26 снежня Мінскі гарадскі суд вынес першы вырак у завочным працэсе супраць палітычных актывістаў. Прадстаўнікам Беларускага фонда спартыўнай салідарнасці Аляксандру Апейкіну і Аляксандры Герасімені завочна прысудзілі да 12 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці за заклікі да санкцый. У сацсетках Аляксандра Герасіменя напісала, што пасмяялася з гэтага працэсу, бо завочна яе могуць хоць расстраляць. Аляксандр Апейкін даў свой каментар у эфіры радыё Ўнэт.
Не адбылося нічога нечаканага. І гэта не паўплывала ні на што: ні на працу, ні мэты ці задачы. Але гэта, па сутнасці, сведчыць аб псіхозе сістэмы. Рэжым і ягоная сістэма разумеюць, што знаходзяцца ў поўным тупіку. Бо існуюць законы гістарычнай дыялектыкі і логікі падзей. Таму пазбегнуць знікнення ў рэжыму Лукашэнкі не атрымаецца. Сістэма загнаная ў кут. Яна адчувае няўпэўненасць і адсутнасць выйсця, таму спрабуе так абараняцца жорсткімі тэрмінамі, каб паўплываць інфармацыйна – псіхалагічна.
Гэта чарговая спроба запалохаць дэмакратычны актыў і сведчанне агоніі сістэмы. На нашыя мэты і задачы гэта ніяк не ўплывае. А галоўныя мэты ў нас дзве. Першая – не даць рэжыму выкарыстоўваць беларускі спорт у мэтах прапаганды і легітымізацыі дыктатуры. Бо праз спорт Лукашэнка раней гэта рабіў. І другая – разам з іншымі дэмакратычнымі сіламі давесці Беларусь да дэмакратычных зменаў, каб потым разам з грамадствам будаваць новую сістэму беларускага спорту.
Тут яшчэ важна адзначыць, што сістэма настолькі ўжо не здольная аналізаваць і балансаваць, што гэтымі выракамі нам з Александрай Герасіменяй яна зрабіла сабе чарговы «стрэл у нагу». Гэта фактычны палітычны пераслед удзельнікаў алімпійскага руху. Бо Фонд спартыўнай салідарнасці з’яўляецца ягоным удзельнікам. І звесткі аб гэтых незаконных прысудах, затрыманнях спартоўцаў распаўсюджваюцца ва ўсе сусветныя спартыўныя інстытуцыі: Міжнародны і еўрапейскія алімпійскія камітэты, НАКі краінаў і г.д. То бок, сістэма, якая хацела б палёгкі па санкцыях, на самой справе закапвае сама сябе яшчэ глыбей.
Мне не зусім зразумела пытанні пра канфіскацыю. Пэўна, яно больш турбуе людзей з арыентацыяй на матэрыяльныя каштоўнасці. Аднак тыя, хто свядома зрабіў свой каштоўнасны выбар у 2020 годзе, разумелі, у якую цяжкую і доўгую барацьбу яны ўступаюць. Яны ўсведамлялі, што ставяць на кон. Таму спробы запалохаць іх нейкай канфіскацыяй маёмасці не можа спрацаваць. Там зусім іншая маральна – каштоўнасная планка. Таму для мяне і думаю, што і для Аляксандры Герасімені таксама, навіна пра тое, што там умоўны гараж забралі ці іншае, не ўспрымаецца як каштоўная страта.
Апроч таго, мы ўсе разумеем, што гэтыя суды і выракі незаконныя. Як толькі ў Беларусі ўсталюецца дэмакратычная ўлада і вернецца закон, усё незаконна забранае, вернецца. Таму ніхто не ўспрымае гэта як сур’ёзную страту.
Comments are closed.