У сучасным свеце амаль немагчыма дасягнуць поспеху, калі не ўмець выступаць перад аўдыторыяй і пераконваць апанентаў. Як можна напрацаваць гэтыя навыкі, распавядае карпаратыўны кансультант і бізнес-трэнер Аляксей Бурносенка.
— Чаму непублічным асобам важна пераконваць людзей і выступаць перад аўдыторыяй?
— Адным словам — соцыум. Мы істоты сацыяльныя, і наш камфорт, і наогул нашае жыццё залежыць ад таго, якія адносіны мы маем з людзьмі навокал нас. І тут працуе ўменне размаўляць з гэтымі людзьмі, мець стасункі з навакольным сацыяльным асяроддзем.
— А што важнейшае — тое, што мы кажам, ці тое, як мы гэта кажам?
— Важна і тое, і другое, і нават яшчэ адзін момант — тое, як мы сабе паводзім пры гэтым, як рушым сваім целам. Калі я жэстыкулюю, гэта дапамагае майму голасу гучаць лепей.
— Многія людзі баяцца выступаць перад аўдыторыяй. Як гэтага пазбавіцца, і ўвогуле, адкуль бярэцца такі страх?
— Існуе шмат версій. Мне найбольш падабаецца звязаная з першабытным ладам. Уявіце сабе вёску, у якой чалавек зрабіў нешта дрэннае для гэтага закрытага соцыума. І вось ён стаіць перад усёй вёскай, а людзі яму тлумачаць, у чым яго памылка. Але самая слушная гіпотэза — што ўнутры нас працуе маленькая «жывёла», кавалачак нашай пcіхікі, які аднолькавы ў малакакормных. Гэта нязвыкласць да сітуацыі. Уявіце сабаку, гаспадары якога пераехалі ў новую кватэру. Яны прыносяць гэтага сабаку ў першы раз у гэтую кватэру. І калі нічога не рабіць, сабака забіваецца ў нейкі куток, сварочваецца бублікам і падціскае пад сябе хвост. Прыкладна гэта і ёсць нашыя паводзіны, калі мы стаім перад аўдыторыяй, бо гэта незнаёмыя нам абставіны — няма звычкі, практыкі, унутранага псіхалагічнага адчування, што тут бяспечна. Але пасля гадзіны-другой выступу чалавек пачне адчуваць, што ўсё добра.
Звычка да сцэны з’яўляецца хутчэй, калі людзі памыляюцца на сцэне, робяць штосьці, чаго не хацелі. З кожнай памылкай па яе выніках чалавек разумее, што гэта не смяротна і ён можа паспрабаваць зноўку. Так і з’яўляецца сапраўдная ўпэўненасць у сабе. За сябе магу сказаць, што 4-5 складаных, ганебных сітуацый, у якіх я апынуўся і з якіх паспяхова выйшаў, навучылі мяне больш, чым дзясяткі тысячаў гадзін, якія я правёў на сцэне.
— А што рабіць, калі думкі паблыталіся? Чалавек нібыта падрыхтаваўся, выйшаў да натоўпу, а сказаць нічога не можа.
— Лепшае, што можна зрабіць — добра падрыхтавацца. Я маю на ўвазе розныя тэхнікі падрыхтоўкі, у тым ліку псіхалагічнай. Рэпетыруйце. Напрыклад, спікеры Ted Talks выглядаюць неверагодна ўпэўненымі для звычайнага гледача. У пэўны момант я стаў трэнерам гэтых спікераў і глыбока вывучаў, як яны рыхтуюцца, і адказ вельмі просты: на той самай сцэне, дзе здымаюць ролік, яны рэпетыруюць прамову па 5-10 разоў перад пустой заляй, таксама запрашаюць знаёмых, каб адрэпетыраваць пры максімальна магчымай колькасці слухачоў. Такім чынам, калі ўжо трэба выступаць, гэтая сцэна ім знаёмая. Увогуле тэхнік ёсць багата, гэта толькі адна з іх. Вось яшчэ адна парада: пагадзіцца з тым, што вы хвалюецеся, нават прагаварыць гэта ў голас перад слухачамі, і ўжо будзе лягчэй. Ці можна ўзяць паўзу, адпіць вады.
