Улады Нямеччыны заявілі аб гатоўнасці надаваць палітычны прытулак расійскім ухілістам і дэзэрцірам. Гэтую навіну ў эфіры «Світанка свабоды» пракаментаваў гісторык, палітолаг Аляксандр Фрыдман.
Сцісла:
- Паміж краінамі ЕС адзінага меркавання па гэтым пытанні няма. Заходнееўрапейская фракцыя на чале з Нямеччынай лічыць, што такіх людзей трэба падтрымаць. У той жа час краіны Балтыі, Фінляндыя, якія мяжуюць з Расіяй, і Чэхія лічаць, што гэта не праблема Еўрасаюза.
- Нямеччыне лягчэй за іншыя краіны весці такія размовы, бо яна не мяжуе з Расіяй. І каб умоўнаму рускаму ўхілісту ці дэзэрціру патрапіць туды, трэба прайсці вельмі цяжкі шлях. Складанасці з атрыманнем віз і забарона пэўных краін на ўезд для грамадзян РФ значна ўскладняюць задачу. Таму да рэальнага запыту на абарону ці статус уцекача ў Нямеччыне дойдуць адзінкі.
- Доўгі час да абвяшчэння мабілізацыі ролі ў гэтай вайне былі цалкам зразумелыя. Ёсць Украіна і яе жыхары – ахвяры нападу і акупацыі. І ёсць краіна-агрэсар і тыя, хто адказны за злачынныя загады і іх выкананне. Але зараз шмат у каго ўзнікла ўражанне, што расіян, якім пагражае мабілізацыя, таксама можна лічыць ахвярамі гэтай вайны.
«Гэтыя людзі вартыя спачування, іх можна назваць ахвярамі пуцінскага рэжыму, але ж ніяк не ахвярамі вайны. Бо сапраўдныя ахвяры тут толькі ўкраінская нацыя і яе краіна».
- Міністр юстыцыі Германіі Марка Бушман падкрэсліў, што расіянам з дэмакратычнымі поглядамі, якія не падтрымліваюць рэжым Пуціна, у Нямеччыне будуць рады. Але гэта вельмі ідэалістычны погляд, бо далёка не ўсе, хто зараз бяжыць ад мабілізацыі, падзяляе дэмакратычныя каштоўнасці.
- Тыя расіяне, што зараз пратэстуюць супраць мабілізацыі і вайны, героі, улічваючы рызыкі, на якія яны ідуць. Але варта прызнаць, што гэта, на жаль, меншасць. Большасць жа насельніцтва альбо падтрымлівае вайну, альбо ставіцца да яе памяркоўна.
«Ужо не той час, калі можна насіць ружовыя акуляры. Але ёсць палітыкі, актывісты і журналісты, якія не жадаюць іх знімаць».
Comments are closed.