Loading

Прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета Аліна Коўшык нядаўна вярнулася з Рыгі, дзе знаходзілася з рабочым візітам. Адбылася сустрэча з паслом Латвіі ў Беларусі Эйнарсам Семанісам, уздымаліся і абмяркоўваліся важныя для мясцовай дяспары тэмы: візавыя пытанні, медыцынскае абслугоўванне, адукацыя на беларускай мове. Акрамя таго, мясцовыя беларусы не адмовіліся ад ідэі, каб адна з вуліц Рыгі насіла імя Францішка Скарыны. Вынікі гэтай паездкі радыё Ўнэт абмеркавала з Алінай Коўшык.

—  Паездка ў Рыгу была прысвечана супрацы з журналістамі, а таксама кантактам з прадстаўнікамі ўладаў Латвіі і беларускай дыяспары.

— І як Вы можаце ацаніць вынікі гэтай паездкі? Яна прайшла плённа?

— Нам бы хацелася, каб вынікі палітычнай працы былі хуткімі, але так не адбываецца і сэнс палітычнай працы ў тым, каб яе працягваць. Фактычна гэтая мая паездка стала працягам візіту Святланы Ціханоўскай, які адбыўся ў чэрвені 2022 года. Калі Святлана сустрэлася з прэзідэнтам Латвіі, гэта была сапраўды вялікая падзея тады ўлетку ў Рызе. Быў канцэрт Вольнага хору, быў шэраг сустрэч на вельмі высокім узроўні і сёння важна, каб гэтая праца ішла далей. У маёй паездцы я зараз сканцэнтравалася на сустрэчы з амбасадарам Латвіі ў Беларусі, якая прайшла ў Міністэрстве замежных спраў. Мы абмеркавалі шэраг важных пытанняў латвійска-беларускай супрацы. Мяне, перад усім як прадстаўніцу па нацыянальным адраджэнні, цікавілі пытанні культуры, адукацыі. Мы размаўлялі пра тое, каб перакладаць кнігі на беларускую мову, запрашаць беларускіх артыстаў, беларускіх мастакоў, актораў на розныя фестывалі, пленэры, што адбываюцца ў Латвіі. То бок трэба інтэнсіфікаваць гэты культурніцкі накірунак нашай супрацы.

Што тычыцца адукацыі, то тут унікальная сітуацыя, бо ў Рызе ёсць беларуская школа імя Янкі Купалы, гэта вынік працы старэйшага пакалення нашай дыяспары, якія фактычна сваімі рукамі гэтую школу заклалі. Зараз у гэтай школе ёсць магчымасць вывучаць беларускую мову, але вельмі мала жадаючых. І таму мы абмяркоўвалі, як павысіць прыцягальнасць беларускай мовы для тых людзей, якія выехалі з краіны. Гэтая супраца беларускай дыспары і дэмакратычных сілаў вельмі актуальная. Я разумею, што разам мы можам зрабіць шмат. Мы ўздымалі таксама пытанне візаў: складана рабіць гасцявыя візы, бо беларусы ў Літве з’яўляюцца ўцекачамі, гэта амаль немагчыма, а такі запыт з боку беларускай дыяспары ёсць. Беларуская дыяспара дастаткова актыўная ў Латвіі і вельмі хочацца іх падтрымаць. Ёсць пытанні, якія вырашаюцца, як напрыклад, атрыманне медычнай дапамогі, калі ты знаходзішся ў працэдуры атрымання міжнароднай абароны, і не заўсёды гэта проста, напрыклад, стаматалагічную дапамогу атрымаць, хоць яна павінна быць, спачатку яна была, а цяпер не. Мы ведаем нават пра такія выпадкі, расказваем пра іх уладам. Мяне здзівіла, што прадстаўнікі дыяспары не ведалі, што ў Латвіі ёсць свой амбасадар у Беларусі, і таму нашая задача спалучаць вось гэтыя кропкі, бо амбасадары вельмі актыўныя, яны могуць зрабіць вельмі шмат для падтрымкі беларусаў.

—  Я так разумею, што пасля гэтага візіту кантакт з беларускай дыяспарай ужо будзе пастаянны?

— Так, мы дамовіліся пра стварэнне невялічкай працоўнай групы з самых актыўных сябраў дыяспары, каб спрасціць камунікацыю, каб яны камунікавалі непасрэдна са мной і каб мы маглі аказваць палітычную падтрымку розным ініцыятывам беларусаў. Як, напрыклад, пошук месца, якое магло б стаць месцам сустрэчы беларусаў для розных лекцый, майстар-класаў ці проста месцам, дзе можна абмеркаваць беларускія пытанні. Альбо дапамагаць лабіяваць ідэю, каб у Рызе з’явілася вуліца імя Францішка Скарыны. Гэтай ініцыятыве ўжо некалькі гадоў, на жаль, не атрымалася, як хацелі беларусы, але вось зараз мы зразумелі, што гатовы яшчэ раз пазмагацца за тое, каб у беларусаў у Рызе было сваё месца моцы.

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

 

Comments are closed.