Loading

Так званы генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед днямі ацаніў урон Беларусі падчас Другой Сусветнай вайны ў 43,5 тысяч тон золата, альбо па цяперашнім курсе даляра ЗША – 2 трыльёны 300 мільярдаў. Тое, наколькі праўдзівымі могуць быць гэтыя падлікі пракурорскай камісіі і як да іх ставяцца ў свеце мы абмеркавалі з гісторыкам і палітолагам Аляксандрам Фрыдманам і прапануем вам асноўныя думкі:

Гэта ідэалагічны праект, не звязаны з гістарычнай навукай. Калі б беларускія ўлады жадалі б паспрыяць вывучэнню нацысцкіх злачынстваў, то гэтым займаліся б не пракуроры, а прафесійныя гісторыкі.
І гэта ўсур’ёз ніхто і не ўспрымае. З нямецкага боку асабліва гэтую працу ніхто і не заўважаў. Сярод гісторыкаў, якія займаюцца Усходняй Еўропай, якія займаюцца Беларуссю, была дыскусія наконт увогуле гэтага праекта. Большасць гісторыкаў лічыць, што гэта прапагандысцкі праект, які не толькі не падтрымлівае развіццё гістарычнай навукі, а хутчэй ёй перашкаджае, бо гісторыкам навязваецца адпаведная адзіна магчымая ідэалагічная канцэпцыя.

Тэма рэпарацыяў пасля Другой Сусветнай вайны завершана. Пра гэта ўжо казалі нямецкія ўлады. Ёсць адпаведны кейс Польшчы. Польшча атрымала ўжо адмоўны адказ. І тут гаворка ідзе пра Польшчу – пра дэмакратычную дзяржаву, пра члена Еўразвязу, такога ж як і Германія. І нават у гэтым выпадку Германія кажа, што пытанне вычарпана. А што можна казаць пра Беларусь – пра дыктатуру, якая робіць усе гэтыя падлікі з адпаведным ідэалагічным чыннікам, працуе абсалютна не празрыста.

Пасля вайны гэтыя пытанні ўзнікалі. Пасля вайны Заходняя Германія выплаціла кампенсацыі яўрэйскім ахвярам. У 40-я і потым у 60-я – 70-я ахвяры нацысцкіх злачынстваў атрымалі магчымасць запатрабаваць кампенсацыю. Але гэта не датычылася грамадзян Савецкага Саюзу. Гэта былі ўмовы халоднай вайны.

Пасля распаду Савецкага Саюзу былі таксама праграмы кампенсацыяў для ахвяр, якія жылі на тэрыторыі былога Савецкага Саюзу. Былі кампенсацыі для прымусовых рабочых, якія былі сагнаныя на тэрыторыю Германіі ў гады вайны, для вязняў канцлагераў. Гэтыя кампенсацыі выплочваліся нямецкім бокам і тым людзям, і іх нашчадкам у 90-я гады.

Савецкі Саюз асабліва не цырымоніўся, калі вывозіў з тэрыторыі Усходняй Германіі, якая потым стала Германскай Дэмакратычнай Рэспублікай, абсталяванне, каштоўнасці. Савецкі Саюз не чакаў, не жадаў чакаць, пакуль немцы зробяць нешта дабраахвотна. Ён проста гэта зрабіў, паколькі знаходзіўся ў моцнай пазіцыі, на тэрыторыі Усходняй Германіі знаходзіліся савецкія войскі, савецкая акупацыйная адміністрацыя. Таму яны забралі ўсё, што маглі забраць, каб кампенсаваць выдаткі і страты Савецкага Саюза. І пытанне лічылася вырашаным.

Беларуская дзяржава выдатна разумее, што нічога яны не атрымаюць. Яны агучваюць гэтыя лічбы для ўласнай аўдыторыі, каб падмацаваць тыя прапагандысцкія наратывы, якія звязаныя з вайной: мы – нашчадкі пераможцаў над нацызмам, але адначасова мы нашчадкі ахвяраў: глядзіце, якія былі страшэнныя страты, а яны на самой справе былі страшэнныя.

Да вайны трэба ставіцца не толькі селектыўна, як гэта робяць беларускія ўлады: вось ёсць некаторыя аспекты вайны, якія падкрэсліваюцца, а ёсць непрыемныя пытанні, якія выносяцца за дужкі. Напрыклад, той жа ўдзел розных беларускіх фармаванняў у пераследзе яўрэяў, лёс яўрэйскай маёмасці, стаўленне партызанаў, якое было розным, тэма гвалту, які быў з партызанскага боку, і сексуальны гвалт. Гэта цяжкія пытанні вайны, але ў дэмакратычным грамадстве іх ставяць і ідзе абмеркаванне. Беларускаму насельніцтву прапануецца ідэалагічная чорна-белая спрошчаная канцэпцыя вайны.

Падзеі вайны ад нас ужо вельмі далёка. І таму цікавасць да вайны зніжаецца. Акрамя таго, сёння зноў вайна ў Еўропе – ва Украіне вайна з патэнцыялам перарасці ў сусветную. Зноў адбываюцца ваенныя злачынствы. Таму злачынствы Другой Сусветнай вайны адыходзяць у мінулае. Падзеі сучаснасці перакрываюць Другую Сусветную вайну. Захаваць памяць пра тую вайну цяжка. Беларускія ж улады сыходзяць з таго, што насельніцтва Беларусі, прычым, не толькі людзі сталага ўзросту, але і моладзь, сапраўды вельмі цікавіцца вайной, што можна пагрузіць сучасную беларускую моладзь у гэтае мінулае і распавядаць ім розныя гісторыі пра нацыстаў і нацысцкія злачынствы. Гэты погляд мне падаецца вельмі наіўным. Мне цяжка сабе ўявіць, што вось гэтымі ідэалагічнымі наратывамі можна моцна зацікавіць сённяшніх беларусаў.

Цалкам размову з Аляксандрам Фрыдманам слухайце ў плэеры ніжэй:

Comments are closed.