28 студзеня беларуская тэнісістка Арына Сабаленка стала пераможцай Адкрытага чэмпіянату Аўстраліі 2023 года ў адзіночным разрадзе. Гэтая перамога выклікала радасць у Лукашэнкі, бо Сабаленка – адна са спартсменак, якія падпісалі ліст у падтрымку дыктатара. Шмат беларусаў, якія пацярпелі ад рэжыму, абурыліся тым, што Сабаленку дапусцілі да турніра пад нейтральным сцягам. Каб спыніць магчымасць праўладным спартсменам з Расіі і Беларусі выступаць у міжнародных спаборніцтвах Польшча і іншыя краіны збіраюцца вылучыць ультыматум Міжнароднаму алімпійскаму камітэту ў выпадку допуску спартсменаў з Расіі і Беларусі да ўдзелу ў Алімпіядзе 2024. Кіраўнік Незалежнага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандр Апейкін пракаментаваў допуск Сабаленкі да турніру, магчымы ўльтыматум МАКу і парушэнні правоў беларускіх спартсменаў, што пацярпелі ад рэжыму.
Перамога на Australian Open яшчэ не робіць з цябе чалавека. Да нас звярталася шмат людзей з патрабаваннем, каб мы заняліся Сабаленка, арганізавалі ёй нейкі бан, санкцыі альбо візавыя перашкоды. Каб яна не магла нідзе ўдзельнічаць. Але ў нас ніколі не было мэты займацца пераследам канкрэтных спартсменаў. Наша місія – змагацца за сістэмныя выкананні правоў чалавека ў спорце. За каштоўнасці міра і свабоды ў спорце. А таксама за спыненне палітычнага пераследу спартсменаў.
Зараз перад Міжнародным алімпійскім камітэтам будуць стаяць два пытанні. Першае, відавочнае і актуальнае – гэта саўдзел Беларусі ў вайне і адпаведныя санкцыі. Другое пытанне не менш сур’ёзнае і вострае. Што рабіць з правамі той вялікай часткі беларускіх спартсменаў, якія выступілі ў абарону правоў спартсменаў, Алімпійскай хартыі і патрапілі пад палітычны пераслед. У сувязі з чым, страцілі ўсе магчымасці працягваць кар’еру, выступаць на спартыўных спаборніцтвах, мець доступ да спартыўнай інфраструктуры і матэрыяльнай падтрымкі ад дзяржавы.
Бо складваецца парадаксальная сітуацыя. Людзі, якія баранілі Алімпійскую хартыю і прынцыпы, на Алімпійскія гульні патрапіць не змогуць. Яны зараз фактычны выключаныя са спартыўнага працэсу. А спартсмены, якія адмаўчаліся альбо падтрымалі рэжым, едуць на Алімпіяду. Такое не павінна адбыцца. Таму мы будзем ціснуць на МАК. Калі ён дэкларуе прынцыпы недыскрымінацыі і міратворчую місію, то хай вырашае неяк гэтае пытанне.
Як будуць вернутыя правы гэтай частцы спартсменаў? Бо гаворка ж не пра аднаго ці двух атлетаў. Гэта дзясяткі спартсменаў і больш за сотню прадстаўнікоў спартыўнай індустрыі Беларусі, трэнеры альбо тэхнічныя спецыялісты таксама маглі б удзельнічаць у Алімпійскіх гульнях.
А як будзе вырашацца пытанне з правамі спартсменаў, якія зараз за кратамі? Па нашых падліках іх больш за 20 чалавек. І гэта не менш сур’ёзна, чым саўдзел Беларусі ў вайне. Гаворка пра палітычны пераслед і рэпрэсіі ў дачыненні да вялікай часткі беларускіх спартсменаў. І пакуль гэтыя пытанні не будуць вырашаныя, ніякага ўдзелу беларускай дэлегацыі не павінна быць.
Таму зараз утвараецца алімпійская кааліцыя, якая будзе камунікаваць з МАК адносна гэтай сітуацыі, якая нікога не задавальняе. Ультыматум будзе сур’ёзны і яго пачуюць. Калі да яго далучацца дваццаць ці трыццаць краін, гэта будзе моцны сігнал для МАК. Калі балтыйскія, скандынаўскія краіны, Вялікабрытанія, Украіна, Польшча, Чэхія, Славакія, Германія не возьмуць удзел у Алімпійскіх гульнях, то алімпіяда ператворыцца ў прафанацыю.
Мы плануем камунікаваць з МАК па пытанні аднаўлення правоў і адпаведнай кампенсацыі той частцы прадстаўнікоў беларускага алімпійскага руху, якія патрапілі пад палітычныя рэпрэсіі і пераслед. З наша пункту гледжання, беларуская дэлегацыя павінна быць адхілена ад удзелу ў Алімпійскіх гульнях не толькі праз саўдзел Беларусі ў вайне супраць Украіны, але і праз парушэнні правоў атлетаў, якія змагаліся за выкананне Алімпійскай хартыі ў Беларусі. І мы будзем на гэтым настойваць. Без вырашэння гэтага пытання дэлегацыя ад Беларусі на Алімпійскіх гульнях будзе складацца выключна з прадстаўнікоў рэжыму.
Поўную размову з Аляксандрам Апейкіным слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.