Loading

Да 20 лютага адкрыты прыём у «Школу Грамадскіх Лідараў». Праект рэалізуюць Фонд Школы Лідараў, Вольны Беларускі Ўніверсітэт і Фонд Міжнароднай Салідарнасці. Падаваць заяўкі запрашаюць лідараў няўрадавых арганізацыяў, прадстаўнікоў акадэмічных, медыйных, культурніцкіх колаў – гэта павінны быць людзі, якія хочуць актыўна працаваць у беларускіх асяродках як унутры краіны, так і за яе межамі, а таксама займаюць актыўную грамадзянскую пазіцыю ды падзяляюць дэмакратычныя каштоўнасці.

Радыё Ўнэт у размове з канцлерам Вольнага Ўніверсітэта Аляксандрам Мілінкевічам закранулі не толькі тэму кадраў для Новай Беларусі, але і лёс нашай краіны зараз і ў постваенны час.

– Адкрыты набор у школу лідараў, якую ў тым ліку падтрымлівае і Вольны Ўніверсітэт. Што гэта за праграма, на каго разлічана і каго чакаеце?

– У кожнай супольнасці, у кожным горадзе і ў кожнай краіне ёсць свае лідары, мы ўмеем іх знайсці, і дапамагаем гэтым людзям знайсці свой індывідуальны стыль і раскрыць свой патэнцыял. Многія з тых, хто прайшоў школу, змянілі свае жыццё. Для нас гэта вельмі важна. Мы маем выдатнага партнёра ў Польшчы, гэта фундацыя Школа Лідараў, якая працуе ўжо дзесяцігоддзі і мае больш за чатыры тысячы выпускнікоў, якія ўвесь час у Польшчы ініцыіруюць грамадскія перамены. Мы рыхтуем такія кадры для Беларусі. У нас ужо была адна такая школа, зараз мы робім наступную і верым, што знойдзем жадаючых.

– А колькі чалавек вы набіраеце?

– Звычайна мы набіраем 30 чалавек. Акадэмічная група гэта 25 чалавек, іх разбіваюць на падгрупы. Але трэба разумець, што дыстанцыйнае навучанне патрабуе самадысцыпліны, матывацыі, таму адсеў заўсёды ёсць. Але мы хочам, каб як мага большая колькасць людзей прайшла навучанне і скончыла нашу школу.

– Як Вы ўжо ўзгадалі, першая Школа Лідараў выпусцілася, ёсць у Вас выпускнікі, а дзе зараз гэтыя людзі?

– Гэтыя людзі і ў Беларусі і за мяжой, у розных краінах. Але шчыра кажучы для нас вельмі важна падрыхтаваць лідараў пераменаў для будучай Беларусі.

– Але не толькі Школа Лідараў рыхтуе такіх спецыялістаў, а яшчэ і Вольны Ўніверсітэт, канцлерам якога Вы з’яўляецеся. Як Вы ацэньваеце гэты адукацыйны праект?

– Я спрабую быць сціплым і ацэньваю нас някепска. Мы вельмі шмат зрабілі. Мы існуем як фундацыя, якая стварае адукацыйныя курсы, ужо паўтара гады. Яшчэ было паўтары гады падрыхтоўкі да гэтага. Мы лічым, што выконваем сваю місію, якая вельмі проста склалася. У Беларусі шмат людзей адукаваных, але калі раптам заўтра прыйдзецца праводзіць рэформы, структурныя пераўтварэнні, ці ведаюць гэтыя людзі, як гэта рабіць? Беларусь будзе праводзіць рэформы апошняй у нашым рэгіёне, і гэта кепска. А з іншага боку і добра, бо мы можам скарыстаць досвед іншых краін. Мне, напрыклад, асабіста падабаецца вопыт Эстоніі. Краіна падобная да нас, зрабіла стаўку на ІТ-сферу.

– Чым больш часу праходзіць, тым больш рэформ патрэбна сучаснай Беларусі і многія з іх будуць вельмі балючымі. Як Вы лічыце, ці можна навучыць людзей, як аптымальна праводзіць рэформы?

– Калі мы кажам, што мы рыхтуем рэфарматараў, то гэта такі папулярны выраз, ні адзін універсітэт, з якім мы супрацоўнічаем, не напіша ў дыпломе ці сертыфікаце: мы падрыхтавалі рэфарматара. Мы падрыхтавалі людзей, якія ведаюць досвед рэформ у суседзяў і змогуць гэта выкарыстаць. Мы рыхтуем людзей, якія ўмеюць займацца самаадукацыяй, бо сёння трэба вучыцца ўсе жыццё. Людзей, якія ўмеюць працаваць у камандзе, якія ўмеюць адстойваць сваю думку і жывуць ідэяй і ўсведамляюць сваю місію, бо калі мы адбіраем людзей, мы пытаемся: а вы бачыце сябе ў будучай Беларусі.

