Loading

Альбом Аляксандра Ясінскага «Hlybini» надрукаваў Riverboat Records. Лэйбл з’яўляецца часткай World Music Network – аўтарытэтнага выдавецтва, якое папулярызуе world-music, фолк і эксперыментальную музыку. Беларускія артысты друкуюцца на такім узроўні нячаста – тым больш з дэбютнымі сольнымі запісамі. 

Аўтар вокладкі альбома – Алесь Кот-Зайцаў.

«У альбоме, над якім я працаваў некалькі гадоў, – кажа Аляксандр Ясінскі, – мне хацелася паказаць свой інструмент у нетыповым кантэксце, напрыклад запісаць у адной з кампазіцый сто партый баяна. У той жа час важным было захаваць беларускі глыбінны корань, стварыць музыку, якая і здзіўляе, і кранае адначасова. Эксперыментальнасць у ім прысутная, але як частка шырокага палатна, дзе знайшлося месца і драйву, і спакою, і драме, і гульні».

Аўтар фота: Patrick Marek.

«Hlybini» гэта 10 кампазіцый, аб’яднаных філасофскім вайбам падарожжаў: праз розныя сусветы рэальнасці і фантазіі, праз Беларусь і іншыя краіны, праз навальніцу і цішыню, святло і цемру, трагедыю і шчасце. 

Да запісу альбома далучыліся сусветна знакамітыя рок-музыканты – шведскі гітарыст Ройнэ Столт і бубнач нямецкага паходжання Марк Мінеман. У падтрымку рэліза беларускі музыка і мастак Андрусь Такінданг зрабіў на «гасцявы» трэк анімаваны відаэакліп. 

«Мне было 8 гадоў, калі я пачаў іграць на акардэоне, і з таго часу я правёў тысячы гадзін са сваім інструментам. Практыкаванні, рэпетыцыі, выкананне і запіс. Я заўсёды імкнуўся выказаць праз музыку наша багатае і рознае жыццё. Часам атрымлівалася, а часам і не, але я заўсёды стараўся выкладвацца як мага лепш, аддавацца гуку і тым, хто прыходзіць на мае канцэрты»,

– звяртаецца да слухачоў свайго першага сольнага альбома Аляксандр Ясінскі. З 2011 года беларус жыве і працуе ў Празе. 

Паслухаць кружэлку беларускага баяніста можна на стрымінгавых пляцоўках. Таксама замовіць  сабе дыск Аляксандра Ясінскага могуць слухачы з усяго свету.

 

 

 

Comments are closed.