Loading

У аўторак стала вядома, што кіраўнік беларускай праваслаўнай царквы  мітрапаліт Веніямін, узнагародзіў начальніка адной з калоній, дзе ўтрымліваюцца палітвязні. Архіерэйскімі граматамі Барысаўскай епархіі  ўзнагароджаныя начальнік калоніі, палкоўнік Юрый Васілевіч і камандзір 740-га зенітнага ракетнага палка палкоўнік Андрэй Сарока.

Крыніца: t.me/christianvision

Навіна аб узнагароджанні была апублікавана тэлеграм-каналам «Хрысціянская візія». Айцец Вячаслаў Кучук лічыць гэтую падзею крывадушнасцю з боку кіраўніка так званай Беларускай праваслаўнай царквы. З аднаго боку, ён наведвае палітвязняў, але ў той жа час узнагароджвае чалавека, які гэтых палітвязняў мучыць.

«Нармальнаму чалавеку са здаровай псіхікай цяжка ўспрымаць, што начальнік калоніі, ў якой фактычна катуюць палітвязняў, атрымаў хрысціянскую царкоўную праваслаўную грамату».

У цэнтры айцец Вячаслаў Кучук.

Пры гэтым, як адзначае айцец Вячаслаў, не варта забываць, што на постсавецкай прасторы царква застаецца вельмі цесна звязана з уладамі і выкарыстоўваецца як інструмент кантролю над вернікамі, таму, на думку святара, дзеянні прадстаўнікоў БПЦ, магчыма, і з’яўляюцца шчырымі, але дакладна не спалучаюцца з тым, чаму вучыць хрысціянская вера.

«Калі мы бачым, што яны пабудавалі ледзь не самую вялікую царкоўную імперыю, як кажуць, у былым саюзе, і частку грошай выкарыстоўваюць для падтрымкі вайны Расіі, ну, у мяне ўзнікаюць сумневы, што гэта сапраўды ідзе ад Бога».

Немагчыма тут абысці і тэму ўплыву расійскай царквы на беларускую. Айцец Вячаслаў адзначае, што нібыта беларускі мітрапаліт Веніямін робіць для Беларусі менш, чым рабілі былыя прадстаяцелі БПЦ. Фактычна, зазначае святар, беларуская праваслаўная царква ператварылася ў філіял РПЦ МП. Адным з самых яскравых прыкладаў такога ўплыву з’яўляецца Свята-Елізавецінскі манастыр, які адкрыта падтрымлівае расійскую ўзброеную агрэсію супраць Украіны.

«Гэта (рэд.: узгадванне расійскіх святых падчас царкоўных службаў) ідзе ў рэчышчы курса, які праводзіць так званая БПЦ, Беларуская праваслаўная Царква. Па факце, асобнай царквой я яе назваць не магу, таму што самастойнай палітыкі яна фактычна не вядзе. Гэта — філія РПЦ маскоўскага патрыярхату».

Нягледзячы на відавочна антыбеларускую дзейнасць многіх святароў БПЦ, накіраваную на распальванне нянавісці, на думку айца Вячаслава, гэта наўрад ці можа прывесці да расколу ў беларускім грамадстве. Сапраўды, беларускія вернікі не атрымліваюць усёй інфармацыі, тым не менш, праўды не схаваць, і некаторыя ўжо пачынаюць сумняваюцца ў мэтах і метадах БПЦ. Айцец Вячаслаў заклікае звярнуць увагу на досвед Украіны і звярнуцца да нацыянальнай царквы. Ён перакананы, што спробы стварыць аўтакефальную беларускую царкву за мяжой не такія эфектыўныя. Такая ініцыятыва павінна зыходзіць менавіта ад вернікаў унутры Беларусі.

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.