Loading

Працэс дэкамунізацыі ва Украіне пачаўся яшчэ ў 2014 годзе. А з пачаткам паўнамаштабнай вайны, развязанай Расіяй супраць Украіны, у гэтае паняцце пачалі ўкладваць і такі сэнс, як пазбаўленне назваў, звязаных з Расіяй. І, на жаль, не толькі з Расіяй, але і з Беларуссю, бо ўлада Беларусі ўзяла непасрэдны ўдзел у агрэсіі, усяляк спрыяючы агрэсару, надаючы сваю тэрыторыю для наступу на Украіну. Таму з украінскага грамадскага ландшафту пачалі знікаць вуліцы, звязаныя з назвамі беларускіх гарадоў. Каб не даць зусім парваць сувязь паміж нашымі народамі дабрачынны фонд «Вільна Білорусь» пры спрыянні ўкраінскіх арганізацыяў і нават мясцовых уладаў выходзіць з ініцыятывамі, пра якія мы паразмаўлялі з кіраўніком арганізацыі Аляксеем Францкевічам.

Фота з прыватнага архіва Аляксея Францкевіча.

У сувязі з паўнамаштабным уварваннем расійскіх агрэсараў ва Украіну, пасля таго, як з Беларусі быў наступ, пасля таго, як з Беларусі пачалі ляцець ракеты, ва Украіне масава пачалі пераіменоўваць такія вулцы, як Білоруська, Минська, Брестська. Дзякуючы нашым сябрам, з арганізацыі «Світанак», якая займаецца дэкамунізацыяй, яны нам даслалі гарады і месцы, дзе зараз стаіць пытанне з пераіменаваннем гэтых вуліц, і ў нас з’явілася магчымасць узяць удзел у гэтым працэсе. І мы падаем туды запыты, каб, усё ж, не страціць сувязь з беларускім. Мы прапануем гэтыя вуліцы пераіменаваць у гонар беларускіх украінскіх герояў, такіх як Міхась Жызнеўскі, Кастусь Каліноўскі.

Зараз мы падалі хадайніцтва ў Бучанскую адміністрацыю. Там загінуў наш беларус – Ілля «Літвін». Таксама найбліжэйшым часам адбудзецца пасяджэнне гарадской рады. Будзе стаяць пытанне аб пераіменаванні ў рамках дэкамунізацыі трох вуліц і ёсць вялікі шанец, што адна з гэтых вуліц будзе насіць імя «Літвіна».

Зараз ужо ва Украіне дзве былыя Минські вуліцы пераіменаваныя ў гонар Жызнеўскага і адна вуліца пераіменавана на імя Кастуся Каліноўскага. Я спадзяюся, што тэндэнцыя гэтая будзе працягвацца і гэтыя вуліцы будуць названыя імёнамі герояў з Беларусі.

Наколькі ўкраінскія дзяржаўныя органы разумеюць сітуацыю, у якую патрапілі беларусы, у тым ліку тыя, беларусы, якія зараз ва Украіне?

Я сам быў здзіўлены, калі я прыехаў у Бучу, сустрэўся з дэпутатамі, з прадстаўнікамі мэрыі. Было поўнае паразуменне, яны вельмі добра ўспрынялі гэтую прапанову, больш таго – яны самі гэта прапанавалі, каб я зрабіў хутчэй, распавялі як гэта зрабіць і мы зараз у камунікацыі, каб, усё ж, з’явілася гэтая вуліца.

Гэтак жа сама, як я атрымаў інфармацыю – людзі, якія займаюцца гэтай дэкамунізацыяй, яны мне самі патэлефанавалі, падрыхтавалі гэты спіс і прапанавалі, каб мы падалі пералік назваў замест гэтых Минськіх, Білоруськіх, чыімі імёнамі можна было б назваць гэтыя вуліцы. І літаральна ўчора я сустракаўся з памочнікам дэпутата ў Кіеве, і была прапанова адзін са сквераў назваць «ім’я Вільної Білорусі». То бок, гэтыя прапановы надыходзяць ад мясцовых чыноўнікаў, ад мясцовых дэпутатаў, ад мясцовых актывістаў.

4 лютага, на жаль, мы развіталіся ў Кіеве яшчэ з адным героем з Беларусі – Эдуардам Лобавым. Вялікая падзяка мясцовым уладам, да якіх мы звярнуліся і яны нам дапамаглі. Ён рыма-каталік і дамовіліся з касцёлам, была праведзеная вельмі добрая імша. Зноў жа – ёсць вялікае паразуменне і вялікае жаданне мясцовых уладаў ісці насустрач.

Вельмі добра, што ёсць зараз нашы беларускія дабраахвотнікі, якія разам з украінцамі ваююць супраць нашага агульнага ворага, вельмі добра, што ёсць беларускія валанцёры, беларусы, якія тут ва Украіне робяць тую ці іншую справу. І ўкраінцы ў гэтым напрамку бываюць вельмі ўдзячнымі, і мы бачым гэта вось на прыкладзе дамовы з тым самым касцёлам, з правядзеннем акцыі ў дзень гадавіны Жызнеўскага, калі ва Украіне забароненыя правядзенні ўсіх маршаў, масавых мерапрыемстваў, але беларусам дазволілі прайсці маршам па Кіеву.

То бок, ёсць разуменне. І вельмі добра, што пачалі адрозніваць беларусаў ад лукашыстаў і разумеюць, што гэта патрэбна рабіць і гатовыя ісці насустрач, размаўляць – гэта вельмі добра!

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.