Loading

Адзін з лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру гэтага году, расійскае аддзяленне міжнароднай, праваабарончай арганізацыі «Мемарыял» зараз знаходзіцца ў Расіі пад ціскам і пераследам. Але і ў такіх рызыковых умовах праваабаронцы намагаюцца працаваць. Як гэта адбываецца зараз, а таксама пра гісторыю стварэння і працы «Мемарыяла» у эфіры «Світанку свабоды» распавяла кіраўніца маскоўскага аддзялення арганізацыі Аляксандра Паліванава.

 

Аляксандра Паліванава ў расійскім аддзяленні міжнароднай арганізацыі  «Мемарыял» адказная за працу маскоўскага офісу і супрацу з аддзяленнямі па ўсёй Расіі.

Праект, які курыруе Аляксандра, звязаны з тапаграфіяй савецкага тэрору ў Маскве: дзе, якія тэрарыстычныя падзеі адбываліся, як гэтыя месцы мемарыялізаваныя зараз, як прадстаўлена памяць аб гэтых страшных падзеях.

Напрыклад, ёсць у Маскве адзін гараж, каля якога ў 30-40-е гады мінулага стагоддзя былі расстраляныя НКВДшнікамі каля пятнаццаці тысяч чалавек. Але ніякай мемарыяльнай дошкі ці адзнакі там дагэтуль няма. Гараж па-ранейшаму выкарыстоўваецца ФСБ і знаходзіцца на тэрыторыі ведамства. Вакол падобных месцаў і падзей супрацоўнікі «Мемарыяла» ствараюць акцыі, накшталт «Акцыі вяртання імёнаў».

Па розных гарадах Расіі працуюць больш за сорак арганізацый «Мемарыял» .

«Міжнародны і расійскія «Мемарыялы»  – гэта не Макдональдс, які паўсюль стварае аднолькавыя філіі. Гэта сетка незалежных арганізацый, якая ўзнікла ў Расіі і краінах былога сацлагеру напрыканцы 80-х гадоў» .

У тыя часы пачаўся працэс вызвалення памяці пасля доўгіх дзесяцігоддзяў, калі людзі альбо нічога не ведалі пра сваіх сваякоў, якія загінулі ці прапалі без звестак, альбо баяліся пра іх распавядаць і ўвогуле ўзгадваць.

Першая адліга пачалася падчас кіравання Мікіты Хрушчова, калі былі апублікаваны некалькі твораў Салжаніцына і развенчаны культ асобы Сталіна. Але пайсці далей і распавесці ўсю праўду пра дзяржаўны тэрор у дачыненні да ўласнага народу ніхто не быў гатовы. Ніхто не пагаджаўся прызнаваць гвалт з боку дзяржавы ў такіх маштабах.

Таму за свой раман «Архіпелаг ГУЛАГ» Аляксандр Салжаніцын быў арыштаваны і высланы з краіны, а памяць зноў прыхавана.

Але шмат людзей працягвалі захоўваць у таемных хатніх архівах лісты родных з савецкіх лагераў, альбо нейкія дакументы. Аднак пра такое не казалі, і ў анкетах падчас працаўладкавання пісалі, што бацька адсутнічае ці прапаў без звестак. Нават год прапажы не пазначалі, каб не ўзнікала пытанняў.

Вызваленне памяці пачалося напрыканцы 80-х гадоў падчас Перастройкі. Тады з’явілася магчымасць у голас гаварыць аб тым, што раней было небяспечным табу. На гэтай хвалі вызвалення і ўзнік грамадскі рух «Мемарыял», мэтай якога было не проста вызваленне ўспамінаў, а і стварэнне музею, архіва, бібліятэкі, дакументацыйнага цэнтру і мемарыяльнага комплексу.

Гэта патрэбна для таго, каб пакаленні нашчадкаў пераасэнсоўвалі гэтую трагедыю і рабілі высновы з урокаў гісторыі. Каб людзі задаваліся пытаннямі, што і калі адбылося, як так сталася, што дзяржава развязала супраць свайго народу такі татальны тэрор.

Бо пацярпелі ўсе, нават тыя, хто не быў арыштаваны і рэпрэсаваны, былі максімальна абмежаваныя амаль ва ўсіх базавых правах чалавека: ад свабоды выказвання і веравызначэння да выбарчага права.

У 1988 годзе «Мемарыял» стаў вялікім грамадскім рухам. Людзі хадзілі па вуліцах, збіралі подпісы за кандыдатаў у наглядальны савет арганізацыі і адкрыццё мемарыяльнага комплексу ахвярам рэпрэсій.

