Loading

Навіна пра тое, што Амерыка выдзяляе на дапамогу Украіне 45 мільярдаў даляраў усцешыла многіх. Але не ўсё на так добра з гэтымі грашыма, калі паглядзець, што насамрэч закладзена ў біле дапамогі Украіне. Разбіраем лічбы разам з гісторыкам і палітыкам Алесем Стральцовым.

У свой час Напалеон Банапарт казаў, што для перамогі яму патрэбныя тры фактары: грошы, грошы і грошы. Пэўна, ён меў рацыю. Сёння мы ўжо ведаем бюджэты і можам казаць, чаго можна дасягнуць за гэты год, зыходзячы з таго, што будзе «на руках».

Шмат хто кажа, што ўкраінцы патрабуюць за шмат і не асабліва ўдзячныя. Так, Украіне ніхто нічога не павінен, бо яна не ўваходзіць ні ў абарончы альянс, ні ў НАТА. Таксама Украіна актыўна гандлявала зброяй і за апошнія гады прадала яе на шмат мільярдаў. І гэта ёй узгадваюць. Гучаць дакоры і наконт не надта зручнага выкарыстання свайго вайсковага бюджэту. Напрыклад, у Фінляндыі такі ж самы вайсковы бюджэт, але яна мае F-35 і 50 Himars. І калі б рускія пайшлі на Хельсінкі сваімі танкавымі калонамі, то гэтыя самалёты і Himars іх там накрылі і выбілі. Прычым, не так, як украінцы з-пад Кіеве, а проста разграмілі б ушчэнт.

Шмат чаго падобнага можна закідаць Украіне, бо тэарэтычна яна павінна была падрыхтаваць усё неабходнае для ўласнае абароны. Але з іншага боку, усё пералічанае не дае права Пуціну нападаць на краіну і рабіць там Бучу, а ўвесь свет спакойна будзе на гэта глядзець.

Гэта сведчыць толькі пра тое, што ўвесь свет робіць рыцарскі жэст і дапамагае краіне, якая не ў НАТА. Каля 50 краінаў свету аб’ядналіся для дапамогі ёй. Але з усёй гэтай дапамогі я б вылучыў Злучаныя штаты.

Па-першае, таму што ўся іх дапамога адкрытая. Бо, напрыклад, казаць пра памеры дапамогі Францыі цяжка, бо інфармацыя засакрэчаная. Аднак, агулам ва ўсёй Еўропе зброі не шмат. Зараз генерал Залужны просіць 500 танкаў і некалькі соцень гаўбіц для перамогі. Дык вось, напрыклад, Брытанія ці Нямеччына не могуць даць па 300 танкаў, бо не маюць такой колькасці. А Злучаныя штаты маглі б даць і 3000 танкаў са сваіх складоў і не асабліва гэта заўважылі.

Яшчэ да выбараў паміж рэспубліканцамі і дэмакратамі было пагадненне, што ў новым годзе Украіна атрымае ад ЗША 50 мільярдаў даляраў. Але пасля выбараў чамусьці дэмакраты прапанавалі даць Украіне 35 мільярдаў на год.

Каб зразумець, наколькі гэта дастаткова, прывяду прыклады таго, колькі каштуе сучасная вайна. Калі Злучаныя штаты разграмілі Ірак, то гэтая вайна каштавала ад 2 да 3 трыльёнаў даляраў. То бок, тысяча ці дзве тысячы мільярдаў. А нобэлеўскія лаўрэаты ўдакладнілі дадатковыя фактары і напісалі кнігу, якая так і называецца «Вайна за тры трыльёны». Прыкладна столькі сёння каштуе сур’ёзная вайна.

Войскі, якія на той момант былі ў Садама Хусэйна, не ідуць ні ў якое параўнанне з тым войскам, якое зараз Пуцін кідае на Украіну. І хаця ўкраінцы выбіваюць іх танкі і элітныя дэсантныя дывізіі, усё адно, не трэба забывацца, што кожны знішчаны расійскі танк, гэта чыёсьці жыццё. Як і знішчаныя расійскія гаўбіцы – гэта таксама адданыя ўкраінскія жыцці. І наадварот, кожная нададзеная вайсковая тэхніка, гэта сотні і тысячы ўратаваных жыццяў украінскіх ваяроў.

Карацей, замест 50 мільярдаў чамусьці было прапанавана 35 млрд. Па-шчырасці, я б хацеў паглядзець на таго хлопца, які вынес такую прапанову. Гэта нейкі шпіён Пуціна, чыйсьці бухгалтар, уласна Джоў Байдан? Хто і чаму прыняў такое рашэнне аб скарачэнні бюджэту?

