Loading

Прыкладна месяц таму ў эфіры «Світанку свабоды» палітык і грамадскі дзеяч Алесь Стральцоў аналізаваў колькасць паставак заходнімі краінамі ўзбраення для Украіны. Тады лічбы былі недастатковымі. Праз месяц Алесь зноў падрыхтаваў аналітыку, з якой вынікае, што колькасць узбраення трошкі павялічылася, але галоўнае пытанне, чаму так мала, застаецца без адказу.

Цягам апошняга месяца Украіне надалі трохі бранятэхнікі. Дакладна лёгкіх MAX. Гэта паліцэйская машына і для вырашэння вайсковых задач не надта пасуе. Але, вядома, за адсутнасцю лепшага УСУ яе з задавальненнем будуць выкарыстоўваць.

Адначасова з тым, з боку Злучаных штатаў значна зменшылася колькасць снарадаў, якія яны пастаўляюць. Гэта выклікае пакуль калі не «снарадны» голад, але вялікую «снарадную» эканомію. Чаму гэта робіцца незразумела, з улікам поспехаў УСУ.

Канешне, ніхто не кажа, што ЗША нічога не пастаўляе. Вялікая падзяка за тое, што даюць. Але гэтыя пастаўкі можна было б лічыць дастатковымі, калі б, напрыклад, Прыднястроўе напала на Малдову ці Данія пачала б ваяваць са Швецыяй. Ці то б Конга напала на Лісота. То бок, гэта была б не актыўная вайна з Расіяй, а канфлікт краін, якія ў спісе вайсковых дзяржаў недзе на 40 ці 50 месцы.

У такім выпадку 50 Himars, 140 гаўбіц 150 мм калібру, 2000 патронаў і 200 машын лёгкай бранятэхнікі, накшталт Humvee, было б дастаткова. Тады б і 100-150 састарэлых танкаў ад Польшчы і 45 ад Славаччыны былі добрай колькасцю. Але для вайны з другой па колькасці ўзбраення краінай свету, зыходзячы з колькасці танкаў, «Смерчаў», баявых самалётах і верталётаў, «Сонцапёкаў», «Калібраў», «Іскандэраў» і інш, відавочна не хапае.

А між тым, можна было за некалькі месяцаў надаць зброі на 30-50 мільярдаў, але гэта чамусьці прынцыпова не робіцца. Пры тым, што магчымасці для гэтага ёсць.

ВВС піша, што страты сусветнай эканомікі склалі 2,8 трыльёна даляраў. ЗША – гэта чвэрць сусветнай эканомікі. Значыць, яны страчваюць не менш за 700 мільярдаў. Безумоўна, Амерыка Украіне нічога не вінная, і каб не яе дапамога і дапамога Еўропы, то Расія даўно б перамагла. Да таго ж, апроч узбраення ЗША дапамагаюць грашыма на падтрымку ўкраінскай эканомікі і данымі выведкі. Іх самалёты AWACS бачаць усе ракетныя запускі і ледзь не кожны снарад.

Але ўсіх турбуе лёс ста мільёнаў людзей у Афрыцы, якія пад пагрозай голаду праз дзеянні Расіі. Сусветная эканоміка страчвае вялікія грошы. То бок, мае сэнс надаваць больш зброі, каб гэта спыніць.

Я разабраў на сваёй старонцы ў Фейсбку для прыкладу адзін бой, які выклала Беларуская дзелавая газета. Там украінцы ідуць на штурм абарончага пункту ворагу. Пры гэтым іх 7-8 чалавек супраць 30. Яны да лініі акопаў пад’язджаюць на старэнькім БМП, якая ўвогуле не страляе. На жаль, нясуць страты, бо вораг страляе па іх. Гэта такія героі-камандас неверагодна смелыя як джэдаі. Але праблемы ў тым, што зброя і абсталяванне ў іх зусім не як у джэдаяў. Механізаваная цялежка іх нічым не абароненая і здольная толькі давесці да лініі акопаў, іншай карысці ад яе няма.

