Рышы Сунак афіцыйна стаў прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі. Пасля аўдыенцыі ў Карла ІІІ ён выступіў з прамовай, дзе падзякаваў пазамінуламу прэм’еру Борысу Джонсану і паабяцаў забяспечыць эканамічную стабільнасць, выправіўшы памылкі Ліз Трас, якая ўзначальвала ўрад менш за два месяцы. Пра тое, хто такі Рышы Сунак, як зменіцца пры ім палітыка Лондана ў дачыненні да Украіны і Беларусі, а таксама што менавіта не атрымалася ў Ліз Трас, паразмаўлялі з медыяэкспертам Аляксеям Лявончыкам.
— Хто ж такі Рышы Сунак? Чаго варта чакаць, якую палітыку ён збіраецца праводзіць?
— Сунак — былы міністр фінансаў ва ўрадзе Джонсана, з зыхода якога, можна сказаць, пачалося падзенне Джонсана. Перад гэтым Сунак быў парламентарыем, а яшчэ раней — інвестыцыйным банкірам, і ў той перыяд зарабіў значны капітал. У 2016 Рышы Сунак падтрымліваў палітыку Джонсана, выступаючы за выхад з ЕС.
Важны момант: як бізнесовец і фінансіст ён лічыцца прагматыкам. Для краін Захаду гэтая кандыдатура — найбольш адэкватная з прадстаўленых апошнім часам. Джонсан — чысты ідэолаг, Трас таксама значна пасунула рыторыку ў правы бок. Сунак далёкі ад ідэалогіі, ён сыходзіць з прагматычнага пункту гледжання, таму з ім будзе прасцей знайсці агульную мову еўрапейскім палітыкам. Гэта, безумоўна, плюс для агульнага фронта супраць пагрозы з Усхода. Сімвалічна, што Рышы — першы не белы і адначасова першы рэлігійны прэм’ер (Сунак вызнае індуізм).
— Ці зменіцца палітыка Вялікабрытаніі ў дачыненні да Украіны з яго прыходам?
— Па сутнасці, хто б ні быў абраны прэм’ерам на гэты раз, значнай розніцы не было б. Ва ўсіх трох партый адназначны кансэнсус наконт таго, што Украіну трэба падтрымліваць, пытанне ў тым, якім чынам і ў якіх аб’ёмах. То бок дапамога Украіне не зменшыцца, але паколькі Рышы Сунак, зноў-такі, палітык прагматычны, то мусіць павялічыць кантроль над гэтай дапамогай.
— Ці варта чакаць беларусам нейкіх змен у адносінах Вяліікабрытаніі з Беларуссю? Наколькі заўважнае месца займае беларускае пытанне ў палітыцы Лондана і ці ёсць яна ўвогуле?
— Брытанская дапамога грамадзянскаму сектару ў Беларусі была і хутчэй за ўсё працягнецца. Але зараз, пасля выхаду з ЕС, у Вялікабрытаніі ёсць трэнд на памяншэнне ўсёй міжнароднай дапамогі. Канкрэтна для Беларусі гэта дапамога ніколі не была вялікай, таму радыкальных зменаў можна не чакаць. Але на рост міжнароднай дапамогі беларусы могуць разлічваць, толькі калі адбудзецца «2020 год, нумар 2».
— Вяртаючыся да ўнутранай палітыкі Лондана — што пайшло не так у Ліз Трас?
— Трас паспрабавала ажывіць эканоміку, максімальна знізіўшы падаткі. Яна зрабіла стаўку на пашырэнне бізнес-актыўнасці, і цалкам такі падыход можа быць працоўны — ім карыстаўся, напрыклад, Рэйган. Але ў адрозненне ад ЗША брытанская эканоміка значна меншая, у дадатак цяпер, пасля выхаду з ЕС, яна не можа ўжываць памеры ЕС у якасці мультыплікатара. Такім чынам, брытанская эканоміка зараз — такая сярэдняя эканоміка, якая вырашыла цалкам адарвацца ад мэйнстрыма. Інвестары проста не паверылі, што Брытаніі гэта ўдасца, і бізнес, вырашыўшы, што гэта надта рызыкоўна, наадварот, пачаў бегчы з краіны.
Далейшыя падрабязнасці сучаснай лонданскай палітыкі слухайце ў поўнай размове з Аляксеям Лявончыкам:
Comments are closed.