Праўда, амерыканскі парламент абурыўся і дадаў звыш 7 мільярдаў. І зараз у бюджэце на гэты год стаіць сума ў 45 мільярдаў даляраў. Але і тут не без праблем. Гэтая сума дзеліцца на 5 роўных частак па 20%.

Першыя 20% з гэтых грошаў увогуле да Украіны не маюць ніякага дачынення. Гэтыя грошы пойдуць на ўнутраныя справы ЗША, менавіта на закуп медыкаментаў, інсуліну для хворых грамадзян краіны. Адказ на пытанне, а што гэтыя выдаткі робяць у біле аб дапамозе Украіне, просты. Каб працягнуць непапулярнае пытанне на галасаванні ў парламенце, яго «зашываюць» у праект, супраць якога адназначна прагаласуюць станоўча. То бок, асобна за 5 мільярдаў на інсулін парламент, хутчэй за ўсё, не прагаласаваў. А ў складзе пакета дапамогі Украіне – прагаласуюць, бо ніхто ж не адмовіцца ад гэтай дапамогі. Такім чынам, з 45 мільярдаў 7 ці 9 мінусуем адразу. 

Наступныя 20% – гэта грошы на вайсковыя патрэбы саміх ЗША. У іх ёсць 850 мільярдаў бюджэту на гэты год. Але ў біле ёсць частка на іншыя патрэбы, за якія Амерыка сама сабе заплаціла. Зноў – такі, не зразумела, што гэтыя грошы робяць у біле дапамогі Украіне.

Трэцяя частка з 20% пойдуць на бюджэтную падтрымку Украіны. Гэта, безумоўна, патрэбна, як і фінансавая дапамога ад Еўропы. Але, на жаль, гэта не тыя грошы, што Амерыка магла б выдзеліць менавіта зброяй. Бо ў Еўропы няма неабходнай колькасці зброі. І таму яна магла б дапамагчы грашыма. А вось Амерыка магла б надаць шмат зброі. Гэта было б натуральнае і нармальнае размеркаванне. Ну добра хаця б тое, што гэтая частка мае непасрэднае дачыненне да Украіны.

Наступная частка з 20% адносіцца да доўгатэрміновай дапамогі ўзбраеннем. Але гэта ўмоўная дапамога. Бо зброя, якая будзе вырабленая і пастаўленая не зараз, а калісьці потым, праз тры гады, слаба грэе хлопца, які сёння ў акопе.

І толькі астатняя пятая частка дапамогі, гэта непасрэдная зброя зараз. Калі паглядзець гэта на прыкладзе па месяцах, то ў мінулым годзе ЗША стабільна пастаўлялі штомесяц  дапамогі на 1,3 мільярда. У першапачатковым новым бюджэце штомесячная лічба складала 860 мільёнаў, то бок, на 40% менш за мінулы год. Гэтай сумы дастаткова толькі на патроны, снарады і запчасткі, то бок, на расходнікі. Набыць зброю грошаў не хопіць. Зараз яе вярнулі да тых жа 1,3 мільярдаў. Але іх відавочна недастаткова, каб выйграць вайну.

Пуцін траціць15-20 мільярдаў. Украіна разам з еўрапейскай дапамогай – каля 4 мільярдаў. Але, каб процістаяць Пуціну, патрэбна не менш за 5 млдр. Тады можна было адваёўваць свае тэрыторыі не за кошт вялікай крыві, а за кошт тэхнікі. Калі мы пералічваем неабходную тэхніку і зброю, трэба пераводзіць гэта ў грошы. І мы бачым, што іх моцна не хапае. На жаль, інфармацыя і чаканні, што ў гэтым годзе ўкраінская армія пяройдзе на добрае натаўскае ўзбраенне, пакуль не пацвярджаецца.

Ёсць яшчэ адзін незразумелы нюанс з амерыканскай дапамогай Украіне. Спадар Байдан чамусьці выкарыстоўвае не ўсе сумы, якія яму даручае выкарыстаць амерыканскі народ, Кангрэс і Сенат. З некалькіх фондаў ён недавыкарыстаў 2,3 мільярдаў даляраў. Яго тузалі кангрэсмены, пісалі да яго, каб падпісаў біль дапамогі Украіне раней. Але ён чамусьці падпісаў яго са спазненнем, калі настаў новы фінансавы перыяд. І тыя 2,3 мільярдаў проста згарэлі. А гэта не многа ні мала, тысяча Himars. На жаль, гэта не адзіны такі выпадак.

Паглядзім, што будзе ў гэтым годзе. Бо, нават, калі гэтыя сумы на 100% будуць выкарыстаныя, не значыць, што будзе лёгка. А тую колькасць танкаў і іншай тэхнікі, што просіць Залужны, у Амерыцы ёсць на складах, нават, вырабляць не трэба. Прычым ёсць болей у 2-4 разы.

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.