19 снежня Уладзімір Пуцін быў з афіцыйным візітам у Мінску. Літаральна праз тыдзень, 24 снежня, у Маскву з візітам паляцеў Аляксандр Лукашэнка. Чым выклікана такая надзвычайная актыўнасць паміж заклятымі хаўруснікамі распавёў журналіст і палітолаг Аляксандр Класкоўскі.
Апошнія іх сустрэчы я б назваў рытуальнымі. Хоць вакол візіту Пуціна ў Мінск было шмат спекуляцый і драматызацый, але гэта было штучнае. Некаторыя казалі, што Пуцін едзе, каб канчаткова выкруціць Лукашэнку рукі, каб той уступіў у вайну. Іншыя казалі, што Пуцін едзе, бо яму патрэбны суцяшальны прыз пасля таго, як украінцы надавалі яму па пысе, пасля здачы Херсону і адыходу расійскіх войскаў. І што Пуціну трэба зараз далучыць Беларусь, каб паказаць як пашыраецца расійская дзяржава.
Я думаю, што драматызацыя была штучная з дзвюх прычын. Па-першае, тое, што паміж Пуціным і Лукашэнкам няма даверу, зразумела. Гэта такія слізкія заклятыя хаўруснікі. Але сёння паміж імі не тое, каб паразуменне, але яны знаходзяць агульную мову. Былі перыяды, калі яны яе не знаходзілі. Тады ішлі розныя нафтавыя, газавыя і іншыя войны паміж імі. У той час Масква дзейнічала інакш: яна перакрывала вентыль, не давала энерганосьбіты і крэдыты. Ціснула эканамічнымі рычагамі. Сёння ж мы бачым, што Масква дае можа не столькі, як хацеў бы Лукашэнка, але вельмі шмат. Там і крэдыт на імпартазамяшчэнне і адносна танны газ. Цану, праўда, на яго так і не назвалі, але Лукашэнка некалькі разоў падкрэсліў, што цана камфортная.
То бок, сёння не тая сітуацыя, у якой Масква выкручвае Лукашэнку рукі. Так, Крэмль зацікаўлены ў тым, каб хаўруснік як мага мацней яго падтрымліваў. Але ці абавязкова Пуціну, каб беларускае войска ўлазіла ў гэтую мясарубку, тут не відавочна. Магчыма, ён прымае лукашэнкаўскія аргументы, набор якіх вядомы. Таму, што сам Лукашэнка не хоча ў гэтую калатнечу ўлазіць. Для яго гэта акрамя непрыемнасцяў нічога не абяцае. Таму Лукашэнка кажа, што мы ад натаўцаў заходні фланг трымаем.
Па-другое, ён можа сам-насам казаць пра тое, што войска ў Беларусі невялікае, матывацыя невялікая і вайсковага досведу няма. Да таго ж, украінцы мін панаставілі, масты паўзрывалі, мы пойдзем, нас размажуць за 5 хвілін. Таму, ці не лепей для Расіі, калі Беларусь пакуль у стабільнай сітуацыі, з’яўляецца плацдармам, дае шмат неабходнай прадукцыі ва ўмовах санкцый. А калі беларускае войска пойдзе ў наступ, гэта не прынясе пералому на фронце, але можа дэстабілізаваць сітуацыю ў краіне.
Лукашэнка ў зносінах з Пуціным апошнім часам паводзіць сябе як гаспадар становішча. Якая цана лаяльнасці, што чакае Пуцін ад яго?
Лукашэнка сёння выкарыстоўвае кан’юктуру моманту дзеля таго, каб прасунуць прадукцыю беларускіх прадпрыемстваў на расійскі рынак. Таму, што Еўропа ўвяла санкцыі, а на расійскім рынку ўтварылася свабодныя нішы. Нейкі кароткатэрміновы выйгрыш у гэтым ёсць. Але з другога боку, гэта яшчэ больш прывязвае Беларусь да расійскага рынку, лагістыкі і аднаго гандлёвага партнёру. Пра дыверсіфікацыю тут ужо гаворка не ідзе. Ну і другая залежнасць існуе ад развіцця падзей ва Украіне. Пакуль Расія бярэ ў Беларусі прадукцыю і цывільнага і падвоенага прызначэння. Пэўная кампенсацыя падзення ВУП ад санкцый пакуль ёсць. Таму і падзенне эканомкі пакуль меншае, чым прагназавалі незалежныя эканамісты.
