Loading

Галоўным героем Дня Перамогі-2023 стаў безумоўна Лукашэнка. Усе сачылі за яго станам здароўя, спачатку ў Маскве, а пасля ў Мінску. Няздольнасць прайсці 300 метраў, потым адсутнасць на ўрачыстым абедзе Пуціна, публікацыі пра «хуткія дапамогі» для Лукашэнкі ў расійскіх СМІ. Да апошняга захоўвалася інтрыга, ці зможа ён прыняць удзел ва ўрачыстасцях да Дня Перамогі, запланаваных у Мінску. КДБ нават прыдумала спецыяльны план пра тэракт, каб у выпадку чаго апраўдаць яго адсутнасць на ўрачыстасцях. Лукашэнку на Плошчу Перамогі прывезлі, а вось зрабіць так, каб ён загаварыў, ужо не змаглі: галоўным аратарам быў прызначаны міністр абароны Віктар Хрэнін.

Ці зможа хворы Лукашэнка кіраваць Беларуссю, хто можа прыйсці яму на замену, а таксама навошта ў такой сітуацыі было выклікаць яго ў Маскву, радыё Ўнэт абмеркавала з гісторыкам і палітолагам Аляксандрам Фрыдманам.

— Напрыканцы дня засталося больш пытанняў, чым адказаў. Відавочна, што ён адчуваў сябе дрэнна падчас гэтага падарожжа ў Маскву. Нават тыя фота і відэа, якія з’яўляліся, гавораць на карысць гэтай версіі. Напэўна, гэта было лепшае, што маглі прадэманстраваць беларускія прапагандысты, а тое, што прыйшло з расійскіх крыніцаў, там увогуле ўсе дрэнна выглядае. Пасля ён усе ж такі прыляцеў у Мінск, удалося прывесці яго ў такі стан, каб ён змог прыняць удзел у гэтай цырымоніі. Ён прысутнічаў, але прамову зрабіць не змог. І тое, што з прамовай выступіў Хрэнін, гэта пакідае яшчэ больш пытанняў. Зараз, відавочна, прапаганда імкнецца сітуацыю выратаваць. Дэманструюцца відэа, дзе ён паказвае нешта людзям, якія сабраліся, гэта выглядае гратэскна. Што з Лукашэнкам, невядома. Але бачна, што адчувае ён сябе не лепшым чынам. Напэўна, першы раз, як мне падаецца, ёсць канкрэтныя таму сведчанні. Бо раней гэта было на ўзроўні слыхаў ці адрывачных інфармацый, а тут канкрэтныя відэа: усе бачылі, у якім стане ён быў у Макве, усе бачылі, што ён не ў стане быў зрабіць гэтую святочную прамову ў той дзень, які зʼяўляецца галоўным у беларускім палітычным календары. Для таго, каб было зразумела: нават у 2020 годзе, калі была карона, у Беларусі праводзіўся парад і святочныя мерапрыемствы. І нават у той жахлівы час Лукашэнка зрабіў прамову.

— А навошта было яго ў такім стане цягнуць у Маскву?

— Гэта якраз быў той выпадак, калі ён не мог адмовіцца. Пуцін вырашыў зрабіць такую прамову, у якой падкрэслівалася сумеснае савецкае мінулае, сумесная барацьба супраць нацыстаў, і вось прадстаўнікі былых савецкіх рэспублік павінны былі стаць пацверджаннем таго, што была гэтая супольная барацьба, і сёння ў такі неспрыяльны, цяжкі момант гэтыя рэспублікі стаяць на савецкім баку. І сапраўды, усіх, каго Масква магла сабраць у гэты дзень, акрамя Ільхама Аліева, яна сабрала. Аліеў, канешне, прыкрыўся святочнымі мерапрыемствамі ў Азербайджане, гэта зразумела. Але, усё ж такі я думаю, прычына, чаму Аліева там не было, у тым, што ў яго куды большая самастойнасць, чым у астатніх, хто там прысутнічаў. Аліеў мае магчымасць сказаць Маскве «не», а Лукашэнка такой магчымасці не мае.

— Усе гэтыя кадры і відэа з Лукашэнкам зліў крамлёўскі пул, гэта пра штосьці кажа?

