Loading

Мэта праекта сабраць на адной платформе лепшыя адукацыйныя практыкі і прапановы па развіцці беларускай школы, даць магчымасць рэалізавацца тым настаўнікам, якія ў Беларусі патрапілі пад рэпрэсіі, а беларускім школьнікам прапанаваць далучацца да роднай мовы, культуры і літаратуры з любога кутка свету. Падтрымалі праект Еўрапейская камісія, Офіс Святланы Ціханоўскай, Беларуская рада культуры і кансорцыум «ЕўраБеларусь».

«Ад задумы да рэалізацыі праекта прайшоў год», – кажа дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова. Мільён еўра на адукацыю прадаставіла Еўракамісія. Гэтыя сродкі плануюць накіраваць на падтрымку творчых ідэй педагогаў: стварэнне лабараторый, анлайн курсы, падкасты, нядзельныя школы, хакатоны, летнія лагеры. Ухіл будзе зроблены на беларускі кантэнт.

«Гэты праект так далікатна, без ціску і без прымусу будзе прасоўваць беларускую мову. Дасць магчымасць беларускім дзеткам, якія знаходзяцца ў вымушанай эміграцыі, падтрымліваць сувязь з беларускай культурай. Тэмы самыя розныя: мастацтва, літаратура, гісторыя, грамадства. Прадугледжаны і розныя фарматы, гэта могуць быць і сустрэчы з нашымі мастакамі, паэтамі, прадстаўнікамі культуры. Напрыклад, Альгерд Бахарэвіч, можа старшакласнікам расказаць пра свой новы раман, а пасля арганізаваць яго абмеркаванне з пытаннямі і адказамі.

Таксама праект дасць добрую магчымасць для самарэалізацыі тым настаўнікам, якія патрапілі пад рэпрэсіі ў Беларусі. Прычым гэта і тыя, хто да гэтага часу застаецца ўнутры краны. У гэтым унікальнасць праекта. Яго мэтавая група – не толькі людзі, якія знаходзяцца за мяжой, але і тыя, хто застаўся ў Беларусі. Гэта тычыцца школьнікаў, экспертаў і педагогаў».

З кантэнтам праекту будзе дапамагаць Беларуская рада культура. Яе кіраўнік Сяргей Будкін адзначыў: ужо зараз ёсць нямала ініцыятыў, створаных адмыслова для дзяцей, а гэты праект дазволіць аб’яднаць культуру і адукацыю.

«Ёсць шмат людзей, якія робяць унікальны кантэнт, унікальныя прадукты для дзетак, я асабіста ведаю дзясяткі такіх чалавек, і калі яны захочуць падзяліцца сваім досведам у фармаце такіх лекцый-заняткаў, гэта будзе проста выдатна. Такое нарошчванне нефармальнай адукацыі можа выліцца ў сапраўдныя падручнікі, у сапраўдныя школьныя заняткі ўжо ў Новай Беларусі».

Ацаніць адукацыйны патэнцыял «Васьмінога» беларускія школьнікі змогуць хутчэй за ўсе бліжэй да новага навучальнага года. Пакуль жа праект чакае ініцыятыўных дарослых: хутка будзе абвешчаны прыём заявак. Падтрымаць плануецца 40 праектаў, максімальная сума гранта – 60 тысяч еўра. «Бацькам таксама варта падрыхтавацца», – адзначае кіраўнік праекта Аляксей Канстанцінаў.

«Бацькі – асноўныя ўдзельнікі адукацыйнага працэсу. Ад іх залежыць практычна ўсе. Для нас гэта адна з асноўных мэтавых груп, з якой мы будзе актыўна працаваць. У іх зараз больш за ўсё праблем, праблемы ўнутры Беларусі і за мяжой, таму ім трэба дапамагаць. У нас будзе цэлы «бацькоўскі сход» на платформе, да прыкладу плануецца псіхалагічная падтрымка, дыяспары будуць дзяліцца вопытам, дапамагаць адно аднаму ў доступе дзяцей да якаснай адукацыі».

Пакуль Васьміног разлічаны на два гады, але ў ідэале праект павінен закласці падмурак беларускай школы новага пакалення, той, якая з’явіцца пасля краху «саўковага» рэжыму ў Беларусі. Па словах Таццяны Шчытцовай, цяперашнюю школьную адукацыю рэфармаваць будзе не проста цяжка, там трэба ўсе ствараць па-новаму.

«Сучасная сістэма адукацыі Беларусі з’яўляецца спадкаемцай савецкай сістэмы адукацыі, а менавіта аўтарытарнага падыходу ў камунікацыі з дзеткамі і ў выкладанні. Гэта такая мадэль камунікацыі, якая дазваляе дзецям толькі пасіўна засвоіць веды, а нам патрэбна такая сістэма і такая метадалогія, якая будзе спрыяць развіццю інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу кожнага школьніка і кожнай школьніцы. І ў гэтым сэнсе, беларуская школа патрабуе не проста рэфармавання, трэба, як спявае Лявон Вольскі «ламаць сістэму».

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.