Loading

Год таму ў Вільні адкрылі беларускі стартап-хаб Imaguru. У літоўскую сталіцу самая вядомая беларуская пляцоўка па падтрымцы і развіцці высокатэхналагічных бізнесаў вымушана была пераехаць з Мінска з-за палітычных рэпрэсій. Разам з ёй пераехала і частка прадпрымальнікаў. Хутка Imaguru з’явіцца ў Варшаве.  

Наколькі лёгка беларусам упісацца ў літоўскую стартап-экасістэму? Хто прыходзіць сёння ў хаб? Калі чакаць адкрыцця польскага офіса і ў якім фармаце Беларусь сёлета далучыцца да Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва? Пагаварылі з адной з заснавальніц Imaguru Анастасіяй Хамянковай. 

Насця, зараз Imaguru адзначае першы дзень нараджэння ў Вільні. Хто прыйшоў вас павіншаваць? 

Па-першае, гэта ігракі стартап-экасістэмы ў Літве. Гэтая сістэма вельмі адкрытая, як у прынцыпе і па ўсім свеце. Гэта асаблівая культура стартап-руху, для таго каб заснавальнікі не адчувалі нейкіх перашкод, звязаных з геаграфіяй ці з межамі. Па-другое, тут ментары, якія дапамаглі нам падтрымліваць стартапы ў розных адукацыйных праграмах, якія мы за год правялі. Самі стартапы: некаторыя з іх толькі заснавалі свае кампаніі ў нас на хакатонах, некаторыя пераехалі з Беларусі і знашлі сябе тут. Imaguru з’яўляецца такім магнітам для рэлакантаў, якія прыязджаюць сюды, каб развіваць свае кампаніі. 

А ці шмат беларусаў пераехала ўслед за вамі з Мінска? 

На гэтае пытанне ўвогуле складана адказаць: колькі пераехала, колькі знайшлося тут. Але мы засетапілі за гэты год 50 фаўндэраў. Гэта менавіта тыя, хто прыехаў за намі, хто атрымаў нашу кансультацыю, нейкія кантакты, асеў тут, заснаваў кампанію, што самае галоўнае для літоўскай экасістэмы. 

Для чалавека першы год эміграцыі самы складаны: вырашаць бытавыя пытанні, моўныя, інтэгравацца ў чужое грамадства. Як для Imaguru гэты працэс прайшоў?  

Imaguru гэта прадпрымальнікі, гэта прыватны бізнес. Ён створаны намі, Таццянай Марыніч і мной. Мы прадпрымальнікі самі па сабе, мы дапамагаем прадпрымальнікам. А хто такія прадпрымальнікі? Гэта людзі, якія не баяцца рызыкаваць. Рызыка ў іх у крыві. Яны жадаюць рызыкаваць, таму складанасці не так успрымаюцца прадпрымальнікамі, як звычайнымі людзьмі. Для прадпрымальніка гэта новыя выклікі, і яны падаграюць азарт. У прынцыпе, мы зараз у такім жа стане, як і заўсёды. Каб натхніць іншых прадпрымальнікаў, якія  слухаюць нас і думаюць: ну, мы таксама зараз пераехалі ў іншую краіну і зараз пачынаем усё з нуля, скажу — так, мы ўсё пачынаем з нуля, але не з такога нуля, як гэта было ў Беларусі. Мы ўжо маем пэўны вопыт, напрацоўкі, экспертызу, мы можам па-новай перапісаць гэтую гісторыю. Уласна гэта мы і робім, спрабуем пазбегнуць новых памылак. І з гэтага пункту гледжання ўсё было б добра ў прадпрымальнікаў, калі б не знешнія выклікі, якія адбіваюцца на камандах, на фаўндэрах і ў цэлым на планаванні будучыні. Гэтыя выклікі дыктуе нам геапалітыка, асяроддзе, прырода. Яны будуць заўсёды, проста нам трэба прызвычаіцца да таго, што ранейшай рэальнасці больш не будзе. 

А наколькі літоўская стартап-экасістэма адрозніваецца ад тых умоў, у якіх вы прывыклі працаваць у Беларусі? 

Многія беларускія прадпрымальнікі вам раскажуць, што рабіць бізнес у Беларусі можна не дзякуючы, а насуперак. Тут іншая гісторыя. Тут прадпрымальнікі і стартапы — гэта фокус, гэта ўвага. Вельмі шмат розных інструментаў ёсць і магчымасцяў. Галоўнае не спаць, не баяцца канкурыраваць, змагацца за сваё месца пад сонцам. Уся сістэма гэтаму спрыяе. 

Безумоўна, сёння праблемы для нашых фаўндэраў гэта, перш за ўсё, праблемы беларускага пашпарта. Гэта адразу цяжкасці з банкамі, затрымкі з атрыманнем віз. Гэта зразумела, але мы б ні былі прадпрымальнікамі, калі б не маглі знаходзіць рашэння гэтых праблем. 

Калі падводзіць вынікі года ў лічбах? Гэта колькі і чаго? 

