Loading

Беларускі ГУБАЗіК узначаліў Андрэй Ананенка, які раней кіраваў 5 упраўленнем ГУБАЗіКа па Мінску. Кіраўнік BYPOL і адказны за аднаўленне правапарадку ў пераходным Кабінеце Святланы Ціханоўскай Аляксандр Азараў, які служыў з Ананенкам да 2020 года, кажа, што гэты афіцэр выконвае загады беспярэчна і мае неабмежаваны давер Мікалая Карпянкова.

Фота: BYPOL
Фота: BYPOL

Азараў праслужыў болей за 10 год з Андрэем Ананенкам. Да выбараў 2020 года ён сумленна выконваў сваю працу і не быў заўважаны ў гісторыях з карупцыяй, злоўжываннем уладай, службовым становішчам ці разнастайнымі фальсіфікацыямі. Ананенка нічым не адрозніваўся ад звычайных супрацоўнікаў ГУБАЗіКа, не дазваляў сабе дарагія машыны ці іншыя карупцыйныя атрыбуты.

Новы старшыня ГУБАЗіКа пачынаў як звычайны опер і даслужыўся да кіравання 5 мінскім упраўленнем. Яму падпарадкоўваўся сын цяперашняга замміністра МУС Мікалая Карпянкова. Вядома, што Карпянкоў абіраў кіраўнікоў для свайго сына асабіста — так, Азараў прыгадвае, што яго маглі паставіць кіраваць Карпянковым-малодшым, але Карпянкоў-старэйшы зрабіў некалькі кадравых перастановак, каб гэтага не адбылося.

«[У МУС] увогуле забаронена прызначаць сваіх родзічаў у злучэнне, якое знаходзіцца пад тваім падпарадкаваннем. Можна разглядаць як карупцыю тое, што сын Карпянкова падпарадкоўваецца Карпянкову. Але Карпянкову, як кажуць, не да законаў.»

Карпянкоў-малодшы служыў у 3 аддзеле 5 упраўлення, які займаецца экстрэмізмам; ёсць інфармацыя, што ён асабіста ўдзельнічаў у збіццях затрыманых.

Пакуль незразумела, ці зменіцца ГУБАЗіК пад кіраўніцтвам Ананенкі. На сваёй пасадзе застаецца старшыня 3 упраўлення Міхаіл Бедункевіч, які мае вялікі ўплыў унутры структуры. Ці стане Ананенка такім жа жорсткім, як Карпянкоў, пад гэтым уплывам, ці наадварот «астудзіць» ГУБАЗіК, пакажа час, лічыць Аляксандр Азараў.

«У мяне няма дакладнай інфармацыі пра тое, як удзельнічаў у прыдушэнні пратэстаў Ананенка ці як ён да іх ставіўся, але вядома, што ён выконваў загады, і яго падначаленыя жорстка душылі пратэсты, і ён пра гэта ведаў і аддаваў такія загады. Таму ён адназначна злачынца, які мусіць у будучыні быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за свае дзеянні.»

Comments are closed.