на новы год
У мяне тут усё дастаткова проста. Мы з маёй камандай можам і плануем працу. Па-першае, працягнем ранейшую працу. Па-другое, плануем выкарыстоўваць пляцоўку Новая Беларусь, якую запусцілі нашыя айцішнікі, каб больш гучна сказаць пра пазітыўную альтэрнатыву і запрасіць беларусаў прыняць у ёй удзел. Чым больш людзей далучыцца да гэтай працы, тым больш устойлівымі будуць рашэнні.
Таксама мы хочам усе парламенцкія групы «За дэмакратычную Беларусь» аб’яднаць у адну сетку. Каб у нас была перыядычнасць сустрэч афлайн і анлайн і мы прасоўвалі беларускую павестку ў міжнародных структурах. Канешне, будзем дбаць і пра стварэнне новых груп. Мы будзем лічыць добрым вынікам, калі ў канцы гэтага года мы будзем мець каля 20 парламентаў, у якіх будуць такія адмысловыя групы.
Калі гаварыць пра больш шырокі кантэкст, то нашая мэта – перамога Украіны ў змаганні з «рускім светам» і кааліцый Пуціна І Лукашэнкі. Гэта шанец для ўсіх і галоўны прыярытэт.
Вельмі важна ў новым годзе выправіць хібы і памылкі, якія былі. Трэба ствараць больш розных пляцовак для супрацы, вызначаць накірункі дзейнасці і даваць іх тым, хто гатовы браць на сябе адказнасць.
Пра сувязь з беларусамі ўнутры краіны
Практычна няма ні дня, калі б я не меў камунікацыі з кімсьці, хто застаўся ў краіне. Большая частка прыхільнікаў пераменаў засталіся там. І магу сведчыць, што за мінулы год іх стаўленне да таго, што адбываецца ў краіне не змянілася. То бок, у фанклубе Лукашэнкі ні на адну персону не стала больш. Так, большая частка людзей жыве са страхам, але гэта не азначае, што яны любяць гэтую ўладу і паважаюць яе.
Таму ёсць і камунікацыі і спробы супрацы. Напрыклад, мы арганізавалі напрыканцы года абмеркаванне некалькіх законапраектаў. Дарэчы, «Закон аб палітычных партыях»: рэжым падрыхтаваў свае змены ў гэты закон. У нас была нейкая незразумелая шматпартыйная сістэма. А зараз яна ператварылася ў адзін аддзел адміністрацыі Чырвонага дому.
Мы разам з палітычнымі партыямі, якія яшчэ захоўваюцца ў Беларусі, распрацавалі законапраект «Аб палітычных партыях». Таму, калі людзям будуць расказваць чарговую палітычную казку пра новы закон, у нас будзе альтэрнатыва таму, што прапануе рэжым. Гэта адзін з прыкладаў супольнай працы.
Да таго ж, я ўласна ўзяў на сябе такую місію, апякунства, над каля дзясяткам беларускіх вязняў. І як магу, па розных каналах, спрыяю і дапамагаю, каб ім была палёгка. Я думаю, калі вось так кожны з нас будзе палітычна ці неяк па-іншаму дапамагаць сваякам вязняў і ім самім, то мы зможам ахапіць усю колькасць тых, хто зараз пакутуе ў вязніцах рэжыму.
Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.