– Уявім такую сітуацыю, што прама заўтра трэба пачынаць рэформы? З чаго будзем пачынаць?

– Некаторыя баяцца рэформаў і гэта справядліва, нібыта, таму што людзі думаюць, што новая ўлада скажа «пачынаем рэформы, таму зацягвайце паясы». І людзям страшна. Калі пагаварыць з дасведчанымі эканамістамі, то цалкам магчыма ў нас правесці рэформы небалюча, без «шокавай тэрапіі». Трэба прадумаць праграмы падтрымкі. Але баяцца рэформ не трэба, гэта аздараўленне грамадства, гэта перспектывы для нас саміх, для нашых дзяцей і ўнукаў. Абсалютна няправільна было б сказаць, што мы будзем лепш сядзець і спаць у шапку. Суседзі нам паказалі, як можна жыць. І я веру ў патэнцыял беларусаў.

– А ці ёсць у сучаснай Беларусі такая сфера, якую не трэба рэфармаваць?

– Людзі, з якімі мы ствараем гэтыя праграмы, заўсёды кажуць: рэфармаваць краіну трэба пастаянна. Ёсць адносна нескладаныя рэформы – трэба будзе вярнуцца да дэмакратычнай Канстытуцыі, мы гэта можам хутка зрабіць, бо ўжо зараз ёсць некалькі ўдалых праектаў. Рэфармаваць трэба фінансы, сельскую гаспадарку, вайсковая рэформа мусіць быць. Шмат трэба зрабіць, але рэформа адукацыі, на мой погляд, павінна быць адной з першых.

У некаторых зараз дэпрэсія, што ў нас усё прапала, не перамагла ў нас дэмакратыя і мы фактычна ізгоі. Але я ўпэўнены, што пасля таго, як скончыцца вайна ва Украіне, а яна скончыцца перамогай Украіны, у нас і нашых суседзяў адкрыюцца новыя магчымасці. Сярод трох суседніх дзяржаў Беларусі, Украіны і Расіі, у нас самыя лепшыя перспектывы. Адукаванае грамадства, суперінфраструктура дарог, хуткі і танны Інтэрнет, мы падрыхтаваны да лічбавізацыі краіны і па сваім настроі беларусы праеўрапейцы. У Расіі будуць вялікія праблемы з грамадствам, у іх у галовах вайна дамінуе. Украінцы будуць мець разбураную краіну і ім трэба будзе яе аднаўляць. А мы можам стаць лідарам рэгіёну ў пераўтварэннях за кошт таго, што мы маем патэнцыял. Але мы мусім быць аптымістамі. І нам трэба казаць пра свой патэнцыял.

– Сёння для нас галоўнае вырвацца са сферы ўплыву «рускага міру». Гледзячы на сучасны геапалітычны расклад, на гіпатэтычную мірную дамову паміж Украінай і Расіяй, як Вы лічыце, ці ёсць у Беларусі еўрапейская будучыня ці мы так і застанемся сферай уплыву Расіі?

– Гэта залежыць ад таго, што ў нашы галовах. 2020 год паказаў, што большасць беларусаў – гэта інтэрнет-пакаленне, якое ўмее знайсці інфармацыю і зразумець, што адбываецца ў свеце. Яны хочуць самі абіраць уладу і будучыню для сваіх дзяцей. Гэтым мы ўжо еўрапейская нацыя. Мы самі ў гэтым пераканаліся і іншых пераканалі. З іншага боку, калі мы пагрукаемся ў ЕС, ці нас адразу возьмуць? Не, адразу не возьмуць. Палякі ішлі 10 гадоў, іншыя яшчэ больш. Таму што шмат трэба будзе змяніць. За нас ніхто не будзе нічога рабіць, мы павінны зрабіць усе самі і ўзяць адказнасць на сябе.

– Вы маеце вялікі палітычны досвед, а ці прыцягваюць Вас у якасці кансультанта, эксперта прадстаўнікі дэмакратычных сіл?

– Я ў кантакце з многімі людзьмі, якія зараз сярод беларускіх лідараў. Мне ёсць што распавесці: досвед дэмакратычнага руху і досвед кантактаў з еўрапейскімі лідарамі вельмі важны. Я ведаю, што ні я адзін дапамагаю. Нам важна пазбавіцца, таго, што гучала ў 2020 годзе: быццам бы старая апазіцыя не змагла. Усе сёння маюць значэнне, нават дысідэнты савецкіх часоў. Кожны рабіў сваю справу ў свой часу і сёння нам трэба кансалідавацца. Нам трэба перастаць шукаць ворагаў унутры сябе, час пакажа, хто кім быў, але задача нумар адзін – кансалідацыя, аб’яднанне вакол ідэі вольнай Беларусі.

Размову з Аляксандрам Мілінкевічам слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.