— Як правільна даносіць свае думкі? Як іх нармальна сфармуляваць?
— Усё залежыць ад мэтаў. Калі трэба менавіта перадаць тое, што думаеце, проста падрыхтуйце прамову на паперы, вывучыце і паўтарыце падрыхтаванае.
— Калі вас запрашаюць на інтэрв’ю як эксперта і цягам размовы думкі блытаюцца, і нарэшце вы кажаце зусім не тое, што хацелі — як з гэтым змагацца?
— Цудоўная практыка для такіх сітуацый — прынцып адзінага факта: адказваць як мага карацей і не дадаваць інфармацыі, пакуль пра яе не запытаюць адмыслова. Але гэтая практыка, як і іншыя, працуе лепш, калі выкарыстоўваць яе пастаянна.
— А калі пытанне такое, што адным фактам ніяк немагчыма адказаць?
— Тут пытанне ў тым, што ёсць слушны факт. Трэба абіраць па сітуацыі, якім ён будзе — самым зразумелым для аўдыторыі, самым складаным ці найбліжэйшым да поўнага адказа. Гэта прыходзіць з досведам. Хатняя праца эксперта — ведаць пра такое пытанне загадзя, запісаць усе магчымыя адказы і выбраць з іх адзін, які будзе лепш прыгадаць першым.
— Перайдзем на наступны ўзровень — перакананне суразмоўцы. Часта цягам дыскусіі эмацыйны градус павышаецца, апанент вас не слухае і пачынае крычаць. Што рабіць?
— Зноўку гэта залежыць ад нашых мэтаў. Калі размова публічная і стаіць мэта дыскрэдытаваць апанента, то лепшай сітуацыі нельга прыдумаць. З іншага боку, калі мэта ў тым, каб дыскусія ішла спакойна, кантралявана, варта прызнаць, што гаворка згубіла чаканы характар і ўзяць паўзу. Ці пагадзіцца ваш суразмоўца — гэта ўжо іншае пытанне, але менавіта вам такая паўза дазволіць сабрацца з думкамі і вырашыць, што рабіць далей.
— Наколькі вялкае значэнне мае ў дыскусіі голас, яго тэмбр, пастаўленасць?
— Вельмі вялікае. Голас — гэта самая першая прывязка, эмацыйнае прыцягванне да сябе ўвагі. Лепш за ўсё працуе глыбокі, нізкі, гучны голас. У кагосьці такі ад прыроды, але гэта таксама можна напрацаваць. Так ці інакш, цягам часу аўдыторыя будзе губляць увагу да спікера, і каб яе ўтрымаць, ён мусіць мяняць свой падыход, чаргаваць спакойны, разважлівы тон з больш эмацыйным.
— Дзе праходзіць грань паміж пераконваннем і маніпуляцыяй?
— Паказальнік маніпуляцыі — калі чалавек робіць нешта патрэбнае маніпулятару, прычым самастойна да такой думкі ён бы не дайшоў. Маніпуляваць прасцей, для пераканання трэба шукаць нейкія слушныя аргументы. Апроч таго, у самім перакананні няма дзеяння — чалавек, якога ў чымсьці пераканалі, можа пазней прыйсці да нейкіх дзеянняў з гэтай нагоды, але гэта ўжо будзе яго асабісты выбар. Такім чынам, розніца ў матывацыі і ў тым, ці самастойна прымае рашэнне чалавек.
— Як правільна рэагаваць на маніпуляцыю?
— Можна разбурыць маніпуляцыю, ёсць багата тэхнік, як гэта рабіць. Але гэта не заўжды добрая стратэгія. Напрыклад, я не раю разбураць маніпуляцыі ў сямейным жыцці, бо яны так ці інакш у ім прысутнічаюць і пэўным чынам ажыццяўляюць сямейныя адносіны. Яшчэ можна маніпуляваць маніпулятарам, запэўніць яго, што ён дасягнуў сваёй мэты — так ён апынецца ў слабейшым становішчы за вас.
Comments are closed.