У нас было 4 хакатона, 60 мерапрыемстваў, больш за тысячу чалавек ужо прайшло праз Imaguru. Каворкінгам скарысталася 300 чалавек. 50 стартапам мы дапамаглі менавіта рэлакавацца ў Літву. Мы акселеравалі 20 стартап-каманд. З іх 58% гэта беларускія кампаніі, каля 20% — літоўскія, 10% — украінскія фаўндэры, і астатнія — міжнародныя. То бок мы ўжо бачым сваіх кліентаў, свае старпапы, хто яны. 

Ну і, безумоўна, мы самі інвеставалі ў літоўскую экасістэму, у літоўскае бізнес-асяроддзе: стварылі працоўныя месцы, нанялі каманды, плацім падаткі, знайшлі памяшканне, адрэмантавалі яго. Дапамагаем новым кампаніям адкрывацца і ствараць новыя працоўныя месяцы. 

Адно з мерапрыемстваў Imaguru #FridayPitch. Фота: facebook.com/imaguruvilnius

А ўкраінскі складнік Imaguru з’явіўся пасля пачатку вайны ці першапачаткова была такая задума? 

Увогуле, мы планавалі, што наступным горадам для Imaguru стане Кіеў. Гэта былі абсалютна рэальныя планы, якія пакуль не рэалізаваліся. Мы, як беларуская стартап-экасістэма ў выгнанні, мелі ўжо пэўны вопыт таго, якая падтрымка патрэбна стартапам. Мы ўвогуле стартап-хаб у выгнанні. Калі мы пытаем ва ўкраінскіх фаўндэраў, чаму яны на нас выйшлі, яны кажуць, што мы прачыталі пра вас на TechCrunch. Там напісана, што вы хаб, які вымушаны быў пераехаць у іншую краіну, значыць, вы самі разумееце, як гэта пераязджаць, як пераарыентаваць рынкі, у гэтым сэнсе мы вам давяраем. Таму і ўзнікла ўкраінская гісторыя, таму што ў нас была гэтая экспертыза і мы ведалі, як дапамагаць фаўндэрам, якія з’язджаюць. Беларуская стартап-экасістэма і ўкраінская стартап-экасістэма — гэта еўрапейскія юрыдычныя асобы. Наша задача іх адаптаваць, дапамагчы ім застацца ў краінах ЕС, дапамагаць ім развівацца. 

З Кіевам па аб’ектыўных прычынах не атрымалася, але наступны стартап-хаб Imaguru збіраецца адкрыць у Варшаве? Калі гэта адбудзецца? 

У хуткім часе, і мы абавязкова пра гэта паведамім. Мы ў Польшчы ўжо робім мерапрыемствы для фаўндэраў, для бізнесаў. Бліжэйшае мерапрыемства — гэта «Сусветны тыдзень прадпрымальніцтва ў Беларусі», ён у гэтым годзе пройдзе ў Варшаве, у кампусе Google for Startups.  

Гэта таксама ваша традыцыя, якую вы адраджаеце?

Так, мы працягнем арганізоўваць Сусветны тыдзень прадпрымальніцтва, каб Беларусь заставалася  часткай гэтай глабальнай ініцыятывы. Наша задача — рабіць гэта для беларускай бізнес-супольнасці, мы хочам зрабіць «Сусветны тыдзень прадпрымальніцтва ў Беларусі» карысным для бізнеса: даць  інструменты, як пазіцыяніраваць сябе на новых рынках, як павялічваць продажы, як клапаціцца пра сваю рэпутацыю і свой брэнд. Гэта тое, што сёння бізнес хвалюе. Мы гэта вельмі добра разумеем разам з нашымі экспертамі. Мы таксама працягнем нашу традыцыю запрашэння міжнароднай экспертызы, міжнародных спікераў, якія будуць казаць для беларускіх прадпрымальнікаў. Беларускаму бізнесу важна сёння пачуць словы падтрымкі ад міжнароднай супольнасці. 

А па датах? Калі гэта будзе? 

Увогуле ўвесь тыдзень праходзіць 14-20 лістапада. У Варшаве мы плануем мерапрыемствы 14,15 і 17 лістапада. 

А як па вашых адчуваннях, беларуская гісторыя Imaguru скончылася? 

Яна працягваецца зараз. Imaguru — гэта еўрапейская кампанія з беларускімі каранямі, з беларускай супольнасцю, з вялікай колькасцю кампаній, якія былі створаны беларусамі, а зараз з’яўляюцца міжнароднымі. Imaguru — гэта і ёсць наша сувязь стартапаў з Беларуссю, таму што ў сусветнай стартап-супольнасці Imaguru асацыюецца з Беларуссю. У будучым мы зможам захаваць гэтую беларускую супольнасць, неабавязкова для вяртання ў Беларусь ці ў Мінск, але для вяртання з пункту гледжання капітала, экспертызы, патрэбных кантактаў для Новай Беларусі, калі сітуацыя зменіцца. 

Хакатон “Культурны код” Арганізаваны Беларускай Радай кульутры і Imaguru. Фота: facebook.com/imaguruvilnius

Comments are closed.