Loading

Праваабарончаму цэнтру «Вясна» уручылі прэмію The Albie Awards 2022 у намінацыі «Справядлівасць для абаронцаў дэмакратыі». Узнагароду прымала жонка палітзняволенага Валянціна Стэфановіча Аліна. У эфіры «Світанку Свабоды» яна распавяла падрабязнасці падзеі.

Фота: accessonline.com Аліна Стэфановіч – у цэнтры.

Прэмію The Albie Awards заснавала фундацыя «Клуні за справядлівасць», якой кіруюць Амалія і Джордж Клуні. Яны шмат дапамагаюць людзям і шчыра пераймаюцца за сітуацыю з правамі чалавека ў розных краінах. Першай прэміяй адзначаны беларускія абаронцы правоў чалавека. Лідары праваабарончага цэнтра «Вясна», у тым ліку і Валянцін Стэфановіч, зараз за кратамі, таму было прынята рашэнне: прымаць прэмію будзе жонка і паплечніца Валянціна Аліна.

Аліна: гэтая прэмія не толькі прызнанне дзейнасці «Вясны», але ўсіх праваабаронцаў і простых беларусаў, якія змагаюцца за дэмакратыю і церпяць за яе. Гэтая прэмія — яшчэ адзін інструмент прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасці да праблем Беларусі.

Пра тое, што «Вясна» атрымала гэтую прэмію, стала вядома яшчэ ў траўні, калі прыйшло запрашэнне на цырымонію ў Нью-Ёркскую публічную бібліятэку. Калі Аліна даведалася, што паедзе атрымліваць узнагароду, яна паскардзілася ў лісце мужу, што не ведае, пра што казаць на ўрачыстасці. І Валянцін напісаў ліст з прамовай, якая была зачытана са сцэны.

Аліна кажа, што была ўражана той колькасцю любові і клопату, якія адчуваліся ад людзей у залі. Апроч Амаліі і Джорджа Клуні там былі такія вядомыя асобы, як Мэрыл Стрып і Джулія Робертс. Прадстаўляў Аліну Стэфановіч і ўручаў ёй прэмію вядомы галівудскі актор Оскар Айзек. Таксама ў залі была жонка былога прэзідэнта Амерыкі Мішэль Абама.

Такія мерапрыемствы даюць магчымасць беларусам нагадваць пра сябе і расказваць пра сітуацыю ў краіне.  

Непасрэдна перад прэміяй Аліна атрымала чарговы ліст ад мужа, супраць якога выстаўлены новыя, больш сур’ёзныя абвінавачванні. Але гэта не сапсуе Валянціну настрой, бо ён добра ўсведамляе, што тыя тэрміны, якія ён правядзе ў няволі, не залежаць ні ад пракурораў, ні ад суддзяў, ні ад таго, якія лічбы тыя намалююць. Усё вырашаецца ў іншых месцах і па-іншаму.

«Таму Валянцін Стэфановіч поўны аптымізму, ён бадзёры і ганарыцца тым, што ён сядзіць за правы чалавека і дапамогу людзям. Ён прысвяціў гэтай працы шмат год,» — кажа яго жонка.  

Comments are closed.