Хлопцы проста сядзелі на ёй наверсе. Пры гэтым вораг гасіць па іх няспынна. У выніку яны ўпяцёх прымусілі 30 рускіх разбягацца па палях. Бо яны за сваю зямлю б’юцца, а рускія не вядома за што.

І ў мяне пытанне, а калі б гэтыя героі ехалі нармальна, як абяцалі Жданаў і іншыя, калі казалі, што прынята рашэнне перавесці ўкраінскую армію на стандарты НАТА? Каб байцы былі надзейна абароненыя бранёй. Каб Bradley вялі шалёны агонь са сваіх пушак Bushmaster? Тады б пакуль гэтыя хлопцы даехалі да акопаў, то ад тых рускіх ужо мала што засталося.

Пытанне, чаму не даюць тыя ж Bradley? Ну гэта ж нават не Аbrams. Гэта старая машына 1981 года вытворчасці!

Я спецыяльна спраўдзіў лічбы, бо шмат хто кажа, што ў ЗША няма магчымасці вырабляць. Дык вось, афіцыйныя даныя сцвярджаюць, што Bradley і найноўшыя мадыфікацыі іх могуць вырабляцца па 8 штук на дзень.

Адпаведна стратэгіі бяспекі ЗША Расія з’яўляецца пагрозай. Тады чаму не выдзеліць 20-40 мільярдаў за раз, каб закрыць гэтае пытанне. Нагадаю, што на Афганістан яны трацілі 2 трыльёны. На праграмы барацьбы з кліматам, антыкавідныя праграмы і інш., вельмі лёгка выдаюць па 1-2 трыльёны.

Таму на 20 дадатковых мільярдаў даць Украіне зброі гэта адна сотая ад іх выдаткаў на розныя праграмы. Такія грошы Амерыка траціць пэўна на падтрыманне сметнікаў у Алабаме.

Калі вярнуцца да Bradley, то 2 тысячы адзінак хапіла б генералу Залужнаму, каб вымесці ўсе расійскія войскі з тэрыторыі Украіны. Чаму гэтага не адбываецца – тэма для асобнага разбору.

Ці тыя ж сістэмы Hawk 60-х гадоў, якіх у наяўнасці 40 тысяч адзінак, ну чаму не надаць іх Украіне? Не спісваць і рэзаць на металалом, а перадаць украінцам!

Увесь заходні свет дагэтуль не можа вырашыць пытанне закрыцця неба над Украінай. Генерал Залужны выклаў даныя, згодна з якімі 2/3 рускіх ракет ужо выкарыстаныя на тэрыторыі Украіны. Пакрысе ўжо пачаўся працэс паставак проціракетных сістэм. Але чаму так позна і павольна? Яны ж стаялі на складах. І калі б Украіна атрымала іх на 6 месяцаў раней, то былі б выратаваны жыцці і аб’екты інфраструктуры.

Бо, шчыра кажучы, смешна чытаць пра 4 Аvenger. Што такое Аvenger? Гэта такі пікапчык, Humvee, на якім стаіць па 3-4 Stinger і маленькі радарчык. Як, скажыце, Украіна павінна перакрыць неба 1200 кіламетровага фронту чатырма Аvenger? У той час, калі Украіна прыняла на сябе прынамсі 70% рускіх ракет!

Варта разумець, што адзін танк Аbrams – гэта 50 выратаваных жыццяў. Адзін ударны гелікоптар кшталту Аpache – гэта 200 выратаваных жыццяў ваяроў УСУ. Адзін Bradley – 30 выратаваных жыццяў. Знішчальнік F-16 – 300 жыццяў украінцаў.

Усё, што я пералічваю сотнямі тысяч ёсць у наяўнасці. Стаяць 5 тысяч Аbrams па пустынях. Праз 10 год іх спішуць на металалом. А зараз гэта жалезка магла б выратаваць жыцці.

Таму ў мяне пакуль без адказу застаецца пытанне, чаму ЗША зацягвае гэту вайну недастатковымі пастаўкамі?

Comments are closed.