Loading

На розных міжнародных палітычных пляцоўках Расію прызналі краінай-тэрарыстам і прынялі рэзалюцыі, якія абавязваюць яе выплочваць рэпарацыі Украіне. Да практычных наступстваў гэтых прызнанняў для Расіі пакуль не дайшло, але відавочна, што краіна ператвараіцца ў ізгоя. Так з 17 па 19 лютага 2023 года ў Мюнхене будзе праходзіць міжнародная канферэнцыя па бяспецы, куды афіцыйных прадстаўнікоў Расіі не запрасілі. Новы старшыня канферэнцыі Крыстоф Хойсген, былы амбасадар Нямеччыны ў ААН, напісаў, што яны хочуць абмеркаваць будучыню Расіі з лідэрамі расійскай апазіцыі і з расіянамі, якія зараз жывуць у выгнанні. Гэтыя акалічнасці каментуе гісторык і палітолаг Аляксандр Фрыдман.

Калі паглядзець на гэта з пункту гледжання Расіі, гэта, па-першае, вельмі непрыемна, калі дзяржаву прызнаюць тэрарыстам. І, зноў жа, калі паглядзець на Еўропу і Злучаныя Штаты, назіраецца кансэнсус па гэтым пытанні. Нават тыя краіны, якія да Расіі ставяцца досыць прыязна, напрыклад, тая ж Венгрыя, яны таксама да гэтага далучаюцца. 

Пакуль нічога практычнага няма, але ў будучым практычныя крокі не выключаны. Размова ж ідзе не толькі пра тое, каб прызнаць Расію дзяржавай-тэрарыстам, размова ідзе і пра падтрымку Украіны: калі ты вырашыў, што Расія – гэта тэрарыст, ты павінен дапамагчы той краіне, якая з’яўляецца ахвярай тэрарыстычных акцый. Пачалі ўжо гаварыць пра кампенсацыі і рэпарацыі. Але пакуль гэта рыторыка. Паглядзім, якія будуць наступныя крокі, ці гэта застанецца на ўзроўні слоў,  ці будуць канкрэтныя крокі ў далейшай дапамозе Украіне. 

Ну і наступнае пытанне: што далей, калі гэтая вайна калісьці, усё ж-такі скончыцца? Тэма рэпарацый паднята, застаецца пытанне, як будзе праходзіць імплементацыя. Тое, што такія крокі ўвогуле робяцца, паказвае, што Расія ў стане ізаляцыі.

А ці можна сказаць, што гэтае прызнанне на розных узроўнях Расіі краінай-тэрарыстам увогуле пазбаўляе Расію ўсякага шанца перамагчы ў гэтай вайне? Таму што, калі перамагае Расія, перамагае краіна тэрарыст, то бок, перамагае тэрарызм. 

Гэта азначае, што Захад не можа дапусціць перамогі Расіі. Бо сапраўды, калі вы прызнаеце Расію краінай-тэрарыстам, то перамога Расіі ў гэтай вайне будзе прамогай тэрарыста. Гэта значыць, што Захад, калі ён прынцыпова паводзіць сябе, павінен выкарыстаць увесь рэсурс, які ён мае для эфектыўнай дапамогі Украіне. Тым больш, што гэтыя рэсурсы сапраўды прысутнічаюць. 

Другі момант: так, была рэзалюцыя ААН, якая прадугледжвае кампенсацыі, але гэтае хутчэй мае кансультатыўны характар і не прымушае Расію плаціць гэтыя грошы. Што мы, аднак, бачым – гэта рэакцыя заходняга свету. Калі ж мы пакінем Захад убаку і паглядзім на краіны Лацінскай Амерыкі, на Азію, на Афрыку, дык усё выглядае не так проста. Па-ранейшаму ёсць краіны – вялікія, вельмі важныя краіны, якія гэтага пункта гледжання, што Расія – краіна-тэрарыст, не прытрымліваюцца і наадварот усё больш ўцягваюцца ў эканамічныя адносіны з Расіяй. Гэта Кітай, Індыя, Паўднёвая Афрыка, Бразілія і іншыя краіны. Яны фактычна не далучыліся да санкцый супраць Расіі. Яны занялі ў гэтай вайне нейтральную пазіцыю, як, прынамсі, Індыя, альбо такую нейтральна-прарасійскую пазіцыю, як Кітай. Пакуль гэтыя краіны ўсё яшчэ знаходзяцца на баку Расіі або Расію не асуджаюць ці супрацоўнічаюць з ёй, нельга казаць, што ў Расіі няма шансаў перамагчы. 

Мы павінны ўлічваць адзін факт: так, пакуль у ваенным сэнсе для Расіі ўсё разгортваецца дрэнна. Але нам не трэба забывацца пра тое, што Расія была і застаецца ядзернай дзяржавай. Таму апошняе слова менавіта за  выкарыстаннем ядзернай зброі, і яна яго можа сказаць. Застаецца толькі спадзявацца, што да гэтага не дойдзе. 

Расіі на розных пляцоўках адмаўляюць у прадстаўніцтве. Напрыклад, Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы, якая ў хуткім часе адбудзецца. Яе арганізатары нават прадэкларавалі тое, што яны не хочуць Расію там бачыць і не хочуць, каб удзельнікі ад яе неслі  прарасійскую прапаганду. 

Запрасіць Расію ў Мюнхен было цяжка, паколькі ўсё расійскае кіраўніцтва знаходзіцца пад санкцыямі, яны не могуць атрымаць тую ж візу, каб проста патрапіць у Мюнхен. Калі глядзець на гэта ўсё сур’ёзна, канешне ж гэта крок, і вельмі лагічны крок. Бо менавіта з гэтай канферэнцыі ў Мюнхене ў 2007 годзе фактычна пачалося прамое змаганне Пуціна з Захадам і гісторыя сучаснага расійскага рэваншызму. У наступным 2008 годзе была расійская вайна супраць Грузіі і далей  пачался Украіна, Сірыя і да сёняшняга моманту. 

Тут яшчэ вось што цікава: у 2022 годзе гэтая канферэнцыя была ў лютым за некалькі дзён да пачатку вайны. Расію адмыслова на гэтую канферэнцыю запрашалі. І на гэтую канферэнцыю ўскладваліся пэўныя надзеі, што там будзе нейкі дыялог, кантакты, якія дазволяць пазбегнуць вайны. Расійская дэлегацыя на гэтай канферэнцыі не з’явілася. У 23-м годзе, калі б такая магчымасць была, мне падаецца, што той жа Лаўроў бы там з’явіўся і рабіў бы тое, што ён рабіў на Балі на саміце G-20 з гэтай расійскай прапагандай. Але тут арганізатары канферэнцыі вырашылі зрабіць крок на прадухіленне і Расію наўпрост не запрасілі. 

Я б яшчэ тут адзін цікавы момант адзначыў: сёняшні кіраўнік канферэнцыі Крыстаф Хойсген, гэта досыць вядомы нямецкі дыпламат, які апошнія гады канцлерства Ангелы Меркель быў адным з яе важных дарадцаў, сёння гэта чалавек, які прынцыпова выступае за як мага больш маштабную дапамогу Украіне. Хойсген – адзін з тых людзей, якія лічаць, што лёс Еўропы і лёс Заходняй цывізізацыі сёння вырашаецца ў гэтым змаганні паміж Расіяй і Украінай. І таму Захад проста павінен падтрымаць Украіну усім магчымым. І з такой пазіцыяй запрашаць Расію на гэтую канферэнцыю – гэта быў бы вельмі сумнеўны крок.   

Comments are closed.