— Я б тут вылучыў некалькі чыннікаў. Па-першае, у Расіі няма такога поўнага, татальнага кантролю над медыямі, раз-пораз там прасочваюцца пэўныя рэчы. Тым жа аператарам трансляцыі, не былі загады не паказваць Лукашэнку. Другі момант, што сённяшнія падзеі для Расіі хутчэй непрыемная гісторыя: парад атрымаўся скомканы, з тэхнікай выйшаў канфуз, прамова Пуціна была шэрай. Акрамя таго правакацыйныя заявы Прыгожына, сваркі паміж ім і Міністэрствам абароны – калі такое адбываецца асабліва на 9 траўня, то гэта не вельмі прыемна. Таму тэма здароўя Лукашэнкі гэта магчымасць адвесці ўвагу. А сапраўды, схаваць яны гэта маглі. Тое, што Лукашэнка адсутнічаў на абедзе, мы даведаліся з расійскіх СМІ, яны адмыслова апублікавалі гэта фота.

— Кадры з мінікарам таксама маглі б ні зліваць.

— Так, маглі б не зліваць. Але, дзякуючы расійскім медыям, мы шмат чаго даведаліся. Гэта паказвае іх стаўленне да Лукашэнкі. Ён для іх несурʼёзная асоба. Мне падаецца, што правіла не паказываць у дрэнным выглядзе ў Расіі дзейнічае толькі адносна Пуціна.

— Калі здароўе Лукашэнкі будзе пагаршацца, што чакае Беларусь?

— Гэты момант вельмі цікавы, таму што мы бачым, як могуць разгортвацца падзеі. На мерапрыемствах, дзе выступае Лукашэнка, яго ў апошнія дні замянялі розныя асобы, ніводнага разу не было, што гэта зрабіла адна і тая ж асоба. Быў Галоўчанка, была Качанава. Што мы маем сёння?

— Хрэнін?

— Я пачаў бы з Церцеля. Мне падаецца, што яны выпусцілі гэтую версію пра тэракты таму што яны былі ўпэўненыя ў тым, што Лукашэнка здолее прыняць удзел ва ўскладанні кветак. Калі б Лукашэнка не здолеў гэтага зрабіць, яны б сказалі: глядзіце, пагроза тэракту. І вось гадзіну-паўтары абмяркоўваецца гэтая версія пра тэракты, а пасля зʼяўляецца Хрэнін. І мы бачым такі покер, гульню розных галін улады. Я б гэта назваў «калектыўны Лукашэнка». Людзі сістэмы, якія пасля Лукашэнкі пачнуць барацьбу за ўладу. Я б тут яшчэ не скідваў з рахунка Вальфовіча, але ён такая менш публічная фігура. Эрзатца для Лукашэнкі няма. Кожны з гэтых людзей адыгрывае пэўную ролю, але іх роля маленькая. Ніхто з іх не займае нейкую асаблівую пазіцыю.

Сёння ўвесь свет пабачыў, што эпоха Лукашэнкі завяршаецца. Яна можа скончыцца ў любы момант. Калі толькі падумаем: сёння першы раз з 1995 года на 9 траўня не было прамовы Лукашэнкі. Мы яго яшчэ бачылі, але ўжо не чулі. Гэта азначае, што ў Беларусі можа разгарнуцца барацьба за ўладу сярод тых людзей, якія знаходзяцца ў атачэнні Лукашэнкі. Калі б гэта адбылося сёння, то гэта была б наменклатурная барацьба і на першыя пазіцыі выйдзе той, каго падтрымае Масква. Калі ж знешнепалітычны кантэкст зменіцца і Маскве будзе не да беларускага пытання, то гэтая сістэма Лукашэнкі можа абваліцца. У гэтым выпадку, хто б з наменклатуршчыкаў не прыйшоў да ўлады, яны будуць вымушаны дамаўляцца з Захадам і, магчыма, нават з Ціханоўскай. Магчыма ўсе, што заўгодна. У Лукашэнкі няма пераемніка, ён не рыхтуе пераемніка, бо разумее, што нават самая лаяльная асоба можа потым зрабіць з табой нешта дрэнная. А гэта значыць, што будзе барацьба.

Поўную размову з Аляксандрам Фрыдманам слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.