Loading

7 снежня ў Нямеччыне былі арыштаваныя 25 чалавек, якія падазраюцца ў спробе ўзброенага замаху на дзяржаўны пераварот. У падазроных у ходзе вобшукаў знайшлі вялікую колькасць зброі і дэтальны план дзеянняў.

Для радыё Ўнэт гісторык і палітолаг Аляксандр Фрыдман пракаментаваў гэтыя падзеі.

Гэта гісторыя выглядае дзіўна для 21 стагоддзя, тым больш для заходнееўрапейскай краіны з такой сталай і ўпэўненай дэмакратыяй як нямецкая. Выглядае як нейкі танны дэтэктыў. З другога боку падыходзіць да гэтай гісторыі варта вельмі сур’ёзна, бо ў людзей зайшлі вельмі багата зброі.

Апроч таго, у змове прынялі ўдзел вайскоўцы, былыя афіцэры. І гэты быў распрацаваны план захопу Бундэстагу са зброяй і з узяццем закладнікаў.

Што тычыцца арганізацыі «рэйхсбюргераў», то яна складаецца з рознага кшталту канспіролагаў. Яны адмаўляюць сённяшнюю ФРГ, не лічыць сябе яе грамадзянамі і не жадаюць выконваць законы гэтай дзяржавы. Чальцы руху лічаць сябе грамадзянамі Другога, кайзераўскага рэйху.

Арганізацыя невялікая, яе ўдзельнікі знаходзяцца пад пільнай увагай спецслужбаў, а дакладна – Ведамства па абароне канстытуцыі. І пэўны час да рэйхсбюргераў ставіліся як да дзівакоў. Такіх дзеянняў ад іх не чакалі.

А тут атрымалася, што яны распрацавалі план, у якім апроч былых афіцэраў, прыняла ўдзел і былая дэпутатка бундэстагу ад партыі «Альтэрнатыва». У пэўным сэнсе гэта ўплывовыя людзі з сувязямі. І вось яны стварылі сетку, у якой больш за 50 чалавек.

Адпаведна плану, змоўшчыкі хацелі са зброяй захапіць Бундэстаг і змяніць ўладу. Пасля чаго перацягнуць на свой бок армію і паліцыю.

Ёсць у гэтай гісторыі цікавая расейская кампанента – грамадзянка Расіі, якая прыходзіцца ці то жонкай, ці то сяброўкай прынцу Генрыху Ройсу, які бачыў сябе ў ролі рэгента. Яна ў арганізацыі была адказная за сувязі змоўшчыкаў з РФ. Злачынцы планавалі супрацоўнічаць з Расіяй і чакалі ад яе падтрымкі і дапамогі. Разлік быў на тое, што новы, створаны імі ўрад, будзе прызнаны РФ. Таму спробы кантактаў з кіраўнікамі Расіі былі. Але на сённяшні момант нямецкія праваахоўнікі сыходзяць з таго, што Расійская Федэрацыя на супрацоўніцтва з гэтымі людзьмі не пайшла.

Праз невялікую колькасць чальцоў, шанцаў на паспяховую рэалізацыю плана амаль не было. Для канспіролагаў гэта не дзіўна, бо яны заўсёды прыдумляюць фантастычныя планы. У дадзеным выпадку спадзеў быў на тое, што ў іх атрымаецца пераканаць войска і паліцыю перайсці на бок паўстанцаў. Канешне, план марны.

Але небяспека ў тым, што маглі пацярпець звычайныя людзі, супраць якіх яны накіравалі б зброю пад час рэалізацыі захопу.

 

Падпісвайцеся на наш тэлеграм t.me/radiounetfm

Comments are closed.