Loading

Праваабарончы цэнтр «Вясна» – гэта, без перабольшвання, справа жыцця Алеся Бяляцкага. «Вясну» ён з аднадумцамі пачаў ствараць яшчэ ў 1996 годзе, калі пасля так званага рэферэндуму Лукашэнка надзяліў сам сябе неабмежаванай уладай і пачаў відавочныя палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці, якая спрабавала выказваць нязгоду з такім станам рэчаў. Сёння «Вясна» – гэта найбуйнейшая праваабарончая арганізацыя ў Беларусі, якую добра ведаюць і далёка за межамі нашай краіны. Яна не спыніла сваёй дзейнасці нават пасля тае хвалі рэпрэсіяў супраць грамадскіх арганізацыяў, якая, фактычна, з «Вясны» і пачалася яшчэ ў лютым 2021 года. Вось як на прысуджэнне найвышэйшай сусветнай узнагароды свайму калегу і кіраўніку адрэагавалі супрацоўнікі Праваабарончага цэнтру «Вясна»:

Алена Маслюкова, кіраўніца Светлагорскай філіі ПЦ «Вясна»:

Сёння прыйшла вельмі, вельмі, вельмі важная навіна для Праваабарончага цэнтра «Вясна» і асабіста для Алеся Бяляцкага. Ён атрымаў Нобелеўскйю прэмію міру. Я лічу, што гэта абсалютна справядлівая ўзнагарода і для гэтага чалавека, і для ўсіх сябраў гэтай праваабарончай арганізацыі. Я вельмі ганаруся тым, што жыла ў адным горадзе з гэтым слаўным чалавекам, што ён мае дачыненне да горада, дзе я нарадзілася, да Светлагорска, што мы вучыліся з ім разам у адным універсітэце. Наша арганізацыя сёння ў такім стане, што цяжка нават усвядоміць. Гэта ўсё як бы нечакана чаканае. І таксама я хачу павіншаваць усіх беларусаў з гэтай перамогай і таксама нашых калегаў, правабааронцаў, якія працуюць ва Украіне і Расіі. 

Я вельмі спадзяюся, што гэта ёсць прызнанне значнасці дзейнасці праваабарончых арганізацыяў і канкрэтна Праваабарончага цэнтра «Вясна». Пасля атрымання гэтай прэміі пэўна адбудуцца змены. І мы вельмі спадзяемся і вельмі гэтага жадаем, каб кожны палітвязень атрымаў свабоду. 

Ігар Казмерчак, кіраўнік Аршанскай філіі ПЦ «Вясна»:

Гэтая навіна проста ўаў! Перапаўняюць эмоцыі насамрэч. Алесь Віктаравіч даўно варты гэтай прэміі. Яго разоў пяць вылучалі на гэтую прэмію. Нарэшце вылучэнне адбылося паспяховым. Гэта вельмі значная падзея для Беларусі. Разумееце – невялікія краіны рэдка становяцца лаўрэатамі Нобелеўскіх прэміяў. А ў беларусаў ужо дзве Нобелеўкі. І гэта важна для ўсёй дзяржавы, для ўсёй краіны, для ўсяго грамадства беларускага. Нам ёсць чым ганарыцца. Гэта проста неверагодна! Гэта проста ўаў! 

Аляксей Колчын, сябра Часовай Рады ПЦ «Вясна»:

Успрыняў навіну пра ўганараванне Алеся Бяляцкага Нобелеўскай прэміяй міру з радасцю. Шчыра кажучы, мы чакалі гэтай узнагароды значна больш пільна падчас мінулага зняволення Алеся. Але, тым больш яна была прыемная. Таму, што гэта значная адзнака. І гэта значны пасыл – тое, што былі адзначаныя праваабаронцы гэтых трох краінаў – Украіны, Беларусі і Расіі. І гэта відавочна, што такое палітычнае пасланне Нобелеўскага камітэту. Абсалютна ясна, што яно звязаная з той сітуацыяй, якая ў нашых трох краінах зараз адбываецца, з той вайной, якая развязаная ва Украіне. 

Думаю, што сам Алесь Бяляцкі ўспрыняў бы гэта не толькі як узнагароду асабістых дасягненняў і асабістай плённай працы, але, думаю, што ён сказаў бы, што гэта ўзнагарода «Вясны» і ўсяго праваабарончага сектару і ў прынцыпе ўсіх грамадскіх актывістаў і праваабаронцаў Беларусі. 

Гэта вялікае значэнне мае, найперш таму, што яно вяртае Беларусь у фокус увагі і тых праблемаў, якія звязаныя з нашымі краінамі-суседзямі. Я ўвесь час не магу пазбавіцца такога ўражання, што Алесь, нават знаходзячыся за кратамі, гэтым атраманнем прэміі з дапамогай Нобелеўскага камітэта падтрымаў усіх нас. 

Андрэй Палуда, каардынатар ініцыятывы «Праваабронцы супраць смяротнага пакарання»: 

Я ўсцешаны і вельмі рады, што Алесь атрымаў прэмію, таму што я ўпэўнены, што прэмія трапіла ў годныя рукі. Алесь Бяляцкі – гэта чалавек, які сапраўды заслугоўвае адзначэння прэміяй міру, бо ён чалавек міра ва ўсіх сэнсах гэтага слова. Ён вядомы ва ўсім свеце праваабаронца, але ён яшчэ і чалавек міра ў кантэксце таго, што ён праз сваё стаўленне, праз свае выказванні, заснаваныя на правах чалавека, антымілітарызме і на вяршынстве права заўсёды распаўсюджваў ідэі гуманізма.

Я вельмі спадзяюся, што ў найбліжэйшы час Алесь Віктаравіч Бяляцкі зможа асабіста атрымаць гэтую прэмію і потым з гэтай прэміяй вярнуцца ў Беларусь. І мы таксама вернемся разам з ім у Беларусь, у якой не будзе палітзняволеных, у якой будуць панаваць правы чалавека.

Наталля Сацункевіч, сяброўка Часовай Рады ПЦ «Вясна»:

Я маю вялікі гонар працаваць у арганізацыі разам з Алесем Бяляцкім. І сёняшняе ўручэнне Нобелеўскай прэміі міра канешне дадаткова нагадала мне пра гэта. Алесь ужо не першы год вылучаўся на прэмію міру, але ў гэтым годзе яго нават не было ў спісе фаварытаў і праўда, ніхто не чакаў. І той вадапад інтарэсу да «Вясны» і да Беларусі паказвае наколькі гэта запатрабавана. Мне асабіста вельмі важна, што гэтую прэмію Алесь падзяліў з расійскай праваабарончай арганізацыяй «Мемарыял» і ўкраінскай праваабарончай арганізацыяй «Цэнтр грамадзянскіх свабод». Гэтыя тры краіны зараз вельмі цесна звязаныя вайной, на жаль, але гэтыя арганізацыі ўсе разам займаюцца такой справай, дзе ў цэнтры ўсяго чалавек і яго годнасць. Я заклікаю ўсіх падтрымаць сёння Алеся Бяляцкага, іншых зняволеных вясноўцаў паштоўкай салідарнасці, тэлеграмай, бандэролькай ці грашлвым пераводам. І прашу распаўсюджваць інфармацыю і пра зняволенне Алеся і пра Нобелеўскую прэмію. Беларускім праваабаронцам патрэбна салідарнасць і падтрымка з усяго свету. 

Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна», facebook.com.

Comments are closed.