Але што далей? Бо відавочна, што Расія гэтую вайну не выйграе. І пытанне толькі ў тым, наколькі моцнымі ў наступным годзе будуць поспехі Украіны. Калі пачнецца сапраўды вялікі наступ і Украіна пачне выкідаць расійскія войскі са сваіх тэрыторый, захістаецца ў выніку паразы і палітычны рэжым Пуціна. Тады ўсе часовыя дывідэнды Лукашэнкі захістаюцца пад корань. І ён ужо апынецца не проста суагрэсарам, а памагатым таго, хто прайграў у вайне.
Таму ў пэўны момант Лукашэнка пастараецца адскочыць і адгрэбці, каб не патануць разам з гэтым расійскім «Тытанікам». У гэтым плане наступны год будзе вельмі драматычны і вызначальны для лёсу Беларусі.
Пры якіх умовах Лукашэнка можа не патануць разам з расійскім «Тытанікам»?
Увогуле перспектывы для Лукашэнкі бязрадасныя. Ні ён сам, ні ягоная сістэма ўжо не пераробяцца. Але разам з тым, мы памятаем, як шмат разоў Лукашэнку прадказвалі канец, але ён выкручваўся. Бо ягоная прага да ўлады і інстынкт палітычнага выжывання проста шалёныя. Таму цалкам аспрэчваць магчымасць таго, што ў апошні момант ён адскочыць і скажа, што заўжды быў міратворцам і трымаў «дулю ў кішэні», войска не паслаў і кепскую форму шыў для рускіх, не варта. Усялякія манеўры могуць быць з ягонага боку, і я не выключаю, што ў наступным годзе мы такое пабачым, калі «запахне смажаным» для Расіі і для яго.
Тут цяжка загадваць, але сам рэжым вельмі нягнуткі. Лукашэнка тут перайшоў чырвоную рысу. Ён разумее, што не можа абапірацца на шырокую электаральную масу, таму ягоная стаўка на дручкі, сілавікоў, рэпрэсіі, на паліцэйскую дзяржаву і таталітарызацыю ўсяго ладу жыцця. І тут яму цяжка павярнуць у іншы бок. Але калі сітуацыя вымусіць яго гуляць, то з’явіцца пэўнае вакно для перамен. Каб ажывіліся ўсе тыя людзі і сілы, якія хочуць іншай Беларусі і пазбаўлення ад рэжыму. Але простых і хуткіх сцэнароў я тут не бачу.
У лепшым для дэмакратычных сіл выпадку, параза Расіі ў вайне можа адкрыць вакно магчымасцяў. Але наколькі ім можна будзе скарыстацца – вялікае пытанне. Таму што гэта асобная, вялікая тэма пра стратэгію, паводзіны, дальнабачнасць і рэсурсы дэмакратычных сіл. Тут, мякка кажучы, не ўсё добра.
Пуцін падараваў кіраўнікам 9 краінаў пярсцёнкі з сімволікай СНД, якія ў сеціве ўжо празвалі пярсцёнкамі Саўрона. Што гэта за жэст, аб чым ён сведчыць?
На мой погляд, гэта прыкмета імперскай безгустоўнасці, каб па-багатаму. Гэта трэш і моветон. Не ўяўляю, каб заходнія лідары раздавалі нешта падобнае. Такі імперскі кітч, каб паказаць, што ў нас шмат золата. Але, бачыце, у іншых постсавецкіх правадыроў хапіла розуму іх не надзець. Лукашэнка ж адразу гэты пярсцёнак на сябе нацягнуў, каб паказаць сваю адданасць. Гэта чакана выклікала жарты ў сацсетках.
Але гэта сімвал таго, што Беларусь акальцавалі. Як акальцоўваюць птушак, каб сачыць за імі. Так будуць сачыць за Лукашэнкам, каб той ніякіх сепаратных перамоваў не пачынаў, бо сімптомы ёсць. Пакуль паміж імі ёсць агульная мова, яны праводзяць гэтыя псіхатэрапеўтычныя сустрэчы, каб паказаць, што не ізгоі. Але насамрэч ніякіх шчырых адносінаў там няма. І Лукашэнка толькі і думае, як адскочыць. Бо гэтая вайна для яго вялікая праблема, паколькі для яго выйгрышу тут не будзе.
Можа ў першыя пару дзён ён і думаў, што Расія пераможа і ён уедзе ў Кіеў на трактары і будзе дзяліць дывідэнды перамогі. Але тут вялікі аблом атрымаўся. І на сёння Лукашэнка думае, як ад гэтай сітуацыі дыстанцыявацца. Таму, думаю, што наступны год у гэтым плане будзе вельмі цікавы.
Поўную размову слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.