Паступова з прыходам да ўлады Уладзіміра Пуціна дзяржава, якая дазволіла вызваліць гэтую памяць, пачала яе зноў забараняць. Спачатку незаўважна — здымаючы пэўныя стужкі з праграм фестываляў ці тэлеперадач, ці забараняючы дзяржаўным установам супрацоўнічаць з «Мемарыялам».

Жахлівыя формы гэта пачало прымаць з 2005 года, калі падчас святкавання чарговага юбілею перамогі ў ВАВ Пуцін у сваёй віншавальнай прамове назваў Сталіна пераможцам у вайне. Ужо больш ніхто не ўзгадваў антыгітлераўскую кааліцыю, лэнд-ліз і т.п. Сталін стаў героем перамогі, моцнай рукой аб’яднаўшы пад сабой савецкі народ.

Стала ўсё цяжэй казаць пра акупацыю краін Балтыі, калі падчас прыходу туды савецкай улады шмат людзей прымусова былі вывезены ў Сібір. Гэта зноў пачалі называць вызваленнем.

У выніку ў канцы снежня міжнародная арганізацыя «Мемарыял» афіцыйна была ліквідавана нібыта за парушэнне закону аб іншаземных агентах. Але рэальную прычыну падчас суду агучыў сам пракурор. Ён сказаў, што «Мемарыял» варта ліквідаваць, бо ён стварае вобраз СССР як тэрарыстычнай дзяржавы. Але гэты вобраз ствараў не «Мемарыял», а сама краіна-тэрарыст.

Аляксандра Паліванава з калегамі. Фота: facebook.com/memorial.soc

Праца арганізацыі змянілася

Працаваць па-ранейшаму было небяспечна, прычым не толькі для супрацоўнікаў арганізацыі, але і для ўдзельнікаў іх мерапрыемстваў. Пасля пачатку вайны ў лютым у Расіі былі ўведзены новыя законы ваеннай цэнзуры, адпаведна якім, напрыклад, вайну нельга называць вайной, а выключна «спецыяльнай ваеннай аперацыяй» і г.д.

Людзей пачалі затрымліваць па даносах і за адкрытыя выказванні. Легальнай прасторы для свабоднага выказвання не засталося.

Міжнародныя аддзяленні «Мемарыяла» працягваюць працаваць у сваіх краінах па-ранейшаму. З расійскага аддзялення шмат супрацоўнікаў пакінулі краіну. Аляксандра Паліванава застаецца ў Маскве, бо лічыць неабходным быць у жывым кантэксце краіны, стасавацца з людзьмі, адчуваць настроі.

14 чэрвеня ў дзень памяці прымусова вывезеных з краін Балтыі «Мемарыял» правёў акцыю, падчас якой зачытвалі спіс імён пацярпелых. І нават гэтага было дастаткова, каб людзі, якія прыйшлі на акцыю, паміж сабой казалі, што зараз ва Украіне Расія робіць абсалютна тыя ж самыя злачынствы, што і СССР раней.

У Расіі зараз шмат злачынных рэчаў, кажа Аляксандра Паліванава. Адна з іх — уяўленні расіян аб дзяржаве як аб абсалютнай сіле, якая можа рабіць што заўгодна, бо яна важней і мацней за чалавека. Такім чынам, грамадства надзяляе дзяржаву гэтай манаполіяй на гвалт.

Другое вялікае зло — гэта каланіяльныя, імперскія погляды Расіі на іншыя краіны. То бок, дзяржава не толькі дамінуе ўнутры сваёй краіны і прыціскае ўсякае іншадумства і волю, але і робіць гэта ў дачыненні да іншых краін.

Аляксандра лічыць, што грамадства ў Расіі зараз разбуранае і ёсць тыя, хто падтрымлівае гвалт і вайну. І гэта новы выклік для супрацоўнікаў «Мемарыяла». З гэтым варта працаваць і намагацца змяняць. Каланізацыя выказваецца і ў знешняй і ва ўнутранай палітыкі краіны. Бо Расія — гіганцкая, на яе тэрыторыі месцяцца 90 суб’ектаў федэрацыі. Гэта народы з асобнымі культурамі, мовамі, рэлігіямі. І яны зараз у вельмі слабым стане.

Менавіта ўнутраная дэкаланізацыя можа паспрыяць дэкаланізацыі знешняй. Таму зараз вельмі важна не спыняць барацьбу з гэтымі перакручанымі ўяўленнямі ў грамадстве. Менавіта гэтую працу «Мемарыял», як можа, намагаецца працягваць.

Comments are closed.