Дэмакратычныя сілы Беларусі распрацоўваюць стратэгію супрацьдзеяння расійскай агрэсіі і ўцягванню ў яе Беларусі. Што гэта за праект, хто ў ім задзейнічаны, калі і як ён мусіць працаваць, – радыё Ўнэт паразмаўляла са старшым дарадцам Офісу Святланы Ціханоўскай Аляксандрам Дабравольскім.
Асноўнае з размовы:
- Калі казаць пра суб’ектаў гэтай стратэгіі, то, безумоўна, Офіс Святланы Ціханоўскай з’яўляецца адказнай арганізацыяй за гэта, але мы, відавочна, разумеем, што магчымасцей Офіса Ціханоўскай ці якой-небудзь яшчэ іншай арганізацыі недастаткова, каб гэтую стратэгію можна было б рэалізаваць. Таму мы суб’ектам стратэгіі лічым дэмакратычны рух у шырокім сэнсе. Нават тыя структуры, якія адно аднаму не падабаюцца. І больш за тое, некаторыя з іх не кантактуюць і не каардынуюць сваю працу, але робяць вельмі важную справу для таго, каб спрыяць няўцягванню Беларусі ў гэтую ганебную вайну.
- Гэты праект стратэгіі скарэктаваны. Саму стратэгію мы задзейнічалі адразу пасля ўварвання, таму што мы разлічвалі, што такое можа быць. І антываенныя акцыі, і інфармацыйную працу супраць вайны мы пачалі адразу. Як раз у нас у Беларусі адбываўся рэферэндум па праекце так званай «Канстытуцыі» 27 лютага, мы, разлічваючы на тое, што антываенныя акцыі будуць падаўленыя, тым не менш, заклікалі да гэтых акцый. Яны адбыліся. Больш за тысячу чалавек у Менску толькі былі арыштаваныя. Але гэтага недастаткова. Зараз мы хочам зацвердзіць чарговы варыянт гэтай стратэгіі, каб зрабіць гэтую працу больш эфектыўнай.
- У значнай ступені Беларусь зараз не з’яўляецца самастойнай краінай, таму што ўлада кантралюецца з боку Расіі, у Беларусі знаходзяцца расійскія войскі. Ёсць прыкметы акупацыі. Але гэта не здымае адказнасці ні з рэжыма, ні нават з дэмакратычных сіл, ні з беларускага народа за тое, што Беларусь стала суагрэсарам.
- Мы бачым чатыры накірункі ў гэтай супольнай стратэгіі: супраціў, камунікатыўны, гуманітарны і адміністрацыйны накірункі.
- Супраціў быў такі партызанскі, пакуль ішлі расійскія эшалоны з войскамі ва Украіну. Па заявах беларускай улады было арыштавана 80 чалавек, якія падпальвалі абсталяванне, каб не ішлі гэтыя эшалоны. Акрамя гэтага ёсць зараз партызанскія дзеянні, якія не афішуюцца, таму што гэта небяспечна, але яны адбываюцца. Мы ведаем ад партнёраў, якія працуюць з падпольнымі структурамі ў Беларусі, што, калі, крый божа, будзе паўторнае ўварванне з Беларусі, супраціў будзе ўзмоцнены.
- З самага пачатку агрэсіі мы пачалі супрацу з украінцамі. Вайскоўцы і іх сем’і, людзі і арганізацыі, якія могуць удзельнічаць у новай агрэсіі супраць Украіны з боку Беларусі, атрымлівалі і зараз атрымліваюць паведамленні, у тым ліку і інфармацыю пра тое, што ёсць такія рэсурсы, якія ўкраінцы стварылі, каб тыя, хто вымушаны будзе перайсці мяжу, маглі здавацца ў палон, маглі разумець, як ім сябе паводзіць, калі яны супраць вайны.
- У гуманітарным накірунку галоўнае, што мы бачым зараз – калі ў Беларусі пачнецца мабілізацыя на вайну, каб яна не была паспяховай. Мы думаем, што важна было б, каб людзі, якія не хочуць падпадаць пад мабілізацыю, калі яна адбудзецца, маглі прайсці праз гуманітарныя калідоры. Гэта цяжка, але мы гэтым займаемся. Будзе створаны супольны крызісны цэнтр, калі раптам пачнецца ўцягванне Беларусі ў вайну ўжо з удзелам беларускай арміі.
- Адміністрацыйны накірунак стратэгіі – гэта заявы пра адказнасць людзей, якія будуць аддаваць незаконныя загады. І яны ідуць не толькі публічна, але і непублічна тым людзям, якім важна пра гэта ведаць. Гэта арганізацыя штабу супраціву, які зараз ёсць у планах.
- Мы разумеем, што зараз беларусы, якіх уцягнулі ў гэтую агрэсію, мусяць дзейнічаць, а не апраўдвацца. І мы знаходзім новыя магчымасці і ўдасканальваем нашу працу ды спадзяемся, што яна будзе больш выніковай.
- Я лічу, што ўкраінскай уладзе таксама не трэба апраўдвацца, чаму яны ідуць насуперак сваім замежным партнёрам і не хочуць кантактаваць з прадстаўнікамі дэмакратычных сіл. У Ціханоўскай ці Аб’яднанага пераходнага кабінета няма недахопу ў міжнародным прызнанні. Мы разумеем, чаму ўкраінская ўлада асцярожная. У сітуацыі, якая склалася, важна не публічныя дзеянні, але супольныя, скаардынаваныя. Дэмакратычная Беларусь можа быць важным элементам бяспекі ў рэгіёне.
Цалкам размову з Аляксандрам Дабравольскім слухайце ў плэеры ніжэй:
Comments are closed.