Loading

Акадэмічная дырэктарка BEROC Кацярына Барнукова тлумачыць як санкцыі паўплывалі на беларускую эканоміку.

Калі паглядзець на наш гандаль з ЕС — што адбылося ўлетку? Быў уведзены шосты пакет санкцый, дзе фігуравала Беларусь. «Белінвестбанк» быў адключаны ад SWIFT, і некалькі кампаній, якія раней былі пад сектаральнымі санкцыямі, патрапілі ў новы пакет санкцый, што тэарэтычна робіць для іх абыход санкцый больш складаным. У другой палове 2021 года экспарт, нягледзячы на ўведзеныя ўжо тады сектаральныя санкцыі, рос. Гэтаму спрыялі вельмі зыскоўныя ўмовы гандлю: раслі кошты, рос попыт. Але, калі мы паглядзім на нафтапрадукты, то, паводле даных ЕС, экспарт упаў адразу ж у ліпені 2021 года, то бок маментальна пасля ўвядзення санкцый, хоць яны і былі з адкладзеным эфектам. Мы бачым, што сёння нафтапрадукты ў ЕС ужо не пастаўляюцца. Такую карціну мы назіраем з 2022 года, з пачатку вайны, калі многія падсанкцыйныя пазіцыі пачынаюць падаць. І ў чэрвені, калі санкцыі набылі поўную моц, напрыклад, экспарт драўніны або металаў у ЕС спыняецца. Калі мы параўнаем ўзровень экспарту ў чэрвені з узроўнем экспарту ў студзені, то мы ўбачым, што падзенне складае больш за 50%. Гэта значыць, санкцыі працуюць. Іншы момант: мы бачым рост экспарту ў непадсанкцыйных таварных пазіцыях, напрыклад экспарт харчавання ці электрычнага абсталявання. Мы чуем ад урада і Лукашэнкі, што не трэба адмаўляцца ад еўрапейскіх рынкаў, нягледзячы на варожую палітыку, трэба працягваць гандляваць. Другі момант: зараз шмат ускосных і прамых прыкмет таго, што некаторыя экспартныя патокі ўсё ж такі прасочваюцца, нягледзячы на санкцыі. Напрыклад, па дадзеных аб фінансавым становішчы ў нафтаперапрацоўцы і аб сярэдніх заробках у галіне відаць, што, пачынаючы з лета, сітуацыя на нашых нафтаперапрацоўчых заводах паляпшаецца. Куды ідуць нафтапрадукты, я не магу адказаць. Згодна з еўрапейскай статыстыкай, ЕС у Беларусі нафтапрадукты не купляе. Але, нават калі б так было, яны прадаваліся б пад маркай іншай краіны. Мы бачым, што ёсць ужо дамоўленасці з Расіяй, якія дазволяць ажыццяўляць транзіт беларускага калію, і хутчэй за ўсё ўдасца сёлета 3-4 мільёны тон калію пераправіць праз расійскія парты. Гэта ад чвэрці да трэці звыклага аб’ёму, гэта ўсё яшчэ вельмі мала, але значна больш за нуль.

Фінансавыя санкцыі зрабілі немагчымым правядзенне плацяжоў па знешнім доўгу. Мінфін прыняў рашэнне выплочваць даўгі ў беларускіх рублях, больш за тое, выплочваць іх на рахунак «Беларусбанка». У сувязі з гэтым рэйтынгавыя агенцтвы аб’явілі тэхнічны дэфолт для Беларусі. Гэта, на жаль, будзе мець вельмі вялікія доўгатэрміновыя наступствы для беларускага іміджу і закрывае для нас міжнародныя фінансавыя рынкі, незалежна ад санкцый, надоўга.

Comments are closed.