Грамадзяне Ізраіля, што пацярпелі ад беларускіх сілавікоў, спрабуюць дабіцца, каб іх краіна заняла больш жорсткую пазіцыю ў адносінах да рэжыма ў Мінску. Яны звярнуліся з адпаведнымі заявамі да Дзяржаўнага кантралёра Ізраля — інстытуцыі, якая мусіць рэагаваць на парушэнне правоў сваіх грамадзян. Першым такую заяву падаў Аляксандр Фруман, які ў жніўні 2020 года сам прайшоў праз катаванні ў Мінску.
Аляксандр Фруман ў жніўні 2020 года прыехаў у Беларусь і нечакана для сябе апынуўся сярод затрыманых, падвергся катаванням. Калі мужчына вярнуўся дадому ў Ізраіль, ён устанавіў асобы тых, хто здзекваўся з яго, і звярнуўся ў адпаведныя органы Ізраіля, каб тыя распачалі крымінальную справу, але яму адмовілі. Расследаванне пачалося ў Літве ў чэрвені 2023 года ў межах універсальнай юрысдыкцыі. У сваю чаргу ў Беларусі Следчы камітэт узбудзіў справу супраць самаго Аляксандра Фрумана за дыскрэдытацыю беларускіх органаў улады.
Аляксандр — не адзіны грамадзянін Ізраіля, пацярпелы ад беларускіх сілавікоў. Зараз ён кансультуе іншых сваіх суайчыннікаў, для якіх важна як мінімум абазначыць праблему катаванняў і антысемітызму ў месцах несвабоды ў Беларусі.
— Ізраільскія ўлады інфармуюцца, што адбываецца з грамадзянамі Ізраіля ў Беларусі, якія падвяргаюцца арыштам, катаванням, нават часта актам антысемітызму. У жніўні 2020 года я сам трапіў пад “хапун” абсалютна выпадкова, калі не было ніякіх мітынгаў. Я так разумею, была зачыстка цэнтра горада. Я даволі сур’ёзна пацярпеў. На жаль, ізраільская амбасада вырашыла бяздзейнічаць, спадзяючыся, што я сам “выплыву” з гэтай сітуацыі і не трэба будзе мець справы з мясцовай уладай. А потым у мяне была гісторыя, што з мяне хацелі ўзяць штраф за скрадзены ў жодзінскай турме пашпарт. Мяне можна сказаць выкінулі з турмы а 22-ай гадзіне без дакументаў, якія нібыта „згубілі”.
Прыйшлося ўзняць грамадства, націснулі на амбасадара, які пасля звароту дэпутатаў нашага парламента пашпарт выдаў абсалютна без штрафа і з выбачэннямі. Дыпламат вельмі здзівіўся, калі ўбачыў мяне збітага, з сінякамі.
У Ізраілі існуе такі інстытут, у які ты можаш падаць скаргу на дзяржаўныя органы, называецца Дзяржкантралёр. Я апісаў сваю сітуацыю. Мне ў прынцыпе далі зразумець ізраільскія ўлады, што яны вельмі заклапочаны тым, што адбываецца ў Беларусі, але яны вельмі баяцца за яўрэйскую супольнасць унутры краіны, што сістэма рэпатрыяцыі можа атрымаць удар. Таму яны асабліва не спрабуюць змагацца ні за сваіх грамадзян, ні ўздымаць залішняга шуму.
Я вырашыў распавесці аб сваёй гісторыі. Я даваў шмат інтэрвью, і гэта прагучала. Да мяне пачалі звяртаюцца ізраільцяне, якія таксама пабывалі ў турмах у Беларусі і просяць дапамагчы нейкай парадай.
Мне важна, каб ізраільскія ўлады бачылі ўвесь той жах, які адбываецца не толькі з беларускімі грамадзянамі, але і з іх грамадзянамі. У часткі ізраільцян ёсць беларускае грамадзянства і тут цяжка штосьці зрабіць, але ў мяне няма беларускага грамадзянства. Ёсць яшчэ такія людзі, але яны не хочуць публічнасці, баяцца за родных у Беларусі, таму я не магу іх называць. Абсалютнае бяздзеянне ізраільскіх улад, якое часам нават прыводзіць да трагедый. Я хачу звярнуць на гэта ўвагу, каб улады хаця б не вялі сябе даволі вульгарна. Напрыклад, як нядаўні амбасадар, які ручкаўся… Не трэба ручкацца з гэтым фашысцкім рэжымам, не трэба пляміць Ізраіль, бо потым да мяне, як да прадстаўніка Ізраіля, звяртаюцца з прэтэнзіямі за дзеянні амбасады. Непрыемна, што твае ўлады так супрацоўнічаюць з фашыстамі.
– Ці Ваша ініцыятыва, звароты могуць нейкім чынам дапамагчы тым людзям, якія маюць і беларускае грамадзянства і ізраільскае грамадзянства, і зараз знаходзяцца ў месцах несвабоды ў Беларусі?
– З юрыдычнага пункту гледжання гэта ніяк не дапаможа, таму што да грамадзяніна Беларусі, які знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, Ізраіль не мае дачыненне, нават калі ў яго ёсць пашпарт Ізраіля. Але яўрэі ў беларускіх турмах падвяргаюцца антысемітызму і гэта трэба дакументаваць, пра гэта трэба казаць. І калі гэта апублічваеш, то ёсць надзея, што наступны яўрэй, які трапіць у падобную непрыемнасць, ужо атрымае не такое стаўленне да сябе. Апублічванне заўсёды вельмі моцная зброя.
– Ці шмат чалавек звярнулася праз Вас да Дзяржаўнага кантралёра з паведамленнямі аб катаваннях, аб арыштах, аб антысемітызме ў беларускіх месцах несвабоды?
– Слава Богу, не так шмат пацярпела. Да мяне звярнуліся, здаецца, чатыры чалавекі, усім я спрабую дапамагчы аформіць гэтыя дакументы, каб на іх звярнулі ўвагу. Таму што часам людзі ўвогуле не атрымліваюць ніякага адказу, калі звяртаюцца ў ізраільскае МЗС.
Я лічу, што ізраільскія дыпламаты павінны звярнуцца ў Міністэрства замежных спраў Беларусі і запытаць, чаму ёсць дыскрымінацыя з-за нацыянальнасці, чаму антысемітызм у краіне, якая перамагла фашызм 80 гадоў таму, да гэтага часу існуе на дзяржаўным узроўні і ідзе ад чыноўнікаў.
– Нейкі вынік па гэтых усіх зваротах ужо ёсць?
— Я магу сказаць толькі за сябе. У мяне была сустрэча з намеснікам генеральнага дырэктара Міністэрства замежных спраў Ізраіля, дзе яны выбачаліся за свае дзеянні, і абяцалі, што абавязкова ў сваіх унутраных правілах будуць пра мой выпадак нагадваць. Я так разумею, што амбасадар, які адмаўляўся выдаваць мне пашпарт без штрафа, атрымаў вымову, нейкія іх унутраныя правілы былі крыху змененыя. Па меншай меры, дэмакратыя працуе.
Я правёў уласнае расследаванне: высветліў асоб, якія мяне катавалі і збівалі. Але тут зноў жа Ізраіль не хоча ніякіх актыўных дзеянняў. Таму мне прыходзіцца актыўныя дзеянні самому прыдумляць. І я ім так і заявіў, што я буду да канца змагацца, як вядомы паляўнічы за нацыстамі Шымон Візэнталь, пакуль не ўбачу гэтых людзей на лаўцы падсудных.
Comments are closed.