Loading

Беларускі полк «Пагоня» абвесціў аб стварэнні асобнай дэсантна-штурмавой групы (ДШГ) пад камандаваннем Аляксея «Сябра» Манчынскага. Што гэта за падраздзяленне і чаму яно падкрэслена адасобленае нам патлумачыў Аляксей «Сябар».

«У тым выглядзе, у якім зараз існуюць беларускія фармаванні ў складзе УСУ, гэта несур’ёзна», – лічыць Аляксей, якія мае вайсковы досвед у расійска-украінскай вайне з 2015 года.

Таму было прынята рашэнне стварыць новае фармаванне, з прынцыпова іншым падыходам да працы. Усіх дэталяў пакуль раскрыць не магчыма, але вядома, што новая ДШГ будзе працаваць асобна ад усяго фармавання «Пагоня».

Зараз ствараюцца асобны ўзвод. Аляксей і ягоная група будуць працаваць аўтаномна на сваіх участках у сектары. І задачы выконваць таксама асобныя ад іншых байцоў «Пагоні».

«Сябар» падкрэслівае, што байцы ДШГ з’яўляюцца ваеннаслужачымі УСУ, то бок, украінскімі вайсковымі з беларускім грамадзянствам, якім дазволена сфармаваць асобнае падраздзяленне. Кожны баец будзе падпісваць кантракт.

Пакуль Аляксей не ўдакладняе канкрэтыку задач новага падраздзялення, але абяцае, што ў хуткім часе ўсе ўбачаць іх працу. Бо плануецца максімальна асвячаць яе праз сацсеткі. Апроч пастаянных відэа справаздач па працы ДШГ Аляксей абяцае поўнасцю празрыстую справаздачу па атрыманню і размеркаванню ўсіх грошаў, якія будуць паступаць на рахункі ДШГ.

Адкрытасць абяцаецца максімальна поўная, якой не было і няма ў аніводнага беларускага вайсковага падраздзялення.

Фота: t.me/belpolk_pagonya

Чым выклікана такая падкрэсленая адасобленасць ад агульнай «Пагоні»?

У новага падраздзялення будуць асобныя рахункі. Аляксей тлумачыць гэта тым, што не хоча несці адказнасць за дзеянні іншых, хто не знаходзіцца непасрэдна пад ягоным камандаваннем. А таксама для таго, каб не было абагульненняў накшталт нейкія беларусы ваююць, а канкрэтна было зразумела, хто менавіта што робіць і дзе на дадзены момант людзі знаходзяцца. Празрыстая справаздачнасць пазбавіць ад чутак і падазрэннях у махлярстве, якія псуюць імідж і адцягваюць увагу ад галоўнай справы.

У складзе ДШГ «Пагоня» выключна беларусы. Па колькасці група цалкам сфармаваная. Зараз займаюцца зборам сродкаў на яе ўкамплектаванне. Чым хутчэй гэта адбудзецца, тым хутчэй байцы падпішуць кантракты і высунуцца на месца дыслакацыі.

Зараз для групы падрыхтоўваюць уласныя рахункі. Пасля іх выкладуць у сацсеткі і пачнуць збор сродкаў, каб закрыць патрэбы. Зараз ДШГ «Пагоня» мае патрэбу ў адным пазадарожніку і адным мікрааўтобусе. Таксама неабходны квадракоптеры з начным бачаннем, рацыі, дызельны генератар, ноўтбук, планшэт.

Аляксей упэўнены, што праца яго ДШГ будзе задавальняць і ўкраінцаў і беларусаў і станоўча вылучаць іх на фоне іншых.

Напрыканцы размовы Аляксей «Сябар» зрабіў дзве важныя заявы. Першая – Вадзім Пракоп’еў больш ніякага дачынення да палка «Пагоня» не мае. Другое – два добраахвотніка, якія намагаліся патрапіць у «Пагоню» (гаворка ідзе пра Ціхана Клюкача і хлопца з нікам «Карыч»), не прайшлі паліграф у СБУ. Аляксей выказаў падзяку супрацоўнікам СБУ за якасную працу. «Пагоня» і надалей будзе супрацоўнічаць з украінкай службай бяспекі, каб пазбегнуць пападання ў падраздзяленне засланых беларускім рэжымам агентаў.

Comments are closed.