Loading

З 12 па 14 траўня ў Таліне пройдзе міжнародная спартыўная канферэнцыя «Athletes for Peace and Freedom». Адна з самых важных дыскусій на канферэнцыі будзе прысвечана вайне ва Украіне. Спартоўцы паразважаюць пра адказнасць за дзеянні сваіх урадаў, а таксама якую ролю можа адыграць спорт у аднаўленні міру ва Украіне. Акрамя таго, на канферэнцыі прапануецца выпрацаваць прапановы для Міжнароднага Алімпійскага камітэта, Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў, міжнародных федэрацый па допуску беларускіх і расійскіх атлетаў да міжнародных спаборніцтваў. Якая зараз сітуацыя ў спорце па гэтым пытанні і што новага могуць прапанаваць беларускія вольныя спартсмены – радыё Ўнэт абмеркавала з выканаўчым дырэктарам Беларускага фонда спартыўнай салідарнасці Аляксандрам Апейкіным.

— Асноўная мэта канферэнцыі – даць больш-менш дакладныя вызначэнні тым працэсам, якія адбываюцца ў сусветным спорце, бо тое, што мы назіраем, звязанае з апошнімі рэкамендацыямі Міжнароднага алімпійскага камітэта і рэкамендацыямі асобных федэрацый, гэта інакш як хаосам не назавеш. Таму мэта канферэнцыі –сабраць меркаванні атлетаў і спартовых экспертаў, журналістаў, прадстаўнікоў спартовай супольнасці пра тое, што зараз адбываецца і якія магчымы механізмы ўрэгулявання пытання допуску беларускіх і расійскіх атлетаў, якія магчымыя механізмы могуць быць.

— А ў Беларускага фонда спартыўнай салідарнасці ёсць свае, канкрэтныя прапановы па гэтым пытанні?

— Так, мы з пачатку вайны выступаем за допуск атлетаў, за магчымы допуск атлетаў толькі пры канкрэтных умовах. Ёсць крытэрыі, яны юрыдычна прапрацаваны, адзін з асноўных пунктаў – падпісанне антываеннай дэкларацыі, а таксама публічнае выказванне антываеннай пазіцыі і асуджэнне расійскай агрэсіі ва Украіне. Гэта павінна быць публічна. Іншыя ўмовы – гэта адсутнасць дзяржаўнай падтрымкі з боку расійскай ці беларускай дзяржавы, ніякай сувязі з падсанкцыйнымі арганізацыямі. Там 4-5 канкрэтных крытэрыяў і толькі пасля гэтага атлет можа атрымаць доступ – гэта не гарантыя – але можа атрымаць доступ. Гэта была нашая пазіцыя, у прынцыпе многія арганізацыі ці турніры, такія як Уімблдон, Нацыянальны алімпійскі камітэт Польшчы, такія крытэрыі прынялі, што атлеты могуць атрымаць допуск, калі пацвердзяць сваю антываенную пазіцыю.

— Тым не менш вы збіраеце канферэнцыю, каб гэтыя прапановы дапрацаваць? Я так разумею, што ёсць заўвагі да вашай пазіцыі?

— Ёсць заўвагі, у першую чаргу ўкраінскага боку, бо ён настойвае на поўным бане для беларускіх і расійскіх спартсменаў. Але мы бачым, што зараз гэта не атрымалася. Міжнародны алімпійскі камітэт на поўную забарону не пойдзе. І адзінае, што мы зараз можам зрабіць, гэта ўзмацніць тыя крытэрыі, якія ўвёў МАК, бо гэтыя крытэрыі вельмі лёгкія. То бок пры такіх крытэрыях мы назіраем, што 100% прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай зборнай змогуць прыняць удзел у Алімпійскіх гульнях, і фактычна 90% прадстаўнікоў расійскай зборнай. Канечне, гэта будзе пад нейтральным сцягам, гэта будзе без герба і гімна, але ўсё роўна гэта можа быць выкарыстана ў прапагандысцкіх мэтах. Мы разумеем гэтыя тэхналогіі. І таму нашая пазіцыя – гэтыя крытэрыі ўзмацніць і ўвесці абавязковае публічнае асуджэнне ваеннай агрэсіі.

— А па Вашым меркаванні, беларускія афіцыйныя спартсмены пойдуць на асуджэнне вайны?

— Калі яны хочуць удзельнічаць у Алімпійскіх гульнях, натуральна, яны на гэта пойдуць. Яшчэ адна мэта канферэнцыі – стварыць пляцоўку для распрацоўкі маральна-этычных стандартаў для міжнароднага спорту, бо ён ужо не можа існаваць па-за палітыкай, па-за цывілізацыйнымі каштоўнасцямі, такімі як мір, свабода, правы чалавека. Наша канферэнцыя – гэта спроба стварыць супольнасць людзей, якія пачынаюць працаваць паняццем «Атлеты за свабоду».

— 15 траўня НАК Польшчы збірае першую канферэнцыю Алімпійскай кааліцыі па недопуску расійскіх і беларускіх атлетаў. Што гэта за сустрэча і наколькі яна можа быць выкарыстана ў вашай працы?

— Гэта вельмі цікавая сустрэчы, якраз да яе мы накіроўваем нашу дэкларацыю, якая будзе апублікавана 14 траўня. Нашы тэзісы і прапановы будуць накіраваны ўдзельнікам вось гэтай кааліцыі, якую збірае Польшча. Пабачым, да чаго прыйдуць прадстаўнікі гэтай кааліцыі. Там ёсць пазіцыя поўнай забароны ўдзелу, але гэта стварае вельмі сур’ёзную канфрантацыю з міжнародным алімпійскім камітэтам. Настрой міжнароднага алімпійскага руху пакуль не на карысць бана. Ідэя байкоту таксама не надта папулярная: нават, калі беларускія і расійскія спартсмены атрымаюць допуск, я мяркую, што маштабнага байкоту не будзе. Можа, адна-дзве-тры краіны.

Comments are closed.