93 total views

Каля 20 песень увайшлі ў новы альбом «Летуценнік» гусляра Алеся Чумакова. Цягам бліжэйшых тыдняў іх можна будзе пачуць на канцэртах у розных гарадах Польшчы, а таксама ў сталіцах Чэхіі і Літвы. Гуслярскі тур распачаўся ў беластоцкім хабе «Новая зямля», дзе музыкант не толькі пазнаёміў слухачоў з новымі перакладамі вядомых хітоў на беларускую мову, але і зрабіў экскурс у гісторыю гусляў, якія зараз перажываюць сваё адраджэнне.

Новаму альбому, які зараз прадстаўляе гусляр, яшчэ няма месяца, але агучаныя мелодыі многім знаёмыя здаўна. Іншая справа, што пачуць іх з беларускамоўнымі тэкстамі, ды тым больш пад акампанемент гусляў, пэўна даводзілася адзінкам. Таму кожны з праспяваных Алесем Чумаковым хітоў успрымаўся як нешта знаёмае і ў той жа час новае, і гэта новае разам з гуслярскім выкананнем стварылі пераклады Макса Шчура і Сяржука Сокалава-Воюша. Такім чынам па-беларуску на канцэрце прагучалі песні Фрэдзі Мэрк’юры, Пола Маккартні, Озі Осбарна, Віктара Цоя, Юрыя Шаўчука, Андрэя Макарэвіча і не толькі.

Як распавёў нашаму радыё пасля канцэрта Алесь Чумакоў, крытэрый адбора песень у альбом залежаў выключна ад уласнага жадання.

«Я сябе лічу чалавекам з бардаўскага асяроддзя. Бард не можа спяваць нешта такое адарванае, не на злобу дня. Таму ўсе песні адпаведна тыя, якія актуальныя сёння. Гэта паэзія, якая не проста нешта прыгожае, а тое, у чым схаваны вобразы сённяшніх падзей і сённяшніх асацыяцый», – паведаміў гусляр.

Варта адзначыць, што ў Польшчы Алесь Чумакоў з канцэртнымі турамі ўжо не ўпершыню. Яшчэ ўзімку ён са сваёй калегай Таццянай Ячнай выступаў з каляднымі песнямі, зразумела, пад гуслі, якія ён сам робіць, прадае і на якіх навучае граць. Паводле яго, публіка ўспрыняла тыя канцэрты вельмі цёпла.

«Калядныя песні – гэта вельмі душэўная праграма. Яна неверагодна ўтульная, сямейная. Людзі прыходзяць з дзецьмі. Там ёсць што паслухаць. І добрай паэзіі там багата, і харавога мастацтва. У нас з Таняй там распісаны партыі, на два галасы мы спяваем, гуслі як трэці голас граюць. Гэта проста як хор на сцэне, а нас усяго тры асобы – я, Таня і гуслі. Шмат цудоўнейшай паэзіі. Там дзясятак розных перакладчыкаў працавалі над гэтай праграмай. І гэта дзве ўжо праграмы, гэта два дыскі», – распавёў музыкант.

Падчас канцэрта ў Беластоку Алесь Чумакоў распавёў, што летась яго майстэрню пад Мінскам, дзе ён вырабляе гуслі, напаткала вялікая непрыемнасць – яна згарэла. Пацярпеў і музыка, калі спрабаваў тушыць пажар. Тым не менш да сённяшняга дня многае ўдалося аднавіць. Але для завяршэння ўсіх прац патрэбныя грошы, якія ў якасці ахвяраванняў за свае выступленні збірае гусляр.

Тых, хто пажадае дапамагчы ў адбудове новай майстэрні, Алесь Чумакоў просіць выйсці на старонку ў інтэрнэце linktr.ee/gusliby, праз якую вядзецца збор сродкаў.

А распачаты ў Беластоку тур працягнецца ў Гданьску, Варшаве, Уроцлаве, у чэшскай Празе, Кракаве, у літоўскай Вільне. У сталіцах Польшчы і Літвы разам з Алесем Чумаковым выступіць і Таццяна Ячная.

Comments are closed.