Па беларускім тэлебачанні расказалі новыя дэталі справы аб дыверсіі на аэрадроме «Мачулішчы». У прыватнасці назвалі прозвішчы іншых затрыманых: Лілія Шарай і Ала Яцута, стрыечныя сёстры, які павінны былі дапамагчы галоўнаму дыверсанту Мікалаю Швецу пакінуць Беларусь. У сюжэце тэлебачання пацвярджаецца, што Швец быў затрыманы ў доме Настассі Пілько і Алега Сычова ў Бараўлянах. А яшчэ раней паказалі, як ён праходзіць памежны кантроль падчас спробы ўехаць у Беларусь у студзені, будучы дыверсант спрабаваў прайсці польска-беларускую мяжу пад Гродна, хоць раней Лукашэнка называў Брэст.
У аўторак, нагадаем, усе падрабязнасці здарэння ў Мачулішчах і спецаперацыі па затрыманні Швеца агучыў Лукашэнка. Пры гэтым ён абрынуўся з крытыкай на Уладзіміра Зяленскага і публічна яго абражаў.
Наколькі праўдападобна выглядае афіцыйная версія здарэння ў Мачулішчах, навошта было публічна абражаць прэзідэнта Украіны і чаго можна чакаць пасля гэтых заяў Лукашэнкі – радыё Ўнэт спытала ў старшага аналітыка Інстытута Цэнтральнай Еўропы пры Каталіцкім універсітэце Любліна Андрэя Шабацюка.
— Ці можа Лукашэнка выкарыстаць гэтую дыверсію, каб апраўдаць свой уваход ва Украіну?
— Так можа быць, але перад усім ён хоча прадэманстраваць, што ён кантралюе сітуацыю ў краіне, у яго ёсць інфармацыя, і нават удалося схапіць асобу, адказную за гэтую атаку. Бо гэта была кампраментацыя беларускіх служб, таксама і ў вачах расіян. Таму з аднаго боку Лукашэнка паказвае, што няпраўда, што беларускія службы нічога не ведалі, ім нават удалося схапіць асоб, якія адказваюць за тэракт. А з іншага боку ён выкарыстоўвае сітуацыю, праўда, не зразумела, навошта, каб пагоршыць стасункі з Украінай, бо назваць прэзідэнта суседняй дзяржавы «гнідай» гэта, мягка кажучы, не зусім дыпламатычна. Я думаю, што гэта такая гульня, якую вядзе Лукашэнка ўжо шмат гадоў, ён пастаянна гаворыць такія рэчы, пра розныя тэорыі змовы, пра пакушэнне на яго, а пасля нічога не адбываецца. Таму ўся гэтая сітуацыя разлічана на ўнутранае спажыванне, паказаць, што ён кантралюе сітуацыю ў краіне і здольны нейтралізаваць усялякіх шпіёнаў з-за мяжы. Акрамя таго, ён паказвае, што Беларусь атакавана звонку, што гэта не атака нейкіх мясцовых партызан.
— З’явіўся ў гэтай гісторыі і польскі след, і след іншых балтыйскіх краін. Гэта выпадкова?
— Я думаю, што не. Бо Беларусь заўсёды кажа пра пагрозы з боку НАТА, пагрозы з боку Захаду. І сапраўды Беларусь не цалкам удзельнічае у вайне Пуціна супраць Украіны, бо павінна абараняць заходнія межы Саюзнай дзяржавы, паколькі адчувае пагрозу з боку Польшчы і краін Балтыі. Гэта той наратыў, які мы чуем практычна ад пачатку вайны.
— Чарговы раз Лукашэнка пацвердзіў, што Уладзімір Зяленскі звяртаўся да яго з падпісаннем дакумента аб ненападзенні, гэтым разам сказана, што пасрэднікам можа выступіць ААН. Але пасля атакі Лукашэнка пакрыўдзіўся на Зяленскага, абражаў яго і паабяцаў адказ. А што гэта можа быць за адказ?
— Добрае пытанне. Не думаю, што гэта была б непасрэдная атака з боку Беларусі, у сэнсе арміі беларускай, якая будзе атакаваць Украіну. Я думаю, што гэта могуць быць чарговыя атакі расійскага войска з тэрыторыі Беларусі. І зараз гэтыя атакі можна патлумачыць варожымі дзеяннямі Украіны.
— А як Вы ацэньваеце магчымасці беларускага падполля, партызанаў беларускіх?
— Па-першае, гэта хутчэй сіла ідэалагічная, якая паказвае, што ёсць супраціўленне. Не толькі супраціўленне ў вымярэнні палітычным, але і супраціўленне, здольнае на дыверсіі. Відавочна, што гэта не масавыя акцыі, а невялікія групы людзей, якія адважваюцца атакаваць інфраструктуру, што выкарыстоўваецца для атакі на Украіну. Гэта таксама паказчык таго, што не ўсе беларусы згодны з палітыкай афіцыйнага Мінска ў стасунку да Украіны і не ўсе падтрымліваюць атакі на Украіну з тэрыторыі Беларусі. Гэта таксама сведчыць, што, нягледзячы на ціск на апазіцыю, ёсць яшчэ супраціў рэжыму Лукашэнкі ўнутры краіны.
Comments are closed.