Loading

Шлях у журналістыку для Алёны Дубовік пачаўся з дэкрэтнага водпуску. Менавіта тады настаўніца па адукацыі пачала пісаць для рубрыкі «Ребенок.BY» на партале TUT.BY. Затым яна ўзначаліла гэтую рубрыку і пайшла навучацца ў Пражскую школу журналістыкі.

Пасля атрымала прапанову ад Белсат працаваць у фармаце тэлевізійнай журналістыкі. Алёна кажа, што гэта праца яе захапіла, бо яна пачала займацца ўлюблёнай тэмай – «сацыялкай».

У 2020 годзе Алёна, як і многія яе калегі, была арыштаваная. Стала відавочна, што трэба з’язджаць. Ад’езд быў хуткім, старэйшы сын застаўся ў Мінску, двое малодшых паехалі з мамай. Алёна была ўпэўненая, што едуць яны на кароткі тэрмін. Таму, калі старэйшы сын плакаў, шчыра абяцала яму, што праз месяц сям’я будзе разам.

Але сына атрымалася пабачыць толькі праз паўгады. Месцам новага жыцця абрала Вільню, хоць мела прапанову працаваць у Варшаве. Алёна кажа, што Літва бліжэй для яе ментальна. Ды і ўладкаваць дзіцяці ў садок лягчэй.

Ёй зрабіла прапанову «Маланка медыя», таму без працы застацца жанчына не баялася. Так атрымалася, што ў Вільню прыехаў аператар, з якім Алёна працавала ў Мінску, і яны працягнулі здымаць для Белсат.

Алёна заўважыла, што кожны раз, як яе твар паказвалі ў сюжэце, ёй дасылалі пагрозы ў асабісты акаўнт. Да таго ж, жанчыну пастаянна турбавала пытанне, як яе праца ўплывае на сітуацыю ў Беларусі. А пасля затрымання блізкага сябра і вобшукаў у родных, гэта пытанне паўстала яшчэ вастрэй.

Таму Алёна перайшла на працу з тэкстамі і сацсеткамі. Але ўсё роўна балюча і блізка да сэрца ўспрымае рэпрэсіі і сваю бездапаможнасць перад тым, на што не здольная паўплываць.

На пытанне, ці плануе яна вяртацца ў Беларусь, Алёна адказвае, што пакуль не вырашыла. Раней яна б з упэўненасцю адказала, што на сто адсоткаў вернецца. А зараз дзеці пайшлі ў школу, дзе ім дужа падабаецца. А пытанне адукацыі і псіхалагічнага камфорту дзяцей, якія перажылі траўму пераездаў і адлегласці ад родных, зараз перад усім.

Алёна кажа, што пакуль сабе на гэта пытанне не адказала. Бо шмат залежыць ад абставінаў, якія будуць існаваць на той момант, калі вярнуцца будзе магчыма.

Comments are closed.