19 студзеня Еўрапарламент прагаласаваў за стварэнне спецыяльнага міжнароднага трыбуналу для пераследу Расіі за злачынствы супраць Украіны. За такія злачынствы нясе адказнасць вышэйшае кіраўніцтва краін – агрэсараў. Спецыяльны трыбунал мае аналогію з Нюрнбергскім працэсам, на якім судзілі нацысцкіх лідараў. Гісторык і палітолаг Аляксандр Фрыдман пракаментаваў рэзалюцыю Еўрапарламента.
Ідэя стварэння спецыяльнага трыбунала для пакарання злачынцаў ужо даўно, што называецца, вісіць у паветры. Размовы пра гэта вядуцца на ўзроўні ўрадаў дзяржаў. На гэтым тыдні быў візіт міністра замежных справаў Германіі Аналены Бербок у Гаагу. І там абмяркоўваліся ўжо практычныя пытанні, як гэта можа быць рэалізавана.
Былі выказванні міністра юстыцыі Бушмана, ён прапанаваў варыянты, як гэта можа выглядаць. Гэта можа быць міжнародны трыбунал на тэрыторыі Украіны з суддзямі з розных краінаў. Магчымы таксама трыбунал у нейкай нейтральнай краіне, альбо ў той жа Гаазе.
Так, што ідуць ужо практычныя размовы, што злачынцы павінны быць пакаранымі, каб больш у Еўропе гэтая гісторыя не паўтарылася. Гэтае жаданне было таксама важным чыннікам падчас войнаў у Югаславіі. Але, як мы бачым, асабліва гэта не дапамагло. Хоць па Югаславіі быў шэраг працэсаў супраць сербаў, харватаў і іншых. Іх мэтай было зрабіць так, каб у Еўропе такое было больш немагчыма. Але тое, што мы бачым зараз ва Украіне, яшчэ больш жахлівае.
Так, што пакуль гэта дэкларацыя. Практычных крокаў парламент не робіць. Ён можа проста артыкуляваць свае спадзевы. Гэта моцны раздражняльны фактар для Расіі. Ужо былі з іх боку выказванні. Эфект ёсць, будзем назіраць за практычнымі крокамі. Важна, каб гэтыя працэсы не былі пустыя, калі суд ідзе сабе, а злачынцы спакойна сядзяць у Расіі і ніхто іх выдаваць не збіраецца. Куды больш важная справа была б, калі гэтыя людзі сапраўды прысутнічалі на лаве падсудных. Але магчымасць для гэтага будзе толькі, калі Украіна сапраўды пераможа.
Некаторыя эксперты выказваюцца аб немэтазгоднасці такога трыбуналу. Ён патрабуе шмат высілкаў і яшчэ больш заганяе Пуціна ў кут, з якога няма выйсця.
Ідэя гэта абмяркоўваецца даўно. І стаўленне да яе раней выглядала вельмі супярэчліва. Тыя ж Макрон і Шольц зараз з Пуціным не размаўляюць, але ў мінулым годзе яшчэ размаўлялі. Да апошняга часу ішлі на дыялог, нават пасля Бучы і Марыўпаля. Яны казалі адкрытым тэкстам, што Расія здзяйсняе ваенныя злачынствы, і вінаватыя ў іх павінны быць пакараныя. Аднак, нейкі дыялог паміж імі адбываўся.
Зараз расійскія ўлады сапраўды знаходзяцца ў куце, у які самі сябе загналі і не жадаюць ісці на кампрамісы. Мне падаецца, што разважаць пра кампрамісы з Пуціным – справа марная. Гісторыя з вайной зайшла так далёка і глыбока, што якія ўжо зараз могуць быць размовы? Зараз абмяркоўваюць, як даць Украіне сучасныя танкі. Заўтра гэта могуць быць самалёты. Стаўкі ўжо зроблены іншыя
І хоць яшчэ не ўсе еўрапейскія лідары кажуць, што перамога Украіны ёсць іх мэтай, але тое, якую зброю Захад гатовы даць, гэта рэчаіснасць, пра якую пэўны час таму нельга было і думаць.
Думаю, расійскі бок выдатна разумее, што ўсё ўжо спалена і скончана. Мы дайшлі да сітуацыі ці-ці. Ужо не магчыма, каб абодва бакі маглі суіснаваць. Альбо пуцінская Расія пераможа і будзе дыктаваць умовы. Альбо яе перамогуць і з’явіцца добры, спрыяльны момант для пакарання злачынцаў. Так ці інакш, гэтыя працэсы будуць адбывацца.
Еўрапейская і міжнародная юстыцыі працуюць вельмі павольна. Гэта можа зацягнуцца на доўгія гады. І такія людзі як Пуцін, Лаўроў ці Патрушаў ужо ў сталым узросце і могуць не дажыць да суда. Невядома, у якім стане Пуцін, ці вытрымае ён доўгі працэс? Верагоднасць, што гэтыя людзі апынуцца на лаве падсудных, пакуль не вялікая. Ёсць і чыннік ядзернай зброі і іншыя. Але выключаць яе не варта. То бок, трыбунал ці суд будзе. Іншае пытанне, ці будуць яны адбываць пакаранне?
Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.