Loading

У Беларускім моладзевым хабе адбылася чарговая «Кава з гісторыкам» − так называецца праект, удзельнікамі якога становяцца вядомыя беларускія навукоўцы. Большасць з іх знаходзіцца цяпер у вымушанай эміграцыі. Вось і гісторык Аляксей Ластоўскі таксама мусіў з’ехаць з Беларусі. У сакавіку яго звольнілі з Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, і вось ужо як паўгода Ластоўскі жыве і працуе ў Вільні. У Варшаву прыехаў літаральна на тыдзень − паўдзельнічаць у праектах інстытута «Палітычная сфера» і заадно прачытаць лекцыю пад назвай «Альтэрнатыўныя праекты беларускай нацыі: Беларусь ці Белаляхія?».

− Спадар Аляксей, роўна год таму вы былі яшчэ ў Наваполацку. Як моцна змянілася жыццё за гэты час? 

− Я з’ехаў. Спачатку мне здавалася, што будзе магчымасць быць і ў Беларусі, і ў Літве — у Вільні, куды мяне запрасілі працаваць. Але, на жаль, праз махавік рэпрэсій ўжо як паўгода я не быў дома, і пакуль што цяжка зразумець, калі змагу туды патрапіць. Гэта цяжкае адчуванне, асабліва для навукоўца − там засталося поле, з якім я працую як сацыёлаг. Засталася мая бібліятэка. Але маім новым домам стала не чужая мне Вільня. Калі я хаджу па яе вулачках, то адчуваю сябе як дома − таму што кожны будынак да цябе прамаўляе. Ну і сам я з Пастаўшчыны, так што ад майго роднага дома Вільня бліжэй, чым Мінск. Тым больш, у Літве я працягваю займацца беларускімі справамі, і гэта вельмі важна. 

− Вам жа ледзь не праз некалькі гадзін пасля звальнення сталі паступаць новыя прапановы?

− Але многія з іх − напрыклад, запрашэнні ў Польшчу, праз некалькі дзён фактычна былі згорнутыя. Пасля 24 лютага мы сталі прадстаўнікамі краіны-агрэсара. Рэктар аднаго польскага ўніверсітэта сказаў: «З беларусамі ніякіх спраў мець не будзем». І калі пасля 2020 года мы адчувалі сябе «на хвалі», то цяпер трапілі ў сітуацыю калектыўнай віны.

− Для «Кавы з гісторыкам» вы падрыхтавалі тэму з даволі кідкім назовам: «Беларусь ці Белаляхія?» Чым кіраваліся? 

− Мяне даўно запрашалі ў Хаб прачытаць лекцыю, але паколькі камунікацыя паміж Вільняй і Варшавай не самая зручная і танная, атрымалася толькі зараз. Я хацеў распавесці пра тое, чым я займаўся апошнія пару тыдняў. А справа ў тым, што я банальна ўзяўся чытаць працы Бенедыкта Дыбоўскага і патрапіў на пару незразумелых сітуацый: у якасці сіноніма да Беларусі ён стала выкарстоўвае тэрмін «Белаляхія». Я пачаў капацца, пераглядаць іншыя творы, разбірацца з тым, якія ёсць інтэрпрэтацыі ў беларускай гістарыяграфіі. Вынікам гэтых пошукаў і хацелася падзяліцца. Бо з тэрмінам «беларусы» заўжды існавалі праблемы. Ён пастаянна вандраваў паміж рознымі землямі, уступаў у канфлікты з іншымі інтэрпрэтацыямі. Мне падаецца, што само з’яўленне канцэпцыі «Белаляхіі» трэба разглядаць менавіта ў аспекце беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці. 

− На youtube-канале Моладзевага хаба ужо ёсць запіс  трансляцыі. Гістарычныя лекцыі там, дарэчы, маюць нядрэнныя прагляды…

− Таму што ёсць запыт. У Беларусі мы бачылі досвед выхаду часопіса «Наша гісторыя», які спрабаваў данесці веды ў даступным, папулярным, непапсовым фармаце. Выбітныя даследчыкі пісалі тэксты, дасяжныя для шырокага чытача. Наклад часопіса дасягаў 9 тысяч! Гэта прадэманстравала тое, што ў беларусаў ёсць патрэба разабрацца са сваёй гісторыяй. Шмат людзей аказалася на раздарожжы, шмат выехала з краіны, і яны пачынаюць шукаць сваіх каранёў. Задумваюцца: а што з’яўляецца асновай нашай беларускасці? Ёсць і іншы бок. У Беларусі пагромленыя афіцыйныя інстытуты па прадукцыі гістарычных ведаў, шматлікія навукоўцы звольніліся, з’ехалі. І многія з гэтых людзей акурат і бяруць удзел у праектах. Думаю, спалучэнне гэтых фактараў і тлумачыць цікавасць да праекта.  

Цалкам размову з гісторыкам Аляксеем Ластоўскім слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.