Loading

Праваабаронцы і проста неабыякавыя людзі па ўсім свеце ў гэтыя дні выходзяць на акцыі ў падтрымку абвінавачаных у Беларусі па справе «Вясны». Першая такая акцыя прайшла ў чацвер у Варшаве, каля амбасады РБ.

Акцыя была арганізаваная прадстаўнікамі арганізацыі Amnesty International і беларускімі актывістамі. Арганізатарка акцыі з польскага боку, прадстаўніца арганізацыі Amnesty International Анна Мікульска адзначае, што на фоне падзей ва Украіне варта не забываць і пра тое, што адбываецца ў Беларусі і падтрымліваць беларускі народ, які прагне свабоды.

З беларускага боку аднымі з арганізатараў выступілі актывісты Беларускага моладзевага хаба.
Падчас акцыі з прамовай выступіў і адзін з абвінавачаных па справе Вясны, Зьміцер Салаўёў. Па ягоных словах, такія высокія выракі – гэта рэакцыя рэжыму Лукашэнкі на якасную працу беларускіх праваабаронцаў па дакументацыі парушэнняў на выбарах у Беларусі. Тым не менш, спадар Зьміцер упэўнены, што ніякая жорсткасць рэжыму не пахісне рашучасці беларускіх праваабаронцаў і змагароў за вольную Беларусь.

«Мы разумеем, што ўсё гэта замоўлена ад, як я казаў, адміністрацыі гэтага бандыта Лукашэнкі. Што менавіта на такі тэрмін вырашылі нейтралізаваць самых вядомых праваабаронцаў… Відавочна, што гэта ўсё неяк спалучана з імітацыяй выбараў, якія яны збіраюцца праводзіць».

У пятніцу 3 сакавіка былі агучаныя канчатковыя выракі асуджаным па справе Вясны. Алесь Бяляцкі атрымаў 10 гадоў калоніі, Валянцін Стэфановіч – 9 гадоў, Уладзімір Лабковіч – 7 гадоў калоніі. Зьміцер Салаўёў атрымаў 8 гадоў калоніі завочна.

Падрабязней слухайце ў плэеры нижэй.

Comments are closed.