Loading

Актор і рэжысёр  Аляксандр Ждановіч вядомы ў Беларусі і дзецям і дарослым. Некалькі пакаленняў беларусаў гадаваліся на «Калыханках», у якіх ён быў добрым казачнікам Маляванычам. 

У жыцці спадар Аляксандр такі ж добры, сціплы чалавек з вялікім сэрцам і любоў’ю да свету і людзей. Зараз ён жыве ў Грузіі, дзе працягвае працаваць з дзяцьмі і для дзяцей як актор і рэжысёр. Прымае ўдзел у розных незалежных медыйных праэктах, якія прасоўваюць беларускую мову і культуру.

У падкасце «Неверагодныя» Аляксандр Ждановіч распавёў пра свой самы яркі дзіцячы ўспамін, шлях да Бога, выпрабаванне веры і ўласнае ўспрыняцце беларускасці.

Адзін з яркіх успамінаў дзяцінства – летняя раніца, хлопчык прачнуўся. У чатыры вакна льецца сонечны свет, бачны куст квітнеючага язміну. На вуліцы ўжо пачалося жыццё, а хлопчык не спяшаецца ўставаць, бо цешыцца асалодай, гармоніяй і шчасцем, якія напаўняюць ягонае сэрца.І гэты сямігадовы хлопчык спачатку не ўсведамляе, а чаму ж ён такі шчаслівы, што дыхаць немагчыма? І потым узгадвае, што сёння ў яго Дзень народзінаў.

«Здаецца, Дастаеўскі сказаў, што чалавек, які вынес з дзяцінства хаця б адзін светлы ўспамін, не страціць надзею, бо яму ёсць чым жыць».

Фота: facebook.com

Шлях у прафесію

Аляксандр кажа, што па натуры ён не тыпічная асоба для акторскай прафесіі – не мае патрэбы ў пастаяннай увазе да сябе. Вядома, прафесія накладае пячатку і чалавек змяняецца, але Аляксандр дагэтуль кажа пра сябе як пра інтраверта.

У дзяцінстве Аляксандр Ждановіч не наведваў ніякіх тэатральных гурткоў і не марыў аб акторстве. Але выдумляў свой сусвет, маляваў мапы, на якіх былі прыдуманыя краіны, пісаў вершы і аповесці і гуляў ва ўласна прыдуманыя спартыўныя гульні.

Пад час уступных экзаменаў у Тэатральна-мастацкі інстытут вырашыў, калі не атрымаецца, пойдзе ў кулінарны тэхнікум. На шчасце атрымалася з першага разу. Нават, дзіўна, што камісія пабачыла ў худзенькім, падобным на нейкага страусяня хлопчыку, які выглядаў на шмат маладзейшым за свой узрост.

Усё сваё тэатральнае жыццё Аляксандр Ждановіч праслужыў у Тэатры імя Горкага. Апроч таго, артыст шмат здымаўся, працаваў на тэлебачанні і радыё, як рэжысёр рабіў спектаклі з дзеткамі, якімі шчыра ганарыцца.

Выпрабаванні веры

Аляксандр Ждановіч – праваслаўны хрысціянін. У дзяцінстве, які і большасць савецкіх дзяцей, ніякага рэлігійнага выхавання ён не атрымаў. Але вось гэтыя дзіцячыя ўражанні і здольнасць глядзець на свет чыстымі анёльскімі вачыма, менавіта і ёсць боская прырода ў маленькім чалавеку.

Шлях да Бога для яго быў натуральным пошукам адказаў на грунтоўныя пытанні. У юнацтве Аляксандр ніяк не хацеў звыкацца з думкай, што пасля смерці ад чалавека нічога не застаецца і шукаў адказаў на пытанні аб сэнсе жыцця.

Ён шмат чытаў літаратуры па ўсходніх рэлігійных філасофіяй, разважаў, прыслухоўваўся да сабе. Моцны ўплыў на яго станаўленне як хрысціяніна аказала жонка Людміла, якая была прыхаджанкай Свята – Елізавецінскага манастыру, а пасля і служыла пры ім. Аляксандр з вялікай любоў’ю ўзгадвае жонку, якая сышла сем гадоў таму.

«Яна была чалавекам неверагодным. Дастаткова было паглядзець на яе, каб сказаць, што я бачыў чалавека, у якім жыве Бог».

Менавіта Людміла праз сваё служэнне дзеткам з псіха-неўралагічнымі асаблівасцямі далучыла мужа да гэтай дабрачыннай справы. 

Бога не магчыма прыняць толькі інтэлектуальна, лічыць Аляксандр Ждановіч. Галоўныя высновы чалавек прапускае праз уласнае сэрца, досвед і стасункі з людзьмі. Таму ён доўгі час прыглядаўся спачатку да хрысціянства і царквы.

Падзеі 2020 года моцна паўплывалі на ўзаемаадносіны Аляксандра Ждановіча з праваслаўнай царквой Беларусі. Ён кажа, што вельмі асцярожны прыглядаўся да пратэстаў.

«Я быў таксама адурманены гэтым вучэннем, што ўсякае ўлада ад Бога, а пратэст супраць яе не ад Бога».

Але плынь хлусні з боку БПЦ, яе моцная палітызаванасць з аднаго боку і паводзіны, памкненні пратэстоўцаў з іншага боку, вымусілі зрабіць выбар і стаць на бок тых, хто пайшоў супраць рэжыму. Бо мірыцца з гвалтам і хлуснёй было немагчыма.

«Былі такія моманты ў дваццатым годзе, калі я думаў, што проста звар’яцею. Разбурыліся тыя куміры. І сярод усіх гэтых аўтарытэтных розных галасоў мне дапамог ціхі голас унутры майго сэрца. Той, што быў у сэрцы таго маленькага хлопчыка з дзіцячых успамінаў».

У Тбілісі Аляксандр наведвае набажэнствы, але кажа, што прычашчацца і спавядацца стаў рэдка.

«Спадзяюся, што калі Бог ёсць, то ён бачыць шчырасць, якую я спрабую захаваць у сябе, – не ілгаць самому сабе, а значыць і Богу».

Фота: facebook.com

Што такое быць беларусам

Цяжкае і складанае пытанне. Быць беларусам – гэта любіць сваю мову і гісторыю. Але тыя, хто не ведаюць мову таксама ж беларусы. На жаль, мы адракліся ад сваёй мовы і культуры і шмат чаго згубілі праз гэта. Але ў нас засталіся ментальныя асаблівасці. Напрыклад, непрыняцце гвалту. І пратэсты дваццатага года гэта вельмі добра паказалі. Калі людзі былі гатовыя ахвяраваць сабой, але не гвалтаваць у адказ. Можа такая пазіцыя і безвыніковая ў плане дасягнення мэты пратэстаў, але яна надзвычайна прыгожая і велічная ў духоўным плане. Калі ёсць Бог, то ён вось у гэтых рэчах.

«Я часта ўзгадваю раман Паўла Севярынца «Беларусалім». Нешта ў гэтым ёсць. Быць беларусам, гэта быць чыстым».